Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белсат прэзэнтуе фільм пра тое, як здымалі «Жыве Беларусь!»


Падчас здымкаў "Жыве Беларусь"
Падчас здымкаў "Жыве Беларусь"
Нягледзячы на нядаўнюю прэм’еру фільму «Жыве Беларусь», гісторыя яго стварэньня ўжо абрасла легендамі, а сам фільм зрабіўся гарачаю тэмаю для абмеркаваньня сярод прыхільнікаў і крытыкаў. Адказам на гэта — рэпартаж Сяргея Пелясы «Жыве Беларусь. За кадрам».

Аўтар рэпартажу правёў дзясятак дзён з камэрай на здымачнай пляцоўцы першага мастацкага фільму пра сучасную Беларусь, які зьнялі за мяжою. Пра тое, як узьнікала стужка «Жыве Беларусь», распавядаюць яе стваральнікі — рэжысэр і аўтар сцэнару Кшыштаф Лукашэвіч, суаўтар сцэнару і другі рэжысэр Франак Вячорка, а таксама акторы: Зьміцер Vinsent Папко, Караліна Грушка, Павал Крыксуноў і Дзяніс Тарасенка.

«Я адчуў энтузіязм, які панаваў на здымачнай пляцоўцы. Ён заразьлівы. Мне ён перадаўся. Спадзяюся, ён будзе адчувальны і ў рэпартажы, — дзеліцца Сяргей Пеляса. — Я спрабаваў паказаць, што фільм „Жыве Беларусь“ — гэта болей, чым проста мастацкі фільм пра Беларусь, зьняты ў Польшчы. Гэта ўнікальны міжнародны праект, які аб’яднаў беларусаў і палякаў. Гэта неверагодная прыгода, якую перажылі дзясяткі людзей. І тая энэргія, якая была паміж імі, засталася надоўга. Калі выйшаў фільм, мне крыўдна было чытаць нэгатыўныя рэцэнзіі. Частка гледачоў не зразумела „Жыве Беларусь“, не была гатовая зразумець ці прыняць. У сваім рэпартажы я даю слова аўтарам, каб яны распавялі пра фільм».



На здымачнай пляцоўцы Сяргей ня толькі працаваў над сваім рэпартажам, але і як мог дапамагаў у стварэньні фільму, часам досыць ахвярна:

Сяргей Пеляса
Сяргей Пеляса
«На здымках была маса забаўных сытуацыяў. У фільме зьняўся мой пас. У кадры Алесь Малчанаў — зампаліт, апрануты ў мой афіцэрскі пас. Аказалася, што сярод рэквізітаў не знайшлося адпаведнага паса, і я даў свой. Іншая сытуацыя: у сцэне ў цягніку гітарыст грае мэдыятарам, які выразалі з маёй банкаўскай карты. Аказалася, што гітарыст ня можа граць без мэдыятара, а да гэтага ніхто не падрыхтаваўся.

Рэпартаж варта паглядзець і тым, хто бачыў фільм „Жыве Беларусь“, і тым, хто яго ня бачыў. Першыя адкрыюць для сябе цікавыя нюансы, пра якія не здагадваліся, а другіх ён можа заахвоціць паглядзець стужку ў інтэрнэце. Спадзяюся, прыйдзе дзень, калі гэты фільм можна будзе паглядзець і ў кінатэатры».

Прэм’ера «Жыве Беларусь. За кадрам» — у нядзелю, 14 ліпеня, а 20:00. Рэпартаж можна будзе паглядзець у онлайн-трансьляцыі ды ў архіве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG