Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Робэрт Мугабэ сёмы раз стаў прэзыдэнтам Зімбабвэ


Робэрт Мугабэ
Робэрт Мугабэ

Выбарчая камісія Зімбабвэ абвясьціла Робэрта Мугабэ пераможцам прэзыдэнцкіх выбараў. Паводле афіцыйных зьвестак, ён набраў больш за 60% галасоў. Апазыцыя аспрэчвае гэтыя вынікі і заяўляе пра шматлікія парушэньні.

Робэрту Мугабэ 89 гадоў.

Згодна з выбарчай камісіяй, ён атрымаў 61% галасоў, а прэм'ер-міністар Морган Цвангіраі – лідэр апазыцыйнага «Руху за дэмакратычныя перамены» – 34%.

Цвангіраі заявіў аб тым, што і прэзыдэнцкія, і парлямэнцкія выбары мелі шмат парушэньняў, і паабяцаў аспрэчыць іх вынікі ў судзе.

Ён дадаў, што яго «Рух за дэмакратычныя перамены» выходзіць з кааліцыі з ЗАНУ-ПФ, партыяй Мугабэ.

Дзьве галоўныя партыі Зімбабвэ працавалі ў кааліцыі з тых часоў, як вынікі папярэдніх выбараў – у 2008 годзе – выклікалі ўсплёск гвалту па ўсёй краіне.

«Зімбабвэ ў жалобе»


Цяперашнія парлямэнцкія выбары прынеслі «Руху за дэмакратычныя перамены» поўную паразу. Партыя Цвангіраі атрымала толькі 49 месцаў у парлямэнце Зімбабвэ, тады як ЗАНУ-ПФ – 158 месцаў.

Яшчэ да абвяшчэньня афіцыйных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў Морган Цвангіраі даў прэс-канфэрэнцыю, на якой абвясьціў, што «Зімбабвэ знаходзіцца ў жалобе».

«Жульніцкія выбары кінулі Зімбабвэ ў канстытуцыйны, палітычны і эканамічны крызіс», – заявіў ён і паабяцаў прадставіць дасье, у якім будуць паказаныя парушэньні.

Раней кіраўніцтва «Руху за дэмакратычныя перамены» заклікала да кампаніі грамадзянскага непадпарадкаваньня.

Эўрапейскі Зьвяз, які ўвёў санкцыі супраць Робэрта Мугабэ і яго бліжэйшых памочнікаў, выказаў заклапочанасьць з нагоды паведамленьняў аб парушэньнях. Заходнія назіральнікі не былі дапушчаныя да маніторынгу выбараў.

Найбуйнейшае зімбабвійскае аб'яднаньне незалежных назіральнікаў, «Сетка падтрымкі выбараў», заявіла, што каля мільёна грамадзян не змаглі выказаць сваю волю, прычым парушэньні мелі месца ў асноўным у гарадах, дзе моцная падтрымка апазыцыі.

Аднак Афрыканскі Зьвяз і Супольнасьць разьвіцьця поўдня Афрыкі прызналі вынікі выбараў у Зімбабвэ.

Роберт Мугабэ займае пасаду прэзідэнта з 1987 году. У 1980 годзе, калі Зімбабвэ атрымала незалежнасць ад Вялікабрытаніі, ён стаў прэм'ер-міністрам краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG