Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Панама перахапіла падазроны паўночнакарэйскі карабель. Капітан спрабаваў застрэліцца


Улады Панамы затрымалі судна Chong Chon Gang, якое ішло з Кубы пад сьцягам КНДР і з паўночнакарэйскай камандай. На яго борце выявілі таемны груз, падобны на складанае ракетнае абсталяваньне.

Пра інцыдэнт абвясьціў прэзыдэнт Панамы Рыкарда Марцінэлі. Паводле яго слоў, першапачаткова карабель спынілі, западозрыўшы, што на ім перавозяць наркотыкі, але падчас ператрусу там быў знойдзены незадэкляраваны груз, схаваны ў кантэйнэры з цукрам. Фатаграфію гэтага загадкавага грузу Марцінэлі апублікаваў на сваёй старонцы ў Twitter.

Паводле папярэдніх дадзеных, судна было загружана на Кубе 12 ліпеня і праз Панамскі канал кіравалася ў КНДР. Затрымалі яго ля ўсходняга, атлянтычнага канца каналу, у порце Мансанільё.

Капітан судна падчас ператрусу спрабаваў застрэліцца, а каманда з 35 чалавек — перашкодзіць вобшуку, паведаміў Марцінэлі. Уся каманда затрыманая разам з караблём.

Менавіта «нэрвовая і бурная рэакцыя капітана і каманды» на дагляд узмацніла падазрэньні панамскіх мытнікаў, заявіў міністар бясьпекі Панамы Хасэ Рауль Муліньё журналістам.

Спэцыялістам можа спатрэбіцца да тыдня, каб дакладна вызначыць, што ўяўляе сабой гэты падазроны груз, паведаміў прэс-сакратар прэзыдэнта.

Аб якой-небудзь рэакцыі з боку ўладаў КНДР на скандальны інцыдэнт пакуль інфармацыі няма.

Санкцыі ААН, накладзеныя на КНДР, ўключаюць забарону на імпарт і экспарт любога ўзбраеньня, акрамя лёгкага стралковага. Іншыя краіны маюць права абшукваць паўночнакарэйскіі судны і іншыя транспартныя сродкі пры наяўнасьці падазрэньняў, што на іх перавозіцца забаронены груз. У апошнія гады ў рамках санкцый ААН былі спыненыя і абшуканыя некалькі паўночнакарэйскіх суднаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG