Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паміж космасам і Віцебскам


За мяжой той просты факт, што Марк Шагал нарадзіўся ў Беларусі, чамусьці прызнаюць досыць неахвотна... Ідучы на выставу Шагалавых малюнкаў, можна быць пэўным, што слова «Беларусь» не прагучыць ані разу, яго не пабачыш і на тых папяровых пратэзах, якія так шчодра разьвешаныя на сьценах у дапамогу выпадковаму інтэрпрэтатару, ня будзе яго і ў кароткай біяграфіі. Яны Там таксама лічаць, што Мы Тут пачаліся пазьней — прынамсі, значна пазьней за Шагала. Geboren in Russland — і ніякіх табе дужачак, у якіх зьмясьцілася б неабавязковая, але здольная пацешыць нацыянальнае самалюбства праўда.

Хаця, здаецца, усё відавочна і неаспрэчна: 6 ліпеня 1887 году, Віцебск. Места, дзе палова насельніцтва былі яўрэі. З аднаго боку, сапраўды — якая розьніца, дзе ён нарадзіўся, галоўнае, што мастак харошы, а з другога — ці зрабіўся б Шагал Шагалам, калі б ня гэтыя правінцыя, правінцыйнасьць і правіна, уяўная, недарэчная, але зь якой трэба было жыць, калі б ня гэтая іншасьць, яўрэйская, даўно страчаная Беларусь, казку пра якую Шагал распавёў усяму сьвету, ня надта пераймаючыся назвамі, топасам, нацыямі — як і належыць сапраўднаму казачніку.

Як мастак Шагал пачаў з таго, што выключыў гравітацыю — высьветлілася, што яна сапраўды замінала бачыць галоўнае, і ня толькі яму. Лунаць над горадам у эпоху першых рэдкіх аэраплянаў — зусім ня тое, што выправіць сваіх герояў угару цяпер: у наш час гэта заўжды азначае падарожжа, у часы маладога Шагала гэта быў сон. Сон хлопчыка, які расьце. Горад у Шагала заўжды меншы за чалавека — зьяўляецца адчуваньне, што ён зьнікае, гэты задушаны сумётамі і ачмураны акацыяй горад, і зараз выплыве за межы рамы. Аўтару патрэбны толькі яго абрыс, толькі разьвітаньне. Затое людзі займаюць асноўную частку прасторы — і пустаты не застаецца, толькі свабода. Насычаная каханьнем, як паветра кіслародам.

Прыйсьці да Шагала, успрыняць, прачытаць яго — падобна да прачынаньня на досьвітку: колеры, гукі, цені, твары, неба ўжо сьвятлее і ўсё гэта неўзабаве скончыцца. І вось тут, у гэтае ціхае імгненьне, у месцы паміж космасам і Віцебскам, можна пабачыць нешта, што бачаць Іншыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG