Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сноўдэн у Маскве. Зьбіраецца ў Кубу, пасьля — Вэнэсуэлу


Эдвард Сноўдэн

Амэрыканец Эдвард Сноўдэн, які выкрыў таемныя праграмы амэрыканскіх спэцслужбаў па сачэньні за тэлефоннымі кантактамі і дзеяньнямі ў інтэрнэце і зьбег у Ганконг, прыбыў адтуль у нядзелю самалётам расейскай авіякампаніі «Аэрафлот» ў сталіцу Расеі.

Па іх дадзеных, сьпікер «Аэрафлоту» паведаміла, што Сноўдэн мае квіток на панядзелак у сталіцу Кубы Гавану, а адтуль зарэзэрваваў квіток далей, у сталіцу Вэнэсуэлы Каракас.

Мяркуюць, што Сноўдэн, якога ў ЗША абвінавачваюць у шпіянажы, будзе начаваць у Маскве ў амбасадзе Вэнэсуэлы — краіны, кіраўніцтва якой стаіць на рашучых антыамэрыканскіх пазыцыях.

Зь іншага боку, цытуюць і аднаго з расейскіх чыноўнікаў, які заяўляў, што Сноўдэн ня мае расейскай візы і вымушаны заставацца ў транзытнай зоне міжнароднага аэрапорту Шарамецьцева.

У Міністэрстве замежных спраў Расеі ў нядзелю заяўлялі, што ўлады краіны ня маюць ніякай інфармацыі пра месцазнаходжаньне або пляны Сноўдэна.

У Кітаі дзяржаўныя сродкі інфармацыі раскрытыкавалі ў нядзелю ЗША праз новыя заявы Сноўдэна, што амэрыканскія спэцслужбы атрымлівалі доступ і да кітайскіх сетак мабільнай сувязі для сачэньня за іх карыстальнікамі.

У ЗША ў суботу паведамлялася, што заклікалі ўлады Ганконга, рэгіёну Кітая з шырокай аўтаноміяй, паскорыць дзеяньні па запыце ЗША аб выдачы Сноўдэна, пра якую папрасілі раней, і такім чынам выканаць двухбаковае пагадненьне аб экстрадыцыі.

У Злучаных Штатах Амэрыкі Эдварду Сноўдэну, былога аналітыка прыватнай кампаніі, які па кантракце працаваў для Агенцтва нацыянальнай бясьпекі ЗША, завочна прад’явілі абвінавачваньне ў выкраданьні маёмасьці дзяржавы, наўмысным разгалошваньні сакрэтнай інфармацыі і незаконнай перадачы абароннай інфармацыі. Па кожным з гэтых абвінавачваньняў яму пагражае да 10 гадоў зьняволеньня ў выпадку прызнаньня вінаватым.

Сноўдэн зьбег у Ганконг пасьля сваіх выкрыцьцяў у прэсе аб таемных праграмах сачэньня амэрыканскіх уладаў, у прыватнасьці, па дадзеных аб тэлефонных размовах празь сеткі прынамсі адной з найбуйнейшых тэлефонных кампаній у ЗША, а таксама за дзеяньнямі ў інтэрнэце, якія ажыцьцяўляюць празь сеткі дзевяці буйных інтэрнэт-кампаніяў ЗША замежныя грамадзяне за межамі краіны. У Агенцтве нацыянальнай бясьпекі ЗША настойваюць, што гэтыя праграмы дапамаглі сарваць дзясяткі тэрактаў.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG