Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПА АБСЭ рыхтуе крытычную рэзалюцыю па Беларусі


Рэзалюцыю па сытуацыі ў Беларусі плянуецца прыняць на 22-й сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якая пройдзе з 29 чэрвеня па 3 ліпеня ў Стамбуле.

У праекце рэзалюцыі, які разьмешчаны на сайце асамблеі, утрымліваецца заклік да беларускіх уладаў неадкладна і безумоўна вызваліць і апраўдаць усіх палітычных зьняволеных, у тым ліку ўмоўна асуджаных і абмежаваных у свабодзе перамяшчэньня, а таксама забясьпечыць іх поўнае аднаўленьне ў грамадзянскіх і палітычных правах.

Акрамя таго, паводле праекту, ПА АБСЭ заклікае ўрад дазволіць прадстаўнікам асамблеі наведаць палітвязьняў, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах.

Праект рэзалюцыі асуджае абыходжаньне з палітвязьнямі, якія ўтрымліваюцца ў турмах па палітычна матываваных абвінавачаньнях і ў шмат якіх выпадках пазбаўлены права на рэгулярныя сустрэчы са сваімі адвакатамі і сваякамі, а таксама зазнаюць іншыя прыніжэньні, раўнасільныя катаваньням.

Прысутнічае заклік да беларускага ўраду адмяніць любыя абмежаваньні на перамяшчэньне ўмоўна асуджаных палітвязьняў, у тым ліку жонкі экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя СаньнікаваІрыны Халіп і былога кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзіміра Някляева.

Афіцыйны Менск заклікаюць аднавіць ліцэнзіі адвакатаў, якія былі іх пазбаўленыя ці мусілі пад ціскам выйсьці ў адстаўку за абарону прадстаўнікоў апазыцыі і грамадзкіх актывістаў.

У праекце дакумэнту ўтрымліваецца заклік да ўладаў спыніць ціск і перасьлед прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, у прыватнасьці, моладзевых арганізацый і рухаў, прафсаюзаў, незалежных СМІ і праваабаронцаў.

Ураду прапанавана «разгледзець магчымасьць правядзеньня істотных заканадаўчых рэформаў з мэтай прывядзеньня законаў краіны ў адпаведнасьць з эўрапейскімі стандартамі, уключаючы ліквідацыю няроўнасьці ў разьмеркаваньні ўладных паўнамоцтваў на карысьць выканаўчай улады ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй краіны 1996 году, надаючы пры гэтым асаблівую ўвагу зьмяншэньню залежнасьці судовай сыстэмы ад органаў выканаўчай улады».

ПА АБСЭ таксама заклікае адмяніць артыкул 193.1 Крымінальнага кодэксу (дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі).

У праекце рэзалюцыі выказаны жаль з нагоды абмежаванага супрацоўніцтва паміж урадам Беларусі і многімі інстытутамі АБСЭ, а таксама абмежаванага супрацоўніцтва з Рабочай групай ПА АБСЭ па Беларусі, якая не атрымлівала запрашэньняў наведаць краіну.

Як адзначаецца ў дакумэнце, парушэньні правоў чалавека ў Беларусі «па-ранейшаму носяць сыстэмны і сыстэматычны характар, пра што наглядна сьведчыць цэнтралізацыя заканадаўчай і выканаўчай улады ў руках прэзыдэнта, чые ўказы зьяўляюцца асноўным заканадаўчым мэханізмам у краіне, што падрывае ролю парлямэнту».

Прапануецца, каб ПА АБСЭ заклікала ўлады Беларусі да «выкананьня сваіх абавязаньняў у рамках АБСЭ ў адносінах да свабоды сходаў і свабоды выказваньня меркаваньняў і да лібэралізацыі заканадаўства і практыкі шляхам прадстаўленьня грамадзянам права на выказваньне грамадзкага пратэсту як у інтэрнэце, так і празь іншыя каналы».

У праекце рэзалюцыі таксама гаворыцца пра неабходнасьць адмяніць усе ўжо вынесеныя ў Беларусі сьмяротныя прысуды і неадкладна прыступіць да працы па адмене сьмяротнага пакараньня, паведамляе БелаПАН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG