Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лірыка фронту


Бэнээфавец. Гэта слова, як са сталі... Ці як з агню. Ды, на жаль, яго, радзімага, у беларускіх слоўніках пакуль што не відаць — а знайсьці яму там нейкі прытулак даўно пара. Заслужыла. Напэўна, паводле ўжыванасьці яно ўсё яшчэ апераджае такія ўсімі прызнаныя слоўцы, як «канвэкцыя», «пуансон» і «прышліфоўваньне» — хаця апошнім часам прыкметна здало свае некалі моцныя пазыцыі.

Беларусь — адна з тых краін, якія некалі, не здагадваючыся пра будучы небывалы росквіт РБ, крытыкаваў неабачлівы Канфуцый: тут імёны почасту значаць зусім ня тое, што мусяць. У Беларусі можна быць далёкім ад усіх палітычных партый, наагул не цікавіцца палітыкай і ня мець аніякіх сымпатый ні да аднаго БНФ, ні да другога — і тым ня менш лічыцца самым сапраўдным бэнээфаўцам. Ніякія апраўданьні і тлумачэньні не прымаюцца, пратэсты адхіляюцца, спробы дыстанцыявацца ад любых народных і антынародных франтоў натыкаюцца на яшчэ больш моцныя падазрэньні: мала таго, што бэнээфавец, дык яшчэ і саромеецца. Ці баіцца?.. Ня бойся, хлопча, мы ўжо звыкліся. У кожнага свая праца. Каму ля станка гарбаціцца, каму ў кабінэце сядзець, каму на беларускам разгаварываць і ўласьць ругаць... Каму садзіць: і першых, і другіх, і трэціх. Кожных за сваё.

Аўтару гэтых радкоў за апошнія дваццаць гадоў так часта даводзілася бываць у шкуры бэнээфаўца, што ён ужо неяк звыкся. Ну добра, бэнээфавец. Абы вы здаровенькія былі. Праўда, са здароўем у тых, хто дзеліць людзей на бэнээфаўцаў і не, раней заўжды былі праблемы. Колькі інфарктаў, інсультаў, прыступаў стэнакардыі і запораў выклікала ў дзевяностых сузіраньне ў якім-небудзь грамадзкім месцы жывога бэнээфаўца!.. Цяпер, здаецца, стала паспакайней. Хаця «бэнээфаўцаў» навокал у параўнаньні зь дзевяностымі значна паболела. Мо таму і суцішыліся жарсьці... Ці здарылася неверагоднае, і народ пачаў нарэшце разьбірацца — як разьбіраецца ў грыбах: хто бэнээфавец, хто «сведаміт», хто багема, а хто гранты адпрацоўвае?

А пачыналася ўсё так прыгожа. 19 кастрычніка 1988 году ў менскім кінакасьцёле... то бок у Доме кіно, які да таго быў касьцёлам і потым зноў ім зрабіўся, адбываўся ўстаноўчы сход Таварыства памяці ахвяраў сталінізму «Мартыралёг Беларусі». Які ператварыўся ў арганізацыйны сход па стварэньні яго самага — Беларускага народнага фронту. Быкаў. Пазьняк. Танк. Дзясяткі іншых людзей-легендаў. Ажно страшна — страшна прыемна! — робіцца, што некаторых зь іх усё яшчэ можна пабачыць жыўцом і нават — пры жаданьні — атрымаць ад іх віртуальную аплявуху.

Тады за словам «бэнээфавец» стаяла сіла. Не тупая сіла ўлады, а сіла духу. Вось жа патасна, а? Цьху. Але гэта цяпер са словаў «сіла духу» можна пасьмяяцца: як жа ж, іранічнаму і радаснаму пакаленьню дух падаецца занадта ірацыянальным, і сіла цяпер у слабасьці; а тады безь яго было ня выжыць. Гэта адчувалася ў самім паветры, якое «сьвядомыя» беларусы неабачліва дзялілі з «камуністамі і акупантамі». Тады ня ведаць, што гэта такое: Фронт (фронт-фронт-фронт!), было немагчыма, бо за некалькі гадоў ён ператварыўся ў, бадай, самы ўплывовы рух у краіне. І гэта прызнавалі нават ворагі.

Што такое цяперашнія БНФы, не зусім ясна. Можа, і надалей сіла. Толькі ведаць пра іх ужо не абавязкова. Паветра поўніцца іншым. Музыкай, напрыклад. Маркотнай музыкай паўраспаду. Рабі, што мусіш, і будзь, што будзе — не бэнээфаўскі лёзунг. А значок вось застаўся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG