Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Архан Памук: Чаму на плошчы Таксім зьбіраюцца людзі?


Турэцкі пісьменьнік Архан Памук, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры за 2006 год, лічыць, што шматдзённыя антыўрадавыя пратэсты, якія праходзяць на плошчы Таксім у Стамбуле, зьяўляюцца адначасова і змаганьнем за пашану народнай памяці.

Памук зьмясьціў на сайце часопісу New Yorker свой блог, у якім тлумачыць, што значыць плошча Таксім для жыхароў Стамбулу. Загаловак блогу — «Успамін пра плошчу» (Memories of a Public Square) — пераклікаецца з загалоўкам ангельскага перакладу ягонай славутай кніжкі «Стамбул. Успамін пра горад» (Istanbul. Memories of a City).

Дзеля таго, каб разабрацца ў пратэстах на плошчы Таксім ў Стамбуле на гэтым тыдні, а таксама зразумець тых мужных людзей, якія на вуліцах змагаюцца з паліцыяй і задыхаюцца ад сьлезацечнага газу, я хацеў бы падзяліцца гісторыяй з асабістага жыцьця. У кнізе ўспамінаў «Стамбул» я пісаў пра тое, як уся мая сям’я жыла ў кватэрах, якія складалі цэлы дом Памукаў у раёне Нішанташы. Перад гэтым будынкам рос пяцідзесяцігадовы каштан, які, на шчасце, усё яшчэ там. У 1957 годзе муніцыпалітэт вырашыў сьсекчы дрэва, каб пашырыць вуліцу. Самаўпэўненыя бюракраты і аўтарытарныя кіраўнікі гораду праігнаравалі апазыцыю жыхароў навакольля. Калі прыйшоў час сьсякаць дрэва, наша сям’я правяла цэлы дзень і цэлую ноч на вуліцы, па чарзе ахоўваючы каштан. Такім чынам, мы ня толькі абаранілі наша дрэва, але і стварылі агульны ўспамін, які ўся сям’я ўвесь час узгадвае з прыемнасьцю і які зьвязвае нас усіх.

Сёння плошча Таксім зьяўляецца такім каштанам для Стамбулу. Я жыву ў Стамбуле ўжо шэсьцьдзесят гадоў, і не магу сабе ўявіць, што ёсць хоць адзін жыхар гэтага гораду, у якога няма ніводнага ўспаміну, зьвязанага з плошчай Таксім. У 1930-х у старых казармах артылерыі, якія цяпер урад хоча ператварыць у гандлёвы цэнтар, быў невялікі футбольны стадыён, на якім праходзілі афіцыйныя матчы. Знакаміты клюб «Таксім Газіно», які быў цэнтрам начнога жыцьця Стамбулу ў 1940-х і 1950-х, стаяў на рагу парку Гезі. Пазьней будынкі клюбу зьнесьлі, павысякалі старыя дрэвы і пасадзілі новыя, і ўздоўж парку ўзьнік шэраг крамаў ды найбольш вядомая мастацкая галерэя Стамбулу. У 1960-я я марыў стаць мастаком і выстаўляць свае карціны ў гэтай галерэі. У 1970-я на плошчы адбываліся шумныя адзначэньні Сьвята працы, арганізаваныя левымі прафсаюзамі і недзяржаўнымі арганізацыямі. Нейкі час і я прымаў удзел у тых сходах. (У 1977 годзе 42 чалавекі былі забітыя ў выніку правакацыі, якая выклікала гвалтоўныя забурэньні.) У часы сваёй маладосці я зь цікавасцю і прыемнасьцю назіраў, як разнастайныя палітычныя партыі — правыя, левыя, нацыяналістычныя, кансэрватыўныя, сацыялістычныя і сацыял-дэмакратычныя — праводзілі мітынгі на плошчы Таксім.

Сёлета ўрад забараніў адзначаць Сьвята працы на плошчы. Што да казармаў, дык усе ў Стамбуле ведаюць, што іх зьбіраюцца перарабіць у гандлёвы комплекс, у адзінай зялёнай зоне ў гарадзкім цэнтры. Правядзеньне такіх значных зьменаў на плошчы і ў парку, зь якім зьвязаная памяць мільёнаў, без кансультацый з жыхарамі Стамбулу было першай сур’ёзнай памылкай ураду Эрдагана. Гэткі абыякавы падыход выразна сьведчыць пра дрэйф ураду ў бок аўтарытарызму. (З правамі чалавека ў Турцыі цяпер найгоршая сытуацыя за ўсё апошняе дзесяцігодзьдзе.) Але мяне напаўняе надзея і ўпэўненасьць, калі я бачу, што людзі ў Стамбуле не адмовяцца ад свайго права на правядзеньне палітычных дэманстрацый на плошчы Таксім — так як не адмовяцца ад сваіх успамінаў — без змаганьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG