Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бранзалеты не дапамагаюць ад артрыту


Як паказала дасьледаваньне, праведзенае ў Ёркскім унівэрсытэце ў Вялікабрытаніі, мядзяныя бранзалеты і рамяні з магнітамі, надзетыя на запясьце, ня маюць рэальнага ўзьдзеяньня на боль, ацёкі і прагрэс хваробы пры рэўматоідным артрыце. Вынікі дасьледаваньня апублікаваныя ў часопісе PLoS One.


Людзі, якія пакутуюць на рэўматоідны артрыт, часта выкарыстоўваюць магнітную тэрапію пры хранічным болі: паводле прыблізных ацэнак, ва ўсім сьвеце гадавы аб’ём продажаў такіх прыладаў перавышае адзін мільярд даляраў.

Для вывучэньня ўплыву мядзяных і магнітных бранзалетаў на рэўматоідны артрыт 70 пацыентам з выяўленымі сымптомамі захворваньня было прапанавана насіць 4 розныя прылады на працягу 5 месяцаў, рэгулярна паведамляючы аб сваім самаадчуваньні, болях і прыёме лекаў у ходзе экспэрымэнту. Пасьля нашэньня кожнай з прыладаў на працягу пяці тыдняў удзельнікі дасьледаваньня здавалі аналіз крыві для таго, каб навукоўцы маглі ўбачыць зьмены ў ступені запаленьня.

У выніку было выяўлена, што стандартныя магнітныя і мядзяныя бранзалеты ня маюць ніякага значнага тэрапэўтычнага эфэкту. Аўтар дасьледаваньня доктар Ст’юарт Рычманд мяркуе, што існуюць дзьве асноўныя прычыны, па якіх пацыенты, якія пакутуюць на рэўматоідны артрыт, часам паведамляюць аб эфэктыўнасьці мядзяных і магнітных бранзалетаў: «Па-першае, такія прылады забясьпечваюць эфэкт плацэба для тых, хто верыць у іх дзеяньне, па-другое, людзі звычайна пачынаюць насіць іх у пэрыяд актыўнага запаленьня, а затым, калі сымптомы захворваньня слабеюць натуральным чынам, яны прымаюць гэта за тэрапэўтычны эфэкт».

Людзям, якія пакутуюць на рэўматоідны артрыт, лепш зэканоміць свае грошы ці расходаваць іх на іншыя дадатковыя меры, напрыклад, на рыбін тлушч, які мае значна больш пераканаўчыя доказы сваёй эфэктыўнасьці пры гэтым захворваньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG