Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры G-8 дамовіліся супольна падтрымаць Сырыю


Лідэры краінаў "Вялікай васьмёркі" перад групавым здымкам
Лідэры краінаў "Вялікай васьмёркі" перад групавым здымкам

Лідэрам краінаў «вялікай васьмёркі» на саміце ў Паўночнай Ірляндыі ўдалося пераадолець разнагалосьсі і дамовіцца аб агульнай пазыцыі па Сырыі.

У выніковым камюніке гаворыцца аб падтрымцы палітычных перамоваў па ўрэгуляваньні канфлікту ў Сырыі, аб правядзеньні расьследаваньня магчымага ўжываньня рэжымам сырыйскага прэзыдэнта Башара Асада хімічнай зброі супраць паўстанцаў, а таксама аб аказаньні гуманітарнай дапамогі сырыйскаму народу ў аб’ёме паўтара мільярда даляраў.

У камюніке таксама ёсьць палажэньне аб адмове ад якіх-небудзь выплатаў тэрарыстам за вызваленьне закладнікаў. У дакумэнце гаворыцца, што «Аль-Каіда» і зьвязаныя зь ёй групоўкі за апошнія два гады атрымалі каля 70 мільёнаў даляраў у выглядзе выкупу за захопленых імі людзей, і гэта было адной з крыніцаў атрыманьня тэрарыстычнымі арганізацыямі сродкаў на падрыхтоўку і зьдзяйсьненьне тэрактаў.

Акрамя таго, у камюніке саміту «вялікай васьмёркі», які завяршыўся ў аўторак у курортным гарадку Лох-Эрн, адзначаецца, што ўрады павінны працаваць разам, каб закрыць шчыліны, якія дазваляюць шматнацыянальным кампаніям не плаціць падаткі ў сваёй краіне. Лідэры вядучых індустрыяльных краінаў заклікалі падатковыя органы па ўсім сьвеце да абмену інфармацыяй ў справе барацьбы з ухіленьнем ад выплаты падаткаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG