Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразійскае перацягваньне канату


Краіны «Усходняга партнэрства» (аранжавым колерам) і Эўразьвязу (сінім)
Краіны «Усходняга партнэрства» (аранжавым колерам) і Эўразьвязу (сінім)

Брытанскі часопіс Economist піша пра Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, літоўскае старшыняваньне ў Эўразьвязе і палітыку ЭЗ адносна Беларусі і Ўкраіны.

Будынак на ўскраіне Вільні зьяўляецца маяком акадэмічнай свабоды, які сьвеціць ў бок дыктатарскай Беларусі. Эўрапейскі гуманітарны унівэрсытэт (ЭГУ) быў заснаваны ў Менску пасьля падзеньня камунізму для ўсталяваньня заходняга стылю выкладаньня філязофіі, гісторыі і іншых дысцыплінаў. Прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка зачыніў яго ў 2004 годзе. Але нягледзячы ні на што, ўнівэрсытэт быў адроджаны ў выгнаньні ў Літве.

Беларуская прапаганда асуджае ЭГУ як прытулак для ворагаў, нават для «тэрарыстаў». Выкладчыкі і студэнты зазнаюць пэрыядычны перасьлед з боку КДБ, асабліва ў пэрыяд выбараў. Але так ці інакш ЭГУ, зь яго 1600 студэнтамі, падзеленымі паміж Літвой і Беларусьсю, выжывае, у асноўным дзякуючы падтрымцы з боку эўрапейскіх краін. Марыя Шляпцова, студэнтка другога курсу юрыдычнага факультэта, хоча вярнуцца дадому для працы ў якасьці адваката па правах чалавека. Але ў яе няма ілюзій, што Лукашэнка можа зьмяніцца, у лепшым выпадку ЭГУ рыхтуе тых, хто будзе кіраваць краінай пасьля яго сыходу.

У Вільні і Менску шмат агульнага, ў тым ліку і гісторыі. Але адзін горад у Эўразьвязе, а другі пакутуе пад аўтарытарызмам савецкага стылю. Многія літоўцы глядзяць на Беларусь як ў люстэрка ўласнай савецкай мінуўшчыны. І зараз, калі Літва бярэ на сябе старшыняваньне ў ЭЗ, літоўскі ўрад нагадвае Эўразьвязу, што задача стварэньня «адзінай і свабоднай Эўропы» яшчэ не завершаная. Праблемы паўднёвых суседзяў ЭЗ на Блізкім Усходзе і Паўночнай Афрыцы могуць адцягнуць зьнешнепалітычную ўвагу. Але Эўразьвяз пэўна мае вялікі ўплыў на сваіх усходніх суседзяў.

Беларусь цяпер здаецца безнадзейнай справай, на яе не ўплываюць ані ўгаворы Эўразьвязу, ані санкцыі. Магчыма, на яе паўплываюць зьмены ў суседняй Украіне. Там прэзыдэнт Віктар Януковіч спрабуе гуляць з Захадам супраць Усходу. Калі атрымаецца наблізіць Украіну да ЭЗ, гэта будзе велізарны выйгрыш — краіна з насельніцтвам 46 мільёнаў чалавек, багатая на энэргетычныя і сельскагаспадарчыя рэсурсы. У Вільні чыноўнікі любяць цытаваць Зьбігнэва Бжэзінскага, які калісьці сьцьвярджаў, што пакуль Расея кантралюе Ўкраіну, Расея будзе заставацца імпэрыяй і ня зможа стаць дэмакратычнай.

Ўсходнія эўрапейцы бачаць тытанічную барацьбу паміж Масквой і Брусэлем за Украіну. Вырашальны момант можа адбыцца ў Вільні на лістападаўскім саміце «Усходняга партнэрства». Украіна правяла перамовы наконт заключэньня Пагадненьня аб асацыяцыі, якое прадугледжвае палітычнае супрацоўніцтва, ў тым ліку выкананьне дэмакратычных нормаў і вяршэнства закону. Украіна таксама пагадзілася на «глыбокае і ўсёабдымнае» пагадненьне аб свабодным гандлі, якое распаўсюдзіць на ўсход значную частку заканадаўчай сыстэмы Эўразьвязу. Ёсьць спадзеў, што на саміце ў Вільні Ўкраіна падпіша гэтыя пагадненьні, а Малдова, Грузія і Армэнія зробяць крок у тым жа кірунку.

Абдымкі мядзьведзя


Расея заўсёды асуджала пашырэньне НАТО, але казала, што ня супраць пашырэньня Эўразьвязу на сваё «блізкае замежжа». Цяпер Уладзімер Пуцін, здаецца, разглядае і ЭЗ як ворага. Расея робіць канкурэнтную прапанову — Эўразійскі саюз, каб супрацьстаяць Эўрапейскаму Зьвязу. Эўразійскі саюз пачынаецца з мытнага саюзу, які ўжо ўваходзяць Расея, Беларусь і Казахстан. Уваходжаньне ў гэты саюз магло б прынесьці танны газ і, па словах адной крыніцы, магчыма, вялікі крэдыт для Ўкраіны.

Эўрапейскія назіральнікі ў Кіеве кажуць, што Януковіч, нават пры бандыцкай палітыцы і карумпаванай эканоміцы, ўсё ж схіляецца ў бок Эўропы, хаця ён, магчыма, не зусім разумее, колькі для гэтага спатрэбіцца зьмяніць. Нямеччына, ў прыватнасьці, настойліва патрабуе, каб ён вызваліў свайго галоўнага апанэнта, былога прэм’ер-міністра Юлію Цімашэнку. Яна сама выступае за заключэньне пагадненьня паміж Украінай і Эўразьвязам. Разглядаецца варыянт, што яе выпусьцяць у Нямеччыну на лячэньне.

Паводле эўрапейскіх чыноўнікаў, Януковіч павінен зрабіць выбар паміж багатым рускім абедам зь вялікай колькасьцю гарэлкі і з рызыкай, што ён будзе абрабаваны, і сьціплым брусэльскім сэндвічам, які абяцае рэспэктабэльнасьць і сур’ёзную працу, але толькі ў доўгатэрміновай пэрспэктыве. Глыбокія рэформы, патрэбныя ЭЗ, могуць стварыць рызыку для ўладнай сыстэмы Януковіча.

Літоўцы асьцерагаюцца, што ЭЗ займае занадта жорсткую пазыцыю: эўрапейская палітыка робіцца закладніцай Цімашэнкі. Што рабіць, калі Януковіч не адпавядае патрабаваньням, якія прад’яўляюцца да яго? Магчыма, эўрапейцы павінны падпісаць пагадненьні, але затрымаць ратыфікацыю ў чаканьні рэформаў. Але ёсьць мяжа таго, да якой ЭЗ можа зьмякчаць сваю пазыцыю.

Застаецца без адказу пытаньне, ці могуць чальцы Ўсходняга партнэрства стаць чальцамі Эўразьвязу? Літва рэфармавала палітычныя і эканамічныя структуры савецкай эпохі ў надзеі, што ўрэшце яна ўвальецца ў эўрапейскую сям’ю. У 2003 годзе краіны Заходніх Балкан атрымалі адназначную «эўрапейскую пэрспэктыву». Праз дзесяцігодзьдзе Харватыя толькі што стала 28-м чальцом ЭЗ. Але лідэры ЭЗ не далі ніякіх выразных абавязаньняў краінам былой савецкай імпэрыі. Бяз гэтага інтэграцыя з ЭЗ можа здацца працэсам, які прыносіць занадта шмат пакутаў і занадта мала выгады. Ніводная з гэтых краін не будзе гатовая да ўступленьня ў ЭЗ наступным дзесяцігодзьдзі, магчыма, і ніколі не будзе гатовая. Тым ня менш, эўрапейскія лідэры павінны ясна даць зразумець, што яны па-ранейшаму адданыя прынцыпу, выкладзенаму у дамове аб утварэньні ЭЗ, што любая эўрапейская краіна, якая адпавядае належным дэмакратычным стандартам, мае права стаць чальцом Зьвязу. Калі б лідэры далі зразумець, што межы ЭЗ не абавязкова павінен быць жорстка зафіксаваныя на Ўсходзе, яны маглі б зрабіць шмат добрага, можа быць, нават для Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG