Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зянон Пазьняк: «Сьветлы Быкаў»


Васіль Быкаў і Зянон Пазьняк

Зянон Пазьняк піша пра Быкава ў дзень яго нараджэньня.

Чэрвень з Быкавым

Чэрвень з Быкавым


Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому (Аўдыёкніга)

«Быкаў на Свабодзе» (PDF)
Да дня нараджэньня і 10-годзьдзя сьмерці Васіля Быкава

19 чэрвеня — сьветлы дзень. Мы звычайна ў гэты дзень ішлі да Васіля Быкава, віншавалі яго з Днём народзінаў. Я бачыў, што Быкаў і сам любіў такія спатканьні. Ён пачуваўся ў Фронце душэўна ўтульна. Атмасфэра ласкі і дабрыні, якая атуляла яго і якая ўвогуле была тады ў сядзібе БНФ, вельмі імпанавала яму. Усе жылі, як на крыльлях. Ужо была Незалежнасьць (наша мара і наша перамога), была беларуская школа, вольны друк, змагаліся за добрае будаўніцтва сваёй краіны.

Для многіх з нас гэта былі гады душэўнага шчасьця. Для Васіля Ўладзімеравіча, відаць, таксама. Калі ён бываў у нас у сядзібе, аблічча яго станавілася лагодным, а вочы сьвяціліся. Яму было добра.

У 1994 годзе яму споўнілася 70 гадоў. Грамадзкасьць і афіцыёз, і мы ў Фронце, рыхтаваліся кожны па-свойму тое адзначыць. Але Быкаў (які ўвогуле не любіў урачыстых афіцыёзаў) адмовіўся ад ушанаваньня свайго юбілею і ў Саюзе пісьменьнікаў, і ў іншых месцах. Ён сказаў, што будзе толькі ў Фронце, у сядзібе БНФ. І я разумеў, чаму ён так вырашыў.

Прыйшла моц людзей. Але не было ні адной чужой афіцыёзнай фізіяноміі, ніводнай фальшывай прамовы. Сабраўся цьвет нашай творчай нацыі, былі цёплыя позіркі і словы, простыя шчырыя дачыненьні і народныя сьпевы. Думаю, што было якраз тое, што трэба было гэтаму вялікаму чалавеку для добрасьці яго шчырай беларускай душы.

Празь 10 гадоў гэтыя ж самыя людзі праводзілі яго ў апошні шлях. Ужо перамяніўся сьвет. Цемра, хамства, гразь і нянавісьць віравалі вакол, імкнуліся зганьбіць ягоную сьмерць. Гэбоўскія бесы выскоквалі на дарогу, спрабавалі танцаваць перад яго труной. Эфір гэбісцкіх рацый поўніўся матам і подлымі камандамі на подлыя справы (гэта чулі сьведкі).

Нічога ня выйшла ў цемрашалаў. Абвалілася ў іх усё. Наша сіла мацнейшая. Сьветлым і магутным быў апошні шлях Васіля Быкава.

Быкаў мог дажыць да 90 гадоў. Ён мог яшчэ быць разам з намі. Мы вельмі перажывалі, што ён адышоў і ведаем ягоных скрытых забойцаў. І ўсё ж такі Боская воля лепшая, чым нашыя меркаваньні.

Дажываючы да 90, гэты вялікі чалавек вымушаны быў бы з году ў год адчуваць павелічэньне нянавісьці, брыдоты, ілжы вакол свайго сьветлага імя. Зьдзекваліся б зь яго старасьці так, як рабіў гэта адзін вусаты мярзотнік у час яго сьмерці, абплёўвалі б яго мінулае, яго творчасьць і славу. Гэта было б, бо такая прырода падлюг, што цяпер дасягнулі ўлады.

За сябе мне сказаць проста. За 25 гадоў у палітыцы, вакол майго арганізму ўжо даўно стварылася стальная браня. І няма на сьвеце такой ілжы з боку нізкіх, якая б мяне раніла ці выбіла б з раўнавагі. Нездарма яны захлёбваюцца — гэта ад бясьсільля.

Не сумняваюся, што ўсё перамог бы і Быкаў, але... прапусьціўшы праз сэрца. Бо такая прырода сьветлых людзей.

Сьмерць Быкава выклікае адчуваньне трагедыі і горычы ня толькі таму, што ворагі прысьпешылі яго паміраньне і ён мог яшчэ жыць, але найперш таму, што сьветлы Быкаў пайшоў, а акупанцкая чэрнь засталася, віруе, кіруе, і ён ня ўбачыў яе канца.

Ён убачыць яе зь нябёс. Тут вельмі розныя сутнасьці. Нечысьці ў індывідуальным выяўленьні абавязкова прыходзіць натуральны канец. Нечысьць нічога не пакідае для будучыні.

Тым часам імя і творчасьць Быкава належаць вечнасьці, бо адлюстравалі яе ў вобразах, думках і харастве. Творчасьць Быкава — гэта сусьветны ўзровень, пазнаньне для ўсяго чалавецтва.

Гэта будзе ўсьвядомлена моцна, калі моцнай будзе Беларусь, тая сьветлая, культурная і магутная народная Беларусь, за якую змагаўся Народны Фронт.

19. 06. 2013 Зянон ПАЗЬНЯК

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG