Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганна Соўсь пра дыктатара пад купалам


Днямі споўнілася 66 гадоў амэрыканскаму пісьменьніку Стывену Кінгу, аднаму з найбольш чытаных, прадаваных і экранізаваных аўтараў у сьвеце.

Шчыра прызнаюся, люблю чытаць Кінга, а яшчэ больш глядзець якасныя экранізацыі яго твораў. Маю на кніжнай палічцы больш за дзесяць ягоных тамоў, а са зьяўленьнем букрыдэра – дзясяткі ягоных твораў у сваім кіндле.

Адзін з апошніх раманаў «Пад купалам» (Under the Dome), над якім Кінг працаваў некалькі дзесяцігодзьдзяў, я б назвала ўнівэрсальнай мадэльлю нараджэньня, функцыянаваньня і разбурэньня дыктатарскага рэжыму, а таксама ўзорам безвыніковых спробаў звонку разбурыць гэты рэжым.

Так прачытала кінгаўскі «Пад купалам» я. Для іншых чытачоў сюжэт раману можа інтэрпрэтавацца інакш. Кінг прапануе шматузроўневы, псыхалягічны, паўфантастычны, апакаліптычны раман, густа населены пэрсанажамі, сюжэтнымі лініямі, псыхалягічнымі фабуламі.

Маленькі гарадок Чэстэр Міл адрэзаны ад навакольнага сьвету празрыстым купалам незразумелага паходжаньня, купал немагчыма разбурыць ані ядзернымі ракетамі, ані звышмоцнай кіслатой. Жыхары гораду пачынаюць жыць сваім уласным жыцьцём па-за Канстытуцыяй, судамі і законамі краіны, якая засталася за Купалам.

У маленькім гарадку адразу ж зьяўляецца свой дыктатар – член гарадзкога савету Рэні, які ўмацоўвае сваю ўладу праз стварэньне сваіх уласных спэцслужбаў, набіраючы ў іх людзей без адукацыі, вопыту працы, маральных прынцыпаў, паводле толькі аднаго крытэру – адданасьці кіраўніку і гатоўнасьці выканаць любы загад.

Дыктатар надае вялікія паўнамоцтвы свайму сыну-псыхапату і забойцу. Першыя ж крокі дыктатара пад Купалам – спаленьне рэдакцыі незалежнай мясцовай газэты, імітацыя непарадкаў каля супэрмаркету, вынікам чаго становіцца дазвол паліцыі на выкарыстаньне зброі і адвольныя арышты, забойства апанэнтаў, якія ведаюць пра махінацыі галоўнага выбарнага.

Людзі па-за Купалам спрабуюць прывесьці да ўлады новага кіраўніка гораду, але бяз плёну, і ў выніку пачынаюць перамовы з дыктатарам Рэні, паколькі той трымае сытуацыю ў горадзе пад кантролем...

Праўда, шмат паралеляў напрошваецца... Перакананая, Стывен Кінг, працуючы на гэтым раманам, абсалютна ня думаў пра Беларусь. І навошта? Усе дыктатары ў нечым падобныя, і ў тым, як яны зьяўляюцца, і як на іх спрабуюць узьдзейнічаць звонку, зрэшты многія зь іх і заканчваюць аднолькава.

Як завершыцца лёс дыктатара з раману Стывена Кінга, я не буду расказваць. Гэта ВАРТА прачытаць.

***

А вось глядзець экранізацыю раману ў амэрыканскім сэрыяле «Пад Купалам», на маю думку, НЯ ВАРТА. Паколькі аўтары сэрыялу пакінулі ад Стывена Кінга толькі Купал, а характары пэрсанажаў, усе жорсткія моманты і нават сюжэт перарабілі. У выніку атрымаліся прыгожыя спэцэфэкты з Купалам, але там адсутнічае нэрв, талент, слова і жах Стывена Кінга, якія ўвасаблялі такія экранізацыі, як «Зьзяньне», «Зялёная міля», «Кэры», «Уцёкі з Шаўшэнку», «Мізэры» і «Могілкі хатніх жывёлін»...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG