Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затопленыя і забытыя


Палеская вёска ўсё яшчэ пад прыпяцкай вадой
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:02 0:00
Наўпроставы лінк

Палеская вёска ўсё яшчэ пад прыпяцкай вадой

Жыхары вёскі Мардзьвін Петрыкаўскага раёну дагэтуль церпяць ад веснавой паводкі.

18 красавіка тут прарвала ахоўную дамбу — высокая вада з Прыпяці затапіла шмат якія хаты й падворкі. Дамбу аднавілі, але вада ў вёсцы засталася стаяць, як у катлаване. У шмат каго зь вяскоўцаў дагэтуль затопленыя гароды — людзі ня могуць пасадзіць бульбу. Патрабуюць рамонту хаты, грубкі, калодзежы.

Вяскоўка Натальля Еўлаш, якая гадуе траіх дзяцей, кажа, што для яе зямля — гэта жыцьцё. Па сутнасьці, з гароду яна й жыве. Вада ад хаты адступіла на нейкія паўтара дзясятка мэтраў. Тут яна пасадзіла крыху бульбы, цыбулі, памідораў. Бальшыня зямельнага ўчастку па-ранейшаму пад вадою:

«Бяда, таму што вада вялікая — вялікая вада. У мяне трое дзяцей — трэба бульбу пасадзіць. Во крыху пасадзілі за хатаю — дзе можна было, пасадзілі памідоры, цыбулю. Трэба ж карміць дзяцей! У полі — там гразь таксама па калена. У мяне дзеці сёлета паступаць хочуць у вучэльні — трэба ж дзецям неяк сумку сабраць. А што я зраблю з гэтымі маленькімі сотачкамі, гэтымі хвосьцікамі? Самая карміцелька ў мяне — гэта зямля».

Раней Натальля рабіла санітаркаю ў мясцовым фэльчарска-акушэрскім пункце, але яго закрылі. Даўно падала дакумэнты ў раённую ўправу сацыяльнага забесьпячэньня на догляд за 84-гадовай Вольгай Еўлаш. Аднак адказу адтуль няма.

Няма працы і ў грамадзянскага мужа Натальлі. Таму й трымаецца сям’я за зямлю, якая сёлета неспадзявана для вяскоўцаў апынулася пад вадою. І гэтай вадзе ні ратавальнікі, ні мэліяратары ня могуць даць рады паўтара месяца:

«Няхай яны ўключаюць помпы і высмоктваюць гэтую ваду, бо выйсьця іншага няма».

Пэнсіянэры Надзея Буракевіч і Павал Трухановіч ня стрымліваюць сьлёз, расказваючы пра свае пакуты.

«Вады ў нас было па вокны. Мы і ў доле спалі, і на печы спалі. З вужамі спалі. Адчынена хата была, дык яны наплылі ў хату. Вазьму кіёчка, ды аб вядро, што стаяла ўверсе, бразгаю — вуж уцячэ. Я зноў нібыта засну, а потым зноў устаю і кійком бразгаю, каб вужа гнаць. Вось так я й спала. На трэці дзень сяк-так выгналі з хаты гэтага вужа».

Кабета гаруе, што вада нарабіла шмат шкоды:
Мы і ў доле спалі, і на печы спалі. З вужамі спалі

«Буракі ўтапіла ў нас, сена ўтапіла. Калодзеж праваліўся — сьмецьця поўна ў калодзежы. Лодкі не было. Муж дошкі пазьбіваў — і плаваў на тых тарках. А той тарок павернецца — і мы падаем у ваду. Я выцягвала яго, галасіла. А цяпер вельмі сырасьць вялікая ў хаце. Шпалеры пагнілі, тынк увесь адвальваецца. Я кожны дзень падмятаю і выношу на двор, бо падлога гніе. Самі бачыце, што тут усё пагінула. Яшчэ й з соткамі невядома што будзе».

Надзея Васільеўна з мужам капалі раўчукі на прысядзібным участку, каб пазбавіцца ад вады. Пасадзілі крыху бульбы, але яна не ўзыходзіць, а толькі гніе ў набраклай вільгацьцю глебе.

Пэнсіянэрка лічыць, што служба дзяржстраху, мясцовыя ўлады павінны самі прыйсьці й пераканацца ў вялікай шкодзе, якую нанесла паводка. І, канечне, рэальна дапамагчы:

«Яны ж самі павінны прыйсьці й вызначыць, што нам даць, а што ня даць. Тут усё пагінула. Гэтыя рэчы, шмацьцё з вады выцягнула — і цяпер яно так падсыхае. Усё пажоўкла, пагніло ў хаце — нават падлога й сьцены. Трэба, каб Петрыкаўскі райвыканкам нам дапамог, бы мы за сваю пэнсію нічога ня зробім».

Адзінокая суседка спадарыні Надзеі, Аўдоцьця Буракевіч, наагул ніякіх сотак не пасеяла — і ўчастак ня высах, і сіл няма.
А яны мне проста ў вочы: «Пайшоў ты к чорту: яна больш саляркі жарэ, чым вады адпампоўвае»

Леанід Прыкота з жонкай Евай кінулі й думаць пра пасадку бульбы. Спадзеў на дапамогу мэліяратараў ды ратавальнікаў меншае з кожным днём:

«Ужо нічога ня зробяць. Дапусьцім, ваду адпампуюць, але араць позна ўжо. Ужо чэрвень, а ў ліпені якая бульба? Там у нас помпавая станцыя ёсьць. Яе затапіла. Трансфарматар там затапіла — нешта такое. Адпампоўваць ваду няма ўжо чым. Прывезьлі былі перасоўную помпавую ўстаноўку. Два дні адпампоўвалі, а потым забралі. Я сам ім казаў: «Што ж вы робіце? Куды ж вы забіраеце?» А яны мне проста ў вочы: «Пайшоў ты к чорту: яна больш саляркі жарэ, чым вады адпампоўвае».

Мясцовыя жыхары наагул лічаць, што прамывіну дамбы наагул ня трэба было засыпаць, пакуль вада зь вёскі ня вернецца ў Прыпяць. Мэліяратары ўрэшце гэта зразумелі — самі пракапалі дамбу ў процілеглым баку. Але месца выбралі няўдалае: вада крыху схлынула, аднак цалкам вёска ад яе не пазбавілася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG