Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзіслаў Баўмгертнэр
Уладзіслаў Баўмгертнэр

Контранаступ Менску ў «калійнай вайне»

Сьледчы камітэт паведаміў пра арышт генэральнага дырэктара «Ўралкалія», старшыні Назіральнага савета ЗАТ «Беларускай калійнай кампаніі» Ўладзіслава Баўмгертнэра.

Уладзіслаў Баўмгертнэр cкончыў Уральскі тэхнічны ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «электрычныя станцыі», дыплямаваны спэцыяліст Кінгстанскай школы бізнэсу (Вялікабрытанія). Будаваў кар’еру ў міжнароднай кампаніі АВВ. Апошнія дзесяць гадоў Баўмгертнэр працаваў на «Уралкалій» (зь перапынкам на працу ў «Сільвініце»). Спачатку быў там камэрцыйным дырэктарам, пасьля — прэзыдэнтам і сябрам рады дырэктароў, ад 2011 — генэральны дырэктар. Быў гендырэктарам «Сільвініта», які пазьней зьліўся з «Уралкаліям».
20:53 26.8.2013

«Уралкалій» абвяргае Траульку


Кампанія «Ўралкалій» выступіла з кароткай заявай з нагоды арышту ў Менску яе гендырэктара Ўладзіслава Баўмгертнэра:

«ААТ „Уралкалій“ пацьвярджае, што 26 жніўня 2013 гендырэктар і сябра рады дырэктараў ААТ „Уралкалій“ Уладзіслаў Баўмгертнэр быў затрыманы ў Менску (Беларусь) у рамках сьледчых захадаў, якія праводзяцца беларускімі ўладамі.

Кампанія абвяргае заявы аб неправамерных дзеяньнях з боку спадара Баўмгертнэра або мэнэджмэнту ААТ „Уралкалій“».
20:52 26.8.2013

Сьледчы камітэт: Баумгертнэр скраў 100 мільёнаў даляраў


Сьледчы камітэт Беларусі ацаніў шкоду ад дзеяньняў Баумгертнэра і ягоных паплечнікаў у рамках Беларускай калійнай кампаніі. Камітэт разглядае пытаньне пра магчымасьць прыняцьця рашэньня аб арышце маёмасьці і актываў «Уралкалія».

Пра гэта паведаміў начальнік аддзела інфармацыі і сувязяў з грамадзкасьцю СК Павал Траулька:

«Па меры ацэнкі атрыманых дакумэнтаў сьледзтвам будзе прынятае рашэньне аб арышце маёмасьці і актываў кампаніі «Ўралкалій», у тым ліку і за мяжой. Памер крадзяжу і шкоды, ва ўчыненьні якіх падазраюцца службовыя асобы"Ўралкалія", у дачыненьні да якіх распачатая крымінальная справа, складае каля 100 мільёнаў даляраў. Акрамя таго, будзе прызначаная і праведзеная рэвізія фінансава-эканамічнай дзейнасьці Беларускай калійнай кампаніі", заявіў Траулька агенцтву Інтэрфакс.
20:26 26.8.2013

Калінкіна «Менск хоча ўцягнуць у калійны канфлікт вышэйшае расейскае кіраўніцтва»


Чаго больш — палітыкі альбо эканомікі — у сытуацыі вакол затрыманьня ў Менску гендырэктара «Ўралкалія»? Чаму Аляксандар Лукашэнка ідзе на абвастрэньне сытуацыі ў калійнай вайне, на якую рэакцыю Масквы разьлічвае беларускі кіраўнік?

На гэтыя пытаньні ў «Бліц-аналізе» адказвае шэф-рэдактар газэты «Народная воля» Сьвятлана Калінкіна
18:14 26.8.2013

Расейскі ўрад назваў арышт Баўмгертнэра «неадэкватным»


Першы віцэ-прэм’ер Ігар Шувалаў назваў недапушчальнымі дзеяньні беларускіх праваахоўных органаў, якія затрымалі ў Менску кіраўніка «Ўралкалія» Ўладзіслава Баўмгертнэра пасьля ягонай сустрэчы з кіраўніком ураду Беларусі.

«Тое, што адбылося сёньня, ня ўлазіць ні ў якія рамкі. Мы лічым, што гэта вельмі дзіўная сытуацыя, маючы на ўвазе характар нашых узаемаадносін», — сказаў Шувалаў у панядзелак журналістам.

Як падкрэсьліў першы віцэ-прэм’ер, «гэта, вядома, вельмі дзіўна, неадэкватна і не па-партнэрску».

Шувалаў паведаміў, што далажыў пра гэтую сытуацыю прэм’еру РФ Дзьмітрыю Мядзведзеву, і той даў на гэты конт «усе неабходныя ўказаньні»:

«Працуюць усе зацікаўленыя ведамствы, у тым ліку МЗС Расеі», — адзначыў першы віцэ-прэм’ер ураду Расеі.
16:57 26.8.2013

Пасольства Расеі хоча сустрэчы з Баўмгертнэрам


Пасольства Расеі накіравала ў беларускі МЗС ноту з просьбай аб сустрэчы з затрыманым у Менску кіраўніком «Уралкалія» Ўладзіславам Баўмгертнэрам.

«Мы падрыхтавалі і накіравалі ў МЗС Беларусі ноту з просьбай аб сустрэчы консульскіх работнікаў з затрыманым у Менску грамадзянінам Расеі Ўладзіславам Баўмгертнэрам», — паведаміў дарадца расейскага пасольства ў Менску Ўладзімір Марчукоў.

«Нота ў беларускі МЗС адпраўлена па факсе. Па-першае, для таго, каб нас афіцыйна апавясьцілі аб дадзеным факце, які меў месца. А па-другое, з тым, каб далі магчымасьць консульскім супрацоўнікам пасольства сустрэцца з затрыманым», — сказаў Марчукоў.

Пры гэтым прадстаўнік пасольства Расеі ў Беларусі падкрэсьліў, што «афіцыйна пасольства ніхто не інфармаваў аб тым, што затрыманы грамадзянін Расеі Ўладзіслаў Баўмгертнэр».
16:46 26.8.2013
Чалы: Палітыку «Ўралкалія» гэты арышт ня зьменіць
Сяргей Чалы
Сяргей Чалы

Эканаміст Сяргей Чалы зазначыў Свабодзе: яму мала верыцца, што гэта было зроблена без папярэдняга праліку.

«Відаць, яго выклікалі сюды да Мясьніковіча, і ўжо па выніках перамоваў прымалі рашэньне аб арышце. Усё вельмі сур’ёзна. Вельмі скандальная сытуацыя, рашэньне аб якой прымалася на самым высокім узроўні. Мала верыцца, што гэта было без папярэдняга плянаваньня, праліку наступстваў».

Спадар Чалы не выключае, што ёсьць пытаньні да дзейнасьці расейскіх кіраўнікоў Беларускай калійнай кампаніі.

«Насамрэч тут ёсьць і вялікая прававая калізія, бо не прапісаная працэдура „разводу“ ўдзельнікаў Беларускай калійнай кампаніі. Пытаньняў шмат, справа можа зацягнуцца, калі пойдзе ў фармальным кірунку, альбо хутка завяршыцца, калі падключацца дыпляматычныя каналы. Палітыку ж „Уралкалія“ гэты арышт ня зьменіць, эканамічна гэта нічога ня зьменіць».
16:30 26.8.2013
Аляксей Кароль: У Лукашэнкі здалі нэрвы
Аляксей Кароль
Аляксей Кароль

Менскі палітоляг Аляксей Кароль перакананы, што загад на арышт кіраўніка «Ўралкалія» аддаваў ніхто іншы, як асабіста Лукашэнка.

Спадар Кароль перакананы, што ўсе апошнія падзеі вакол «Уралкалія» і «Беларуськалія» ініцыяваліся не кіраўніцтвам гэтых кампаніяў, а былі выкліканыя палітычнымі рашэньнямі на самых вярхах.

«І таму адказ арыштам у Беларусі кіраўніка „Ўралкалія“ быў санкцыянаваны Аляксандрам Лукашэнкам, гэта было зроблена па яго камандзе. Гэта вельмі сур’ёзны крок — арышт аднаго з расейскіх топ-мэнэджэраў. Ён, безумоўна, выкліча рэзкую рэакцыю з боку Расеі.

Дасягнуць сваёй мэты Лукашэнка ня зможа. Гэты арышт — сьведчаньне, што ў беларускага кіраўніцтва здаюць нэрвы і што ў Беларусі катастрафічны стан эканомікі, выйсьця зь якога нармальнымі мэтадамі ўрад ня бачыць».

Аляксей Кароль кажа: раней Пуцін дэманстраваў, што Лукашэнка яго задавальняе, але гэтым разам расейскі кіраўнік можа сарвацца і далей не перашкаджаць падзеям у Беларусі, накіраваным на зьмену прэзыдэнта.
16:27 26.8.2013

Баўмгертнэра запрасілі на перамовы да Мясьніковіча і арыштавалі


Гендырэктар ААТ «Уралкалій» Уладзіслаў Баўмгертнэр знаходзіўся ў Беларусі на пісьмовае запрашэньне прэм’ер-міністра краіны, паведаміў Інтэрфаксу начальнік аддзелу сувязяў з грамадзкасьцю «Ўралкалія» Аляксандар Бабінскі.

«Сустрэча з прэм’ер-міністрам адбылася, і пасьля гэтага на вылеце ён быў затрыманы. Мы лічым гэта грубай правакацыяй з боку Менску, мы абураныя тым, што адбываецца».

«Уралкалій» зьвярнуўся ў МЗС і расейскае консульства з просьбай аб садзейнічаньні ў вызваленьні Ўладзіслава Баўмгертнэра.
16:22 26.8.2013

Суздальцаў: Баўмгертнэра ў Менску ўзялі ў закладнікі


Намесьнік дэкана факультэту ўсясьветнай эканомікі і ўсясьветнай палітыкі Вышэйшай школы эканомікі ў Маскве Андрэй Суздальцаў пракамэнтаваў «Свабодзе» наступствы арышту кіраўніка «Ўралкалія» ў Менску.

Прычыны дзеяньняў афіцыйнага Менску — складаная сытуацыя «Беларуськалія» пасьля таго, як ён страціў такога партнэра, як «Уралкалій». «Беларуськалій» цяпер працуе няпоўны тыдзень, у яго затаварка, балтыйскія тэрміналы па перагрузцы калію не працуюць. Доўг яго перад банкамі складае мільярд даляраў, стаіць пытаньне аб тым, што яму патрэбная падтрымка дзяржавы. Наступствы вельмі цяжкія. Па ўскосных прыкметах зразумела, што гэтым пытаньнем заняўся КДБ.

«Беларускае кіраўніцтва адрэагавала ў сваім духу — узяцьцем закладнікаў. Арышт Баўмгертнэра — гэта ўзяцьце закладніка, цяпер на яго вешаюць вельмі дзіўнае абвінавачаньне ў перавышэньні паўнамоцтваў. З тым жа посьпехам Менск мог бы арыштаваць кіраўніцтва „Джэнэрал Мотарз“, „Майкрасофта“, „Эппл“... Гэта фэнамэнальнае новаўвядзеньне ў беларускае палітычнае жыцьцё, якое ставіць поўны крыж на нейкіх інвэстыцыях у краіну».

Андрэй Суздальцаў мяркуе, што Менск хоча цяпер пагандляваць захопленым у закладнікі расейскім топ-мэнэджарам.

«Гэта лёгіка турэмшчыкаў, людзей, якія іншага ня ведаюць».

Суздальцаў прагназуе, што рэакцыя Масквы, хутчэй за ўсё, будзе вельмі жорсткая:

«Лукашэнка гэтага чакае. Потым ён распачне гістэрыку, што, маўляў, гэта ціск на сувэрэнітэт, што гэта наша права — хапаць людзей на сваёй тэрыторыі. Ён чакае дыялёгу, ён хоча, каб зь ім таргаваліся».
16:16 26.8.2013
Камэнтуючы сытуацыю вакол калійнага супрацоўніцтва Беларусі і Расеі ў інтэрвію БЕЛТА, прэс-сакратар Следчага камітэта Павал Траулька заявіў:

«Толькі вельмі наіўны чалавек можа паверыць у тое, што дэманстратыўны разрыў зь беларускім бокам стаўся эмацыйным жэстам расейцаў, нібыта пакрыўджаных на партнэраў. Насамрэч усё было сплянавана даўно і, трэба прызнаць, сплянавана даволі вытанчана, хоць і подла».

Паводле Траулькі, сёньня нават неспэцыялісту відавочна — дзеяньні «Ўралкалія» сталіся землятрусам для ўсясьветнага калійнага рынку.

«Сьледчы камітэт, натуральна, турбуюць перш за ўсё злачынствы супраць нашых суб’ектаў гаспадараньня і дзеяньні, якія нанесьлі шкоду беларускаму народу. Менавіта па гэтых канкрэтных фактах распачатыя і расьсьледуюцца адпаведныя крымінальныя справы».

Траулька дадаў, што падчас расьсьледаваньня ў распараджэньне беларускіх праваахоўных органаў трапіла шмат іншых фактаў пра «сумнеўныя дзеяньні абвінавачаных топ-мэнэджэраў, ня толькі супраць беларусаў, але і супраць расейскіх банкаў, кітайскіх фінансавых структураў і многіх іншых замежных партнэраў».

«Частка дадзеных, якія мае сьледзтва, пралівае сьвятло і на варожыя пляны мэнэджмэнту „Ўралкалія“ ў дачыненьні да ізраільскіх, нямецкіх і канадзкіх вытворцаў калію. Прычым папярэдняя ацэнка дадзеных матэрыялаў паказвае, што гаворка ідзе не пра нармальную канкурэнтную барацьбу, якая вядзецца ў рамках закону, а пра супрацьпраўныя пляны, ад якіх за вярсту цягне маштабным афэрызмам і міжнародным рэйдэрствам. Прывяду толькі адзін факт — сцэнар таго, што адбылося цяпер, быў распрацаваны фігурантамі справы яшчэ ў 2011 годзе. Ужо тады вынікам сваіх дзеяньняў яны прагназавалі абвал усясьветнага калійнага рынку і рыхтавалі ўмовы для атрыманьня максымальнай выгады для сябе».

Паводле Траулькі, ёсьць усе падставы сьцьвярджаць, што бліжэйшым часам у распараджэньні сьледзтва зьявяцца новыя факты супрацьпраўнай дзейнасьці абвінавачаных.

«На прадмет датычнасьці да супрацьпраўнай дзейнасьці даецца прававая ацэнка дзеяньням і іншых асобаў, у тым ліку аднаго з акцыянэраў „Уралкалія“ Сулеймана Керымава».
15:55 26.8.2013
«Уралкалий» назваў затрыманьне генэральнага дырэктара кампаніі Ўладзіслава Баўмгертнэра грубай правакацыяй з боку Менску. Аб гэтым паведамляе РІА Новости са спасылкай на прадстаўніка кампаніі.

Як адзначыў суразмоўца, Баумгертнэр знаходзіўся ў Менску па запрашэньні ўраду Беларусі. «Уралкалий» ужо зьвярнуўся ў МЗС Расеі і расейскае консульства з просьбай аб спрыяньні ў вызваленьні топ-мэнэджэра.

Затрыманьне Баўмгертнэра выклікала зьдзіўленьне ў кіраўніцтве кампаніі «Беларуськалі», паведамляе «Інтэрфакс». Паводле прадстаўніка «Беларуськалія», на мінулым тыдні, уключаючы выходныя дні, Баўмгертнэр у Беларусь не прыяжджаў, таму незразумела, калі менавіта ён быў затрыманы.
15:53 26.8.2013
Маскоўскі палітоляг, дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш назваў арышт у Менску гендырэктара «Ўралкалія» Ўладзіслава Баўмгэртнэра вельмі дзіўным паваротам у калійных спрэчках Беларусі і Расеі:

«Гэта адкрытае абвяшчэньне вайны. Думаю, што зараз пачнецца нейкі доўгі раўнд торгу. Я думаю, што ў Расеі будуць, мякка кажучы, шчыра зьдзіўленыя, калі ня ў шоку. І вельмі цікава, як далей гэта будзе вырашацца. Лукашэнка пачаў дэманстраваць даволі жорсткі стыль. Раней так бывала, што калі Лукашэнка дэманстраваў жорсткі стыль, то Расея адступала ўбок. Цікава, што будзе гэтым разам», — сказаў Свабодзе Кірыл Коктыш.

У самой кампаніі «Ўралкалій» камэнтаваць сытуацыю з арыштам іхняга генэральнага дырэктара пакуль адмаўляюцца.
15:52 26.8.2013
«Сьледчым камітэтам расьсьледуюцца крымінальныя справы, распачатыя Генпракуратурай паводле часткі 3 артыкула 424 Крымінальнага кодэксу — злоўжываньне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі — адносна службовых асобаў Беларускай калійнай кампаніі. У прыватнасьці, адносна старшыні назіральнай рады Ўладзіслава Баўмгертнэра, сябра назіральнай рады Алега Пятрова, першага намесьніка гендырэктара Канстанціна Саладоўнікава, намесьніка гендырэктара па фінансах Ігара Яўстратава», паведаміў карэспандэнту Свабоды начальнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадзкасьцю Сьледчага камітэта Павал Траўлька.

Паводле прадстаўніка Сьледчага камітэту, Уладзіслава Баўмгертнэра затрымалі ў Менску, але дата затрыманьня не паведамляецца.

Астатнія фігуранты справы абвешчаныя ў вышук, у тым ліку праз Інтэрпол.
15:51 26.8.2013
Інтэрфакс са спасылкай на Сьледчы камітэта паведаміў пра арышт генэральнага дырэктара «Ўралкалія», старшыні Назіральнага савета ЗАТ «Беларускай калійнай кампаніі» Ўладзіслава Баўмгертнера.

У прэсавай службе «Ўралкалія» Свабодзе пацьвердзілі, што ведаюць аб арышце іх генэральнага дырэктара ў Беларусі, але ад далейшых камэнтароў адмовіліся.

Кіраўніку прад’яўленае абвінавачваньне паводле артыкула 424, частка 3 Крымінальнага кодэксу Беларусі — злоўжываньне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі. Мерай стрыманьня абрана заключэньне пад варту.

Артыкул прадугледжвае ад 3 да 10 гадоў пазбаўленьня волі. Дзе зараз знаходзіцца Баумгэртнэр не паведамляецца.

Спадар Баўмгэрнэр зьяўляецца генэральным дырэктарам «Уралкалія». Менавіта ён абвясьціў аб выхадзе Уралкалія з БКК, што стала пачаткам так званай калійнай вайны.

У дачыненьні да яго абраная мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту,
4 супрацоўнікі БКК абвешчаныя ў вышук, у тым ліку і па лініі Інтэрпола.
XS
SM
MD
LG