Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паеду ў Польшчу — там усё таньней»


Памежны гандаль на беларуска-польскай мяжы апошнім часам значна скараціўся.

Беларускія мытнікі больш жорстка кантралююць увоз з Польшчы харчоў, прадпрымальнікі не бяруць на рэалізацыю несэртыфікаваны тавар, а польскія мытнікі пільней шукаюць у беларусаў цыгарэты.

Апошнім часам у будзённыя дні на памежным пераходзе «Брузгі — Кузьніца Беластоцкая» заўважна паменела транспарту. Праехаць можна нават без чаргі. Забарона перасякаць мяжу часьцей, чым раз на восем дзён на адным і тым самым аўта, дзейнічае надалей.

Спадар Васіль, які толькі што вярнуўся з Польшчы, распавядае, што многія езьдзяць і часьцей. Але тады пры выезьдзе трэба запаўняць дэклярацыю, мытнікі спраўджваюць колькасьць паліва ў баку. А потым на зваротным шляху, як правіла, агляд бывае пільнейшы, а колькасьць рэчаў для ўвозу абмежаваная.

Праўда, так ціха на памежным пераходзе не заўсёды.

Спадар: «Наагул, цішыня, спакойненька праехаў. Праўда, на чырвоным канале некалькі машын стаяла. А на выходныя, то там дурдом творыцца, не праехаць. На літоўскай мяжы таксама спакойна, за гадзіну праехаў назад».

Пытаюся — што сталася прычынай таго, што людзі пачалі меней езьдзіць у Польшчу?

Спадар: «Ды зараз папрыціскалі, не даюць нават харчоў увозіць. Сырое мяса наагул забаронена».

Іншы спадар: «Дазволена, здаецца, тры кіляграмы, калі мяса гермэтычна запакаванае. Але ж там гэта ўсё напалову таньнейшае, чым у нас. Што ў нас кіляграм купіш, то там — два. А гарэлку ад нас ужо ў Польшчу не вязуць, бо там таньнейшая. Гарэлку ўжо можна адтуль везьці».

Першы спадар дадае, што кантроль на мяжы стаў больш жорсткім.

Спадар: «Цікава, што надглядам павінны займацца мытнікі, а цяпер нас надглядаюць нават афіцэры памежных войскаў. І глядзяць канкрэтна, сумкі пераварочваюць. Замест таго, каб радзіму ахоўваць, яны лазяць па нашых сумках. Сорамна і крыўдна за нашу краіну».

Спадар дадае, што ў Кузьніцы амаль перастаў працаваць рынак, які называюць «Полем цудаў», дзе затаварваліся ўсе чаўнакі.

Спалар: «Поле цудаў» спыніла працу, бо ў нас уводзяць сэртыфікацыю на тавары, і камэрсантам, якія гандлююць гэтым таварам у нас, няма сэнсу яго браць, бо зьменяцца патрабаваньні да тавару. Здаецца, з 1 ліпеня ў нас пачнуць дзейнічаць гэтыя зьмены. Чарговая лавачка прыкрыта«.

Тым ня менш, як зазначаюць мае суразмоўцы, рух на памежных пераходах ня можа спыніцца.

Спадар: «Людзі цяпер ня ставяць на мэце „наварыцца“ на цыгарэтах, у асноўным едуць „прыхваціць“ тавару ў Кузьніцы і набыць харчоў. Гэта цяпер асноўная мэта паездак. Ну, і апаратуру для сябе альбо на заказ перавезьці, бо там значна таньней».

Спадарыня: «Паеду туды — то памідоры, гуркі куплю, тую ж капусту, бульбу, цыбулю, апэльсіны тыя ж...»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG