Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Правілы гігіены


Цалавацца, на жаль — не рэфлекс і не інстынкт, цалавацца трэба ўмець. Асвойваць тэхніку, трэніравацца перад люстэркам, паўтараць пройдзенае... А не выходзіць — наведваць майстар-клясы. Вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца. У спэцыялістаў. У каго? Ды хаця б у таго невядомага селяніна з Заходняй Беларусі, які так жарсна смокча маладога, цнатлівага савецкага салдата-вызваліцеля на знакамітым плякаце — наглядным кіраўніцтве «для старэйшых і спрактыкаваных». Ці ў Гонэкера і Брэжнева —

mein Gott
hilf mir
diese tödliche Liebe zu überleben.

Штопраўда, у ХV стагодзьдзі ўсё выглядала трохі іначай — і селянін, і салдацік, і Гонэкер з Брэжневым, калі б ім заманулася вярнуцца ў мінулае і пасмактаць адно аднаго ў нейкім публічным месцы, жывымі б з гэткай пікантнай сытуацыі ня выйшлі. 16 ліпеня 1439 году ў Ангельшчыне пацалункі былі забароненыя законам: за парушэньне пагражаў штраф або — калі пацалунак быў надта ўжо ўдалы і ня першы — сьмяротнае пакараньне. Прычына, трэба адзначыць, палягала зусім не ў маральнасьці ангельскіх уладароў. Проста гэты быў час чумы, што, як вядома, толькі й чакае на абмен людзей сьлінаю — як замежны турыст на беларускі рэйсавы аўтобус. Таму закон і назвалі «Чумной забаронай» — і хаця без пацалункаў чалавек можа пражыць усяго некалькі дзён, сьмяротнасьць у Ангельшчыне пачала няўхільна зьніжацца. Нараджальнасьць, напэўна, таксама.

Кажуць, падчас аднаго добрага пацалунку бакі атрымліваюць каля пяці мільёнаў мікробаў і 250 розных відаў бактэрыяў і вірусаў. Затое: пульс павялічваецца да 150 удараў у хвіліну, бонус — цэлы літр дадаткова перакачанай сэрцам крыві, больш кісларода клеткам, мінус дванаццаць калёрыяў і кіляграм вагі ў дзень. Магчыма, у гэтым і ёсьць сакрэт доўгажыхарства — плякатаў, заходніх Беларусяў, простых сялянаў, а таксама Гонэкераў і Брэжневых — чума на абодва іх дамы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG