Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Атрымаў дыплём аграрыя — адпрацуй 6 гадоў у вёсцы


Старшыня Савету Рэспублікі Анатоль Рубінаў, наведваючы днямі сельгаспрадпрыемствы Мазырскага раёну, выказаўся за магчымае павелічэньне да 6 гадоў тэрміну абавязковай адпрацоўкі ў вёсцы для маладых спэцыялістаў-аграрнікаў. Найперш для тых, хто скончыў сельскагаспадарчыя вучэльні па так званым мэтавым наборы. Як ставяцца студэнты й выпускнікі ВНУ да павелічэньня тэрміну абавязковай адпрацоўкі па накіраваньні, высьвятляў наш гомельскі карэспандэнт.

Сваю думку наконт шасьцігадовага тэрміну абавязковай працы маладых спэцыялістаў у вёсцы Анатоль Рубінаў абгрунтаваў так: «Мы павінны дапамагаць замацоўвацца маладым кадрам, і тады сяло будзе жыць».

Ужо цяпер, каб «вёска жыла», выпускнікі сельскагаспадарчых ВНУ, якія накіраваныя на вучобу па так званым мэтавым наборы, мусяць адрабіць па разьмеркаваньні 5 гадоў. Іншыя маладыя спэцыялісты — 2 гады.

Малады настаўнік, сёлетні выпускнік унівэрсытэту імя Францішка Скарыны, супраць павелічэньня тэрміну адпрацоўкі для каго б там ні было:

«Мне падаецца, што шэсьць гадоў — гэта вельмі шмат. Чалавек у любым выпадку будзе прывязаны да аднаго працоўнага месца. І пытаньне кар’ернага росту, стварэньня сям’і — гэта як быццам і не для яго. Ён ня можа сябе праявіць, раскрыць — яго абавязваюць шэсьць гадоў сядзець на пэўнай пасадзе. Мне падаецца, павінны быць нейкія варыянты. (Сьмяецца.) Не зусім да месца прывязваньне да аднаго месца».

Лекарка Галіна пасьля заканчэньня мэдунівэрсытэту адпрацавала на адным месцы тры гады:

«Мая думка: пасьля трох гадоў адпрацоўкі мне хочацца ўжо пераменаў, чагосьці новага. А шэсьць гадоў — я ўжо й ня ведаю… На адным месцы працаваць шэсьць гадоў вельмі цяжка».

Будучая спэцыялістка ў галіне мэдыцыны спадарыня Аліна лічыць, што можна павялічыць на год тэрмін адпрацоўкі толькі ў адным выпадку:
Калі дзяржава здольная забясьпечыць выпускніка добрым заробкам, гарантаваным жыльлём

«Калі дзяржава здольная забясьпечыць выпускніка добрым заробкам, гарантаваным жыльлём, хаця б пакоем у інтэрнаце, бо людзям, урэшце, тры гады трэба недзе жыць, працаваць. А калі не, то лепш пакінуць усё як ёсьць».

У аддзеле кадраў абласнога камітэту сельскай гаспадаркі й харчаваньня прапанову кіраўніка Савету Рэспублікі сустрэлі без асаблівага энтузіязму.

«А што зьменіць — 5 ці 6 гадоў? Маладыя спэцыялісты, калі яны год адпрацавалі і іх штосьці не задавальняе, яны імкнуцца пераразьмеркавацца, зьехаць дамоў ці яшчэ штосьці. Тут усё залежыць ад гаспадаркі, яе кіраўніка і ад тых умоваў, якія створаныя маладым спэцыялістам. Ня ўсе ж такія сельгаспрадпрыемствы, як „Зара“ Мазырскага раёну».

Спэцыяліст па кадрах кажа, што ў рэгіёне асабліва нестае вэтэрынарных лекараў і заатэхнікаў — рэгіён забясьпечаны гэтымі спэцыялістамі на 50–65 адсоткаў. І калі абітурыентам, якія паступаюць у сельскагаспадарчыя вучэльні, казаць пра павелічэньне тэрмінаў адпрацоўкі, якія і так ужо сягаюць 5 гадоў, то гэта можа мець зусім адваротны вынік:

«Не заўсёды ўдаецца ўгаварыць выпускнікоў школаў і на пяць гадоў адпрацоўкі. Раней жа ў нас было 2 гады, зараз — 5 гадоў. А калі будзе шэсьць гадоў, то гэта, мне падаецца, напалохае тых, хто паступае на мэтавае навучаньне».

Былы аграном сельскай гаспадаркі Андрэй Кара зь вёскі Пранькі Мазырскага раёну, які даўно кінуў працу па спэцыяльнасьці, мяркуе, што заявы пра падаўжэньне абавязковых тэрмінаў адпрацоўкі вясковых спэцыялістаў робяцца без уліку рэальнай сытуацыі ў аграрным сэктары:

«Гэта пазбаўляе людзей свабоды. Я ў гэтым бачу элемэнты вяртаньня да прыгоннага права».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG