Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 17 чэрвеня: канцэрт Алеся Камоцкага; саміт G8; парыскі авіясалён


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

У Дзяржаўным літаратурным музэі Янкі Купалы вэрнісаж выставы у рамках праекту «Краявiды зямлi беларускай: клясыкi беларускага жывапiсу з прыватных збораў». Пачатак а 17.00.

У Тэатры беларускай драматургіі ў Менску (Крапоткіна, 44) зь «Вялікім канцэртам для сяброў» выступіць Алесь Камоцкі. Разам зь ім выступяць Алег Змушка (гітара), Алеся Сівохіна (вакал, гітара, перкусія), Анатоль Лабанок (кантрабас), Аляксандар Віслаўскі (клавішныя, вакал, перкусія), Іна Перасецкая (вакал, гітара, пэркусія), Тацьцяна Беразоўская (пэркусія). Пачатак а 22.00.

У Паўночнай Ірляндыі, над возерам Лох-Эрн, пачынаецца двухдзённы саміт «Групы васьмі» або «Вялікай васьмёркі» (G8) — нефармальнай групы васьмі найбольш прамыслова разьвітых краінаў сьвету (Расея, ЗША, Вялікабрытанія, Францыя, Японія, Нямеччына, Канада, Італія), лідэры якіх сустракаюцца раз на год, каб ўзгадніць падыходы да актуальных міжнародных праблемаў. Апошнім часам у гэтых сустрэчах бяруць удзел і прадстаўнікі Эўрапейскай камісіі.

Лідэры краінаў "вялікай васьмёркі" гледзяць матч Лігі Чэмпіёнаў - "Чэлсі" супраць "Баерн Мюнхен"
Лідэры краінаў "вялікай васьмёркі" гледзяць матч Лігі Чэмпіёнаў - "Чэлсі" супраць "Баерн Мюнхен"


На лётнішчы Ле-Буржэ каля Парыжу пачынаецца сямідзённы міжнародны авіясалён. Гэтая выстава авіятэхнікі адбываецца раз на два гады.

17 чэрвеня — Сусьветны дзень барацьбы з апустыньваньнем і засухай

17 чэрвеня — нацыянальнае сьвята Рэспублікі Ісьляндыя, якая ў гэты дзень у 1944 годзе абвясьціла незалежнасьць ад Каралеўства Даніі.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1696 — памёр кароль Рэчы Паспалітай і вялікі князь літоўскі Ян ІІІ Сабескі.

1793 — у Гродне пачаўся апошні сэйм Рэчы Паспалітай, які зацьвердзіў другі падзел Рэчы Паспалітай і прыняў новую Канстытуцыю.

1890 — у Менску адкрыўся новы гарадзкі тэатар. Цяпер у ім месьціцца Нацыянальны драматычны тэатар імя Янкі Купалы.



1934 — пачаў дзейнічаць Бяроза-Картускі лягер палітычных зьняволеных

1938 — у Омску расстраляны Аркадзь Смоліч, дзеяч Беларускай Народнай Рэспублікі, вучоны ў галіне эканомікі і сельскай гаспадаркі, географ, картограф.

1953 — паўстаньне працоўных у ГДР, калі ў больш чым 700 мясцовасьцях адбыліся антыўрадавыя страйкі і дэманстрацыі. Выступы былі здушаныя групай савецкіх войскаў у ГДР.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

«Хвароба — гэта дробязь, калі ў чалавека ёсьць хтосьці, хто заўсёды гатовы суцешыць яго. Ня мець нікога — вось што значыць быць хворым».
Гальдаўр Лякснэс, ісьляндзкі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі 1955.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG