Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэлігія і палітыка на выходныя: Угодкі хрышчэньня Кіеўскай Русі


Кіраўнікі праваслаўных цэркваў у Маскве
Кіраўнікі праваслаўных цэркваў у Маскве
Кіраўнікі праваслаўных цэркваў з усяго сьвету накіроўваюцца ва ўкраінскую сталіцу, у якой у гэтыя выходныя будзе адзначацца 1025-годзьдзе прыняцьця хрысьціянства Кіеўскай Русьсю.

Не ўсе, аднак, знаходзяцца ў аднолькавым хрысьціянскім настроі.

Некаторыя турбуюцца тым, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін і Патрыярх РПЦ Кірыл могуць ператварыць гэтую сьвяточную нагоду ў яшчэ адну спробу ўзмоцніць уплыў Масквы як на Ўкраіну, так і Беларусь.

«Масква здолела цалкам навязаць свой сцэнар сьвяткаваньня, і ў самым цэнтры падзей будзе прэзыдэнт Пуціна і патрыярх Кірыл, а ўкраінскаму прэзыдэнту і яго людзям адведзена роля статыстаў» — лічыць Віктар Яленскі, кіраўнік Украінскай асацыяцыі рэлігійнай свабоды.

У суботу 27 ліпеня, адмысловым цягніком з Масквы ў Кіеў прыбудуць дэлегацыі ўсіх 15 памесных Праваслаўных цэркваў (дзевяць зь іх будуць прадстаўленыя сваімі кіраўнікамі), а таксама прэзыдэнты Расеі, Малдовы і Сэрбіі. Цягніком з Масквы прыедзе таксама крыж апостала Андрэя Першазванага, які быў дастаўлены адмыслова на гэтае сьвяткаваньне з гораду Патры ў Грэцыі.



У Кіеве іх будзе сустракаць прэзыдэнт Віктар Януковіч. Запрашэньне на кіеўскую частку сьвяткаваньня ўгодкаў хрышчэньня Кіеўскай Русі атрымаў і кіраўнік Беларусі, але выглядае на тое, што Аляксандар Лукашэнка не зьбіраецца туды ехаць.

Акрамя ўдзелу ў адмысловай богаслужбе і наведваньні Пячэрскай лаўры ў Кіеве, Уладзімер Пуцін мае намер правесьці двухбаковыя перамовы са сваім украінскім калегам Віктарам Януковічам. Януковіч спадзяецца падпісаць пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам на саміце ЭЗ і Ўсходняга партнэрства ў Вільні пад канец лістапада сёлета. Гэтае пагадненьне, якое будзе азначаць важны крок на шляху Ўкраіны да сяброўства ў ЭЗ, выклікала глыбокую незадаволенасьць у Маскве.

Украінскі палітычны аналітык Алег Мядзьведзеў кажа, што Пуцін выкарыстае гэтыя выходныя, каб пераканаць Януковіча зьмяніць курс, і будзе змагацца за сваё да канца:

«Нават пасьля таго, як Украіна заключыць пагадненьне з ЭЗ, магчымасьці Расеі будуць далёкія ад вычарпаных. Далей ідзе доўгі і цяжкі працэс, дзе кожнаму з парлямэнтаў краін-сябраў ЭЗ давядзецца ратыфікаваць гэтае пагадненьне. Я ніяк не лічу, што ў гэтыя выходныя Пуціну застаецца апошні шанец — хоць я разумею, безумоўна, што госьці з Расеі ператвораць сьвята Праваслаўя ў нагоду ўславіць Расейскую імпэрыю» — Мядзьведзеў сказаў Свободзе.

Пуцін паклапаціўся перад угодкамі ў Кіеве, каб сьвет дазнаўся, што ён ужо даўно стаў праваслаўным — у нядаўнім дакумэнтальным фільме ён прызнаўся, што быў таемна ахрышчаны ў дзяцінстве ў Ленінградзе.

Магія Пуціна перастане дзейнічаць, як толькі ён перасячэ мяжу Ўкраіны
Некаторыя лічаць, што Пуцін можа таксама выкарыстаць выходныя, каб нагадаць Януковічу аб карысьці ад Мытнага саюзу, у які цяпер уваходзяць Расея, Казахстан і Беларусь і да якога Масква хоча дадаць Кіргізстан і Ўкраіну. Пуцін прыгразіў даць задні ход у афармленьні статусу назіральніка для Кіева ў Мытным саюзе, калі Ўкраіна падпіша дамову аб свабодным гандлі з Эўразьвязам.

Аднак палітычны аналітык Віктар Небажэнка кажа, што ён скептычна ставіцца да магчымасьці Пуціна правесьці сваю лінію падчас юбілейных захадаў у Кіеве:

«У Расеі ўсё працуе на Пуціна. Ён можа лётаць з жураўлямі, плаваць пад вадой у батыскафе, зьняволіць незадаволенага ім блогера і неадкладна вызваліць яго. Ён можа зрабіць аднаго чалавека алігархам, а іншага — жабраком. Але мне здаецца, што магія Пуціна перастане дзейнічаць, як толькі ён перасячэ мяжу Ўкраіны. Нягледзячы на рэлігійны і геапалітычны характару візыту прэзыдэнта Расіі, я думаю, што ягоныя шанцы зьмяніць сытуацыю ў сваю карысьць вельмі невялікія» — заявіў Небажэнка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG