Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эгіпце — новыя сутыкненьні і ахвяры


У Эгіпце працягваецца супрацьстаяньне паміж прыхільнікамі і праціўнікамі зрынутага прэзыдэнта Мухамада Мурсі.

Сёньня ў Каіры загінулі двое прыхільнікаў Мурсі, некалькі чалавек — параненыя. Рух «Браты-мусульмане», ад якога Мурсі балятаваўся на пасаду кіраўніка дзяржавы, сьцьвярджае, што сёньня раніцай паліцыянты ў цывільным адкрылі агонь па ўдзельніках дэманстрацыі ў падтрымку былога прэзыдэнта.

Учора ў сталіцы шэсьць чалавек былі забітыя каля будынка Каірскага ўнівэрсытэту — пры нападзе на ўдзельнікаў маніфэстацыі ў падтрымку Мурсі.

Прынамсі 17 чалавек пацярпелі пры выбуху бомбы ля паліцэйскага ўчастка ў горадзе Эль-Мансур.

Сутыкненьні працягваюцца з 3 ліпеня, калі Мурсі быў адхілены ад улады вайскоўцамі ў сувязі з масавымі антыўрадавымі выступамі. «Браты-мусульмане» заявілі аб гатоўнасьці працягваць акцыі ў падтрымку Мухамада Мурсі да таго часу, пакуль ён не будзе адноўлены на пасадзе.

У панядзелак сваякі Мурсі заявілі пра намер падаць у суд на войска, абвінаваціўшы яго ў выкраданьні зрынутага прэзыдэнта. Месцазнаходжаньне Мурсі невядомае з дня яго адхіленьня ад улады. Вайскоўцы заяўляюць, што экс-прэзыдэнта утрымліваюць у надзейным месцы ў мэтах забесьпячэньня яго бясьпекі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG