Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францускія дэмографы: У 2050 годзе беларусаў будзе 8 мільёнаў


У 2050 годзе насельніцтва сьвету вырасьце да 9,7 мільярда зь цяперашняга ліку 7,1 мільярда чалавек.

Гэтак вынікае з найноўшага дакладу Францускага інстытуту дэмаграфічных дасьледаваньняў, які публікуе свае дэмаграфічныя прагнозы для сьвету праз кожныя два гады.

Паводле францускіх дасьледчыкаў, калі браць пад увагу кантынэнты, дык да 2050 году найхутчэй вырасьце насельніцтва Афрыкі — да 2,5 мільярда зь цяперашняга ўзроўню 1,1 мільярда чалавек. Паводле дакладу, цяперашні каэфіцыент нараджальнасьці ў Афрыцы — 4,8 дзіцяці на адну жанчыну — вышэйшы ў 2,5 разы за сярэдні сусьветны паказальнік.

У 2050 годзе Індыя, у якой цяпер жыве 1,2 мільярда чалавек, з прагназаванай колькасьцю насельніцтва ў 1,6 мільярда апярэдзіць Кітай (у Кітаі зараз 1,3 мільярда чалавек і гэткі ўзровень, на думку францускага інстытуту, застанецца і ў 2050 годзе).

У ацэнцы колькасьці насельніцтва ў паасобных краінах сьвету праз 37 гадоў францускія дэмографы бралі пад увагу такія чыньнікі, як тэрыторыя краіны і цяперашняя колькасьць яе насельніцтва, дынаміка нараджальнасьці і сьмяротнасьці, каэфіцыент нараджальнасьці, узроставая структура насельніцтва, валавы ўнутраны прадукт на душу насельніцтва, адсотак насельніцтва заражанага вірусам СНІД.

Паводле прагнозу Францускага інстытуту дэмаграфічных дасьледаваньняў, цяперашняя колькасьць насельніцтва Беларусі паменшыцца да 2050 году на 1,5 мільёна чалавек, да 8 мільёнаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG