Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сельсаветы скасоўваць ня будуць

абноўлена

Прапанова адмяніць выбары ў сельскія саветы адхіленая ўладай.

Пра гэта Свабодзе паведаміў сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік:

«Адбылася вялікая нарада з удзелам прэм’ер-міністра, кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі, іншых высокіх чыноўнікаў. І на ёй губэрнатары дружна выказаліся за тое, каб і на новых мясцовых выбарах пакінуць абраньне дэпутатаў сельскіх саветаў».

Інфармацыя пра ліквідацыю дэпутацкага корпусу найніжэйшага роўню прагучала на самым пачатку году, калі праходзіла выбарчая нарада ў Аляксандра Лукашэнкі. Як тады сказала Свабодзе старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, гэта была «прапанова на роўні ідэі». Цяпер атрымліваецца, што гэтую ідэю адкінулі.

На апошніх мясцовых выбарах у красавіку 2010 году абіралі больш за 21 тысячу дэпутатаў. Прыкладна столькі ж чакаецца і на новых выбарах, якія адбудуцца не пазьней за сакавік 2014 году.

Мікалай Лазавік
Мікалай Лазавік
«Асаблівых зьменаў у заканадаўства пад мясцовыя выбары Цэнтравыбаркам не рыхтуе, — адзначае спадар Лазавік. — Бадай, галоўная зь іх такая: мы прапануем тыя капейкі, якія даюцца кандыдатам на выраб улётак, перадаваць акруговай камісіі. Камісія сама закажа ўлёткі, у якіх будуць разам прадстаўленыя ўсе кандыдаты ў дэпутаты. І гэтыя ўлёткі камісіі разам з запрашэньнем на выбары разашлюць выбарцам. Мы зыходзім з таго, што раней многія прэтэндэнты не карысталіся гэтымі грашыма. І новы падыход выглядае больш рацыянальна».

Сакратар ЦВК кажа: папраўкі да выбарчага заканадаўства павінны прайсьці звычайным шляхам — праз заканадаўчую ўладу. Але бліжэйшая сэсія Палаты прадстаўнікоў адкрыецца толькі 2 кастрычніка. «Ці хопіць часу на ўсе працэдуры?» — пытаюся ў спадара Лазавіка.

«Дзейнае заканадаўства не прадугледжвае нейкага абмежаваньня па часе ўнясеньня паправак. Але ў нас склалася такая практыка — не цягнуць са зьменамі да апошняга дня. Я думаю, што ўсё будзе зроблена своечасова».

Выбары мясцовых саветаў павінны прайсьці ў 2014 годзе.


Карняенка: «Адзіная ўлётка — спосаб кантролю за кандыдатамі»


Віктар Карняенка
Віктар Карняенка
Сустаршыня афіцыйна не зарэгістраванага аб’яднаньня «За справядлівыя выбары» Віктар Карняенка лічыць: абіраньне дэпутатаў ніжэйшага роўню — гэта ўсё ж лепей за іх скасаваньне:

«Пры цяперашняй сыстэме гэта нічога прынцыпова не вырашае. Але, можа, знойдуцца і на роўні сельсаветаў некаторыя людзі, якія абяруцца і праявяць затым прынцыповасьць. Таму лепш, што такія выбары застаюцца. Але, зноў жа, гэта ня вельмі прынцыпова».

А вось норму аб адзінай улётцы для ўсіх кандыдатаў па адной акрузе спадар Карняенка адназначна ацэньвае як антыдэмакратычную:

«Гэтым спосабам Цэнтравыбаркам спрабуе кантраляваць зьмест выбарчых праграм кандыдатаў. Яны будуць друкаваць адзіную ўлётку і яшчэ, магчыма, хваліць дзейны рэжым. Таму было значна больш дэмакратычна, калі грошы выдавалі кандыдату і ён сам друкаваў такую ўлётку, якую лічыў патрэбнай і зь якой ён хацеў перамагаць.

Гэта — яшчэ большае абмежаваньне магчымасьцяў кандыдатаў. Улада ня можа цярпець, што за бюджэтныя сродкі (дарэчы, не за яе сродкі, бюджэт зьбірае ўсё насельніцтва) яе яшчэ могуць і крытыкаваць. Ад гэтага яна і не знаходзіла сабе месца. І вось зараз знайшла спосаб абмежаваньня. Гэта адназначна недэмакратычная норма».


Альфер: «Няма канкурэнцыі — тады хопіць і адной улёткі»


Сяргей Альфер
Сяргей Альфер
«Абсалютна разумным» называе рашэньне ўладаў пра захаваньне абраньня дэпутатаў найніжэйшага роўню адмысловец у галіне выбарчага заканадаўства Сяргей Альфер:

«Таму што скасоўваць ніжэйшы ровень саветаў — пасялковыя, сельскія саветы — без адміністрацыйнай рэформы, напэўна, было б няправільна.

Мне зразумела, чаму было выказана пажаданьне аб скасаваньні. Таму што ў апошнія гады вельмі цяжка знайсьці кандыдатуры на дэпутатаў такога роўню. Тыя паўнамоцтвы, якія маюць такія дэпутаты, не даюць ім магчымасьці эфэктыўна працаваць. І таму людзі проста ня хочуць ісьці кандыдатамі ў дэпутаты.

Але кіраваць выканкамамі найбольш эфэктыўна, мне падаецца, атрымліваецца якраз на гэтым, ніжэйшым роўні. А кіраваць з раёну было б цяжка. Таму зразумела, што выканаўчая ўлада на роўні абласьцей была супраць падобнага рашэньня».

Што тычыцца адзінай улёткі, то тут спадар Альфер адзначае:

«І тут я разумею ЦВК. Бальшыня кандыдатаў на мясцовых выбарах, асабліва на ніжэйшым роўні, не рабілі ніякіх улётак. Бо калі няма ніякай канкурэнцыі, калі на адно месца прэтэндуе ўсяго адзін чалавек, які да таго ж падбіраецца мясцовай уладай, то навошта тады ўлёткі?

Альтэрнатыўных кандыдатаў не дапускаюць да выбараў. І зразумела, што любы вылучаны кандыдат будзе абраны. Тады навошта напружвацца?»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG