Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае лета ў Рэгенсбургу завяршыў Скарына


Сэрыя зь дзевяці імпрэзаў «Ці ведаеце вы Беларусь?», якія на працягу двух летніх месяцаў праходзілі ў Рэгенсбургу, закончылася прэзэнтацыяй арыгіналу Скарынаўскай Бібліі, які захоўваецца ў Гёрліцы.

У Рэгенсбург кнігу прывёз і прэзэнтаваў Матыяс Вэнцэль, дырэктар Верхнялужыцкай Навуковай Бібліятэцы ў Гёрліцы.

Матыяс Вэнцэль
Матыяс Вэнцэль
Спадар Вэнцэль распавёў гісторыю падарожжа Скарынавай Кнігі з Прагі ў Гёрліц, а таксама гісторыю яе нечаканай знаходкі, якая адбылася сымбалічна ў год Бібліі — у 2005-м.

Усяго ў сьвеце захавалася 258 асобнікаў кніг, выдадзеных Скарынам. Гёрліцкая Біблія складаецца зь Пяцікніжжа, Кнігі Ісуса Навіна, чатырох Кніг Царстваў, Кнігі Прамудрасьці і Малітвы Манасіі. Да кожнай часткі Скарына напісаў прадмову і кароткае пасьляслоўе. Ёсьць у канвалюце і вялікая прадмова да ўсёй Бібліі. Усе тэксты разьмешчаны на 678 аркушах.

Кошту спадар Вэнцэль ня стаў называць, адзіна зазначыў, што застрахавана Скарынаўская Біблія на шасьцізначны лік.

Відэа: Аляксандра Фарн

Прэзэнтацыя гёрліцкай Бібліі Скарыны ў Рэгенсбургу
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:35 0:00


***

Цыкль імпрэзаў «Ці ведаеце вы Беларусь?» адкрыўся 30 красавіка лекцыяй Лявона Баршчэўскага «Беларусь для пачаткоўцаў».

Адначасна распачала сваю працу фотавыстава «Беларусь сёньня: абмен пэрспэктывамі». Арганізатары выставы спрабавалі высьветліць — ці існуе розьніца паміж тым, якой бачаць беларусы сваю краіну, і тым, якой бачаць яе немцы, і калі так — то дзе і ў чым яна палягае?

8 траўня адбылася тэатральная імпрэза — перад нямецкай публікай выступіў плястычны тэатар «ІнЖэст» Вячаслава Іназемцава з спэктаклем «ДК Данс 2013», на другі дзень кіраўнік тэатру правёў з гасьцямі імпрэзы практычны сэмінар.

13 траўня госьцем рэгенсбурскіх культурных імпрэзаў быў пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч. Ён выступіў з чытаньнямі з сваёй кнігі «Сарока на шыбеніцы», якая выйшла ў нямецкім перакладзе Томаса Вайлера ў 2010 годзе ў выдавецтве Leipziger Literaturverlag.

Цыкль працягнуўся 6 чэрвеня канцэртам джазавага саксафаніста Паўла Аракеляна з гуртом «The Outsiders», а 12 чэрвеня адбыўся паказ фільму «Жыве Беларусь» і сустрэча з адным зь яго стваральнікаў Франакам Вячоркам.

18 чэрвеня адбыўся круглы стол і дыскусія на тэму «Чаму Беларусь мусіць уступіць у Эўразьвяз?»

Галоўным арганізатарам сэрыі беларускіх імпрэзаў быў «Эўрапэўм» — Усходне-Заходні Цэнтар пры Рэгенсбурскім унівэрсытэце. Гэты дасьледны цэнтар займаецца разьвіцём кантактаў паміж Усходняй і Заходняй Эўропай у галіне навучаньня і дасьледаваньня.

Мы папрасілі дырэктара «Эўрапэўму» славіста Вальтэра Кошмаля падвесьці вынікі «беларускага лета» ў Рэгенсбургу:

Вальтэр Кошмаль
Вальтэр Кошмаль
«Сэрыя імпрэзаў «Ці ведаеце вы Беларусь?» прайшла пасьпяхова, бо мы змаглі высакаякасна прадставіць нямецкай публіцы культурныя і грамадзкія падзеі і зьявы ў Беларусі. Колькасьць наведнікаў магла б, вядома, быць большай. Тым ня менш пра нашы мерапрыемствы паведамлялася ў розных сродках масавай інфармацыі. У Нямеччыне вельмі рэдка бывае нагода, каб шырэйшая публіка магла даведацца нешта спэцыфічнае пра Беларусь, яе людзей і культуру. І вось у Рэгенсбургу пару месяцаў была такая магчымасьць.

Наагул, аўдыторыя імпрэзаў была вельмі зацікаўленая, а выступ тэатру «Інжэст» і паказ фільму «Жыве Беларусь» вельмі ўразіў гледачоў і крануў эмацыйна.

Я сам займаюся тэатрам і быў уражаны высокай эстэтычнай якасьцю менскага тэатру. Зьдзівілі, і ня толькі мяне, але і шмат каго з гледачоў фільму «Жыве Беларусь», ня толькі парадкі ў беларускім войску, але й арганізацыйныя формы супраціву, перадусім сярод моладзі. У размове з гасьцямі зь Беларусі мы даведаліся шмат неспадзяваных для нас рэчаў.

На жаль, не было ніякай рэакцыі на нашу сэрыю імпрэзаў з боку афіцыйнай Беларусі. Я асабіста запрашаў у Рэгенсбург генэральнага консула Беларусі, але ён на гэтае запрашэньне не адрэагаваў.

Па выніках акцыі я магу сказаць, што мы ў Europaeum будзем плянаваць далейшыя імпрэзы ў сувязі зь Беларусьсю. Сярод іншага мы думаем аб арганізацыі навуковай экскурсіі. Яшчэ мы б з прыемнасьцю арганізавалі тандэм-праграмы для студэнтаў зь Беларусі і Нямеччыны наконт супольнай будучыні Беларусі ў Эўропе».

Аляксандра Фарн, Рэгенсбург
Сяргей Шупа, Прага
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG