Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусьфільм» чакае грошай ад амэрыканскага пракату «Ў тумане»

абноўлена

Кадр з фільму "У тумане", зьнятага па повесьці Васіля Быкава
Кадр з фільму "У тумане", зьнятага па повесьці Васіля Быкава

Фільм «У тумане» рэжысэра Сяргея Лазьніцы пасьпяхова стартаваў у амэрыканскім пракаце. У ЗША карціна выйшла на шырокія экраны ў выходныя.

Паводле гендырэктара кінастудыі «Беларусьфільм» Алега Сільвановіча, рэйтынг фільму за два дні склаў 3,5 з 5.

«Гэта добры вынік. Трэба сказаць, што для беларускага кіно трапіць у Амэрыку — гіганцкае культурнае дасягненьне. Перш за ўсё мы чакаем ад пракату грашовых вынікаў», — сказаў Алег Сільвановіч.

Цяпер паказы карціны праходзяць у трох кінатэатрах Мангэтана. Стужка выклікала цікавасьць з боку прэсы. Вельмі прыхільную рэцэнзію на карціну Лазьніцы апублікавала газэта New York Times, у якой, сярод іншага, адзначаецца:

«„У тумане” пачынаецца ў злавеснай атмасфэры, якая адразу ўсталёўвае адчуваньне штораз большага неспакою. Спадар Лазьніца не разбаўляе гэтага настрою ні адным зь вядомых трукаў кіно: напрыклад, у карціне няма музычных сыгналаў, якія спадарожнічалі б нейкім трывожным або неадназначным сцэнам. Як і ягоным героям, гледачу даводзіцца самому прабірацца праз кожны нечаканы паварот сюжэту.

Першы паварот у нечаканае адбываецца, калі Сушчэня і яго два канвойнікі прыходзяць да згоды адносна месца расстрэлу. Раптам успыхвае перастрэлка, у якой Бурава раняць, а Войцік кудысьці зьнікае. Застаўшыся сам-насам з адным са сваіх патэнцыйных катаў, Сушчэня клапоціцца пра яго, а потым узвальвае Бурава на свае плечы, несучы яго і маральны цяжар гісторыі з усё большай спагадай. Сьвет і выбар у ім часта аказваецца жорсткімі, але, нягледзячы на ўсе выпрабаваньні, якія выпалі на долю ягоных герояў, спадар Лазьніца стараецца знайсьці чалавечую дабрыню пасярод чалавечай катастрофы».

Гэта міжнародны кінапраект, у вытворчасьці якога ўдзельнічалі Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм», MA.JA.DE Fiction (Нямеччына), кінакампанія «Джы Пі» (Расея), Rija Films (Латвія), Lemming Film (Нідэрлянды), а таксама тэлеканал ZDF/ARTE (Нямеччына), Фонд падтрымкі эўрапейскага кіно Eurimages. Правы на продаж карціны па ўсім сьвеце належаць кампаніі Match Factory.

Стужка ўганаравана прэстыжным прызам журы Міжнароднай фэдэрацыі кінапрэсы FIPRESCI на 65-м міжнародным кінафэстывалі ў Канах, стала найлепшай карцінай XIV Міжнароднага кінафэстывалю ў Трыесьце, заваявала Гран-пры XXII Міжнароднага славянскага кінафоруму «Залаты Віцязь» у Хабараўску.

Акрамя фільму «Ў тумане», амэрыканскаму гледачу прадстаўлены яшчэ дзьве стужкі Сяргея Лазьніцы — «Шчасьце маё» і «Ліст».

Карціны будуць у пракаце на працягу месяца. Пасьля Нью-Ёрку фільмы пакажуць у іншых гарадах ЗША.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG