Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква. Беларускі вакзал. Васіль Быкаў


У Расеі створана грамадзкая ініцыятыва, якая ставіць на мэце ўсталяваньне помніка клясыку беларускай літаратуры Васілю Быкаву на плошчы ля Беларускага вакзалу, якой на пачатку 1990-х вярнулі назву Цьвярская застава.

Раней маскоўскія ўлады не выключалі, што пасьля маштабнай рэканструкцыі сюды вернуць дэмантаваны ў 2005-м помнік Максіму Горкаму — менавіта ягонае імя некалі насіла вуліца Цьвярская, якая ўпіралася ў Беларускі вакзал. Аднак грамадзкасьць лічыць, што пасьля татальных перайменаваньняў Горкаму тут ня месца, а Быкаў будзе годна сустракаць і праводзіць землякоў.

Больш за пяць гадоў вядуцца рамонтныя працы на подступах да Беларускага вакзалу ў Маскве, і да 2015-га будаўнікі абяцаюць іх скончыць. Адначасова гарадзкія ўлады хочуць вярнуць на старое месца помнік пралетарскаму пісьменьніку Максіму Горкаму. Адгэтуль і паўстала ініцыятыва тых, хто не хацеў бы такога вяртаньня — надаць Беларускаму вакзалу сапраўды беларускае аблічча. Расказвае журналістка Першага расейскага тэлеканалу, арганізатарка моўных курсаў «Мова ці кава» Кацярына Кібальчыч:

Кацярына Кібальчыч
Кацярына Кібальчыч
«Цяпер ідзе вялікая рэканструкцыя Беларускага вакзалу ў Маскве — калі прыедзеце зь Менску і выйдзеце на вакзальную плошчу, то ўбачыце, што там усё перакапана. Дык вось ідэя ў наступным: калі там усё будзе прыгожа, там павінен стаяць помнік Васілю Быкаву. Раней, хто ня ведае, там быў помнік Горкаму. За савецкім часам вуліца Цьвярская насіла назву Горкага, але ніякай вуліцы Горкага ўжо няма, і лягічнае пытаньне: ці павінна там стаяць ягоная скульптура? Тым больш — нельга казаць, што Горкі ўвасабляў гістарычны воблік Масквы: ён там і пабыў зусім нядоўга.

Зь іншага боку, кожны год 9 траўня на Беларускім вакзале ў Маскве сьвяткуюць дзень Перамогі: цягнік Перамогі, вэтэраны, якія едуць у Берасьце. Беларускі вакзал у сьвядомасьці расейцаў так ці інакш зьвязаны з вайной, зь беларускім фронтам. Васіль Быкаў — адзін з самых вядомых беларускіх пісьменьнікаў, які пісаў пра вайну. Яго тут ведаюць, ведаюць фільмы па яго творах, калі нават не чыталі. І калі людзі будуць прыяжджаць на Беларускі вакзал і іх будзе сустракаць Быкаў, мне здаецца, там ён будзе на сваім месцы. Прынамсі, ня будзе выглядаць — чаму зьявіўся помнік беларускаму пісьменьніку ў горадзе, дзе ён ніколі ня жыў, а толькі прыяжджаў у гатэль „Масква“ на нейкія пісьменьніцкія зьезды?»

Спробы ўвекавечыць слыннага земляка на радзіме — збольшага бясплённыя. Тысячы подпісаў за наданьне імя Быкава адной з вуліц Менску зьніклі ў кабінэтах Менгарвыканкаму. Не ўдалося рэалізаваць аналягічную задуму і ў Горадні. Пра ўсталяваньне помніка размова не ідзе ўвогуле — маўляў, калі няма аднайменнай вуліцы, то дзе ставіць? На кампраміс з заяўнікамі дзяржава пайшла толькі аднойчы, дый тое з умовай, што гэта будуць выселкі — у Ждановічах, дзе пісьменьнік меў лецішча, хоць і ня надта любіў там бываць. Тым больш, як кажа Кацярына Кібальчыч, зьяўленьне помніка Быкаву ў Маскве стала б «аплявухай» для ўладаў, якія ня могуць дараваць творцу ягоную пазыцыю нават пасьля сьмерці:

«Я думаю, што нічога немагчымага няма — і ў Менску таксама ўсё магчыма, пры пэўным зьбегу абставінаў. Але пакуль сытуацыя, вядома, ненармальная. Я адмыслова паглядзела: сапраўды, няма ніводнага помніка Васілю Быкаву ў Беларусі. Шмат гаварылі, што зьявіцца вуліца ў Горадні, якой гарадзенцы чакаюць дагэтуль, ды нібыта ёсьць памятная шыльда на будынку ў Віцебску, дзе Быкаў вучыўся. Але помніка няма. Таму я думаю, што калі помнік Быкаву ўдасца паставіць у Маскве, то ён абавязкова будзе і ў Беларусі. Так што спадзяюся, што ў нас атрымаецца своеасаблівая шматхадоўка, у выніку якой помнік урэшце зьявіцца і ў Менску. Бо сам факт для беларусаў можа паслужыць магутным штуршком».

Кацярына Кібальчыч пра ініцыятыву з помнікам Быкаву ў Маскве
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:03 0:00

Ініцыятары кампаніі за ўсталяваньне помніка Васілю Быкаву на Беларускім вакзале ўжо заручыліся падтрымкай Саюзу пісьменьнікаў Расеі і цяпер вядуць перамовы са структурамі, ад якіх залежыць прыняцьце канчатковага рашэньня. Сама Кацярына Кібальчыч шанцы на паразуменьне з маскоўскімі ўладамі лічыць досыць высокімі. Па яе словах, на днях зьнікае апошняя перашкода, да якой маглі чапляцца чыноўнікі — тэрмін даўнасьці, пасьля якога ўжо можна казаць пра мэмарыялізацыю асобы. 22 чэрвеня споўніцца 10 гадоў з дня сьмерці Быкава, што сутнасна зьмяняе сытуацыю:

«Увогуле ў Маскве вельмі цяжка паставіць помнік — няважна, Васілю Быкаву ці камусьці іншаму. Хацелі ў Маскве паставіць помнік Тарасу Шаўчэнку ўкраінцы — ім адмовілі. Але пры гэтым у Маскве ёсьць набярэжная Шаўчэнкі, ёсьць музэй, памятная шыльда, прысьвечаная Шаўчэнку. У сваю чаргу, мы паспрабуем сабраць пул аўтарытэтных людзей, якія падзяляюць ідэю помніка, разам зьвернемся ў мэрыю. Нас ужо падтрымаў Саюз пісьменьнікаў Расеі, будуць і іншыя. Мяркую, што зойме гэта некалькі месяцаў.

А цяпер ёсьць добрая нагода: 22 чэрвеня будзе акурат 10 гадоў, як ня стала Васіля Быкава. А ў Маскве існуе закон — нельга паставіць помнік чалавеку раней за 10 гадоў ад таго моманту, як ён сышоў з жыцьця. Маўляў, цягам дзесяцігодзьдзя будзе зразумела, ці пацьвердзілася ягоная значнасьць, ягоны ўнёсак у культурнае і грамадзкае жыцьцё. А паколькі мінула роўна 10 гадоў, цяпер мы маем юрыдычнае права падаць заяўку на ўсталяваньне помніка. Паглядзім, што з гэтага атрымаецца. Але мы будзем біцца за гэты помнік, будзем думаць, як уплываць на гарадзкія ўлады. Будзем мабілізаваць аўтарытэтных людзей у Расеі, аўтарытэтных людзей у Беларусі. І калі хто захоча далучыцца да гэтага праекту, то мы запрашаем усіх, бо гэта найперш грамадзянская ініцыятыва».

Як кажа Кацярына Кібальчыч, паколькі Васіль Быкаў — сапраўды народны пісьменьнік, будзе лягічна, калі і помнік яму будзе ўзьведзены на народныя грошы — ахвяраваньні сваіх аднадумцаў:

«Спачатку мы проста зьбіраем подпісы зацікаўленых людзей, для нас важная перадусім іх маральная падтрымка. Гэта найпершая задача. Па-другое, калі ў нас атрымаецца дабіцца прынцыповага „так“ ад маскоўскай мэрыі, ад маскоўскай гарадзкой думы, то тады ўжо будзе абвешчаны конкурс, тэндэр. То бок яны ўжо самі будуць выбіраць — які менавіта помнік, як ён будзе выглядаць, дзе ён непасрэдна будзе стаяць? Нарэшце, трэці этап — гэта ўласна збор сродкаў. Вядома, што гэта будзе помнік на народныя грошы, дый гэта добра гучыць, калі помнік народнаму пісьменьніку ўзводзіцца на народныя грошы, а не на дзяржаўныя. Бо ў такім выпадку гэта будзе, скажам так, больш каштоўны помнік. Такая вось ідэя».

Сам Быкаў ня раз хадзіў па плятформах Беларускага вакзалу, вандруючы паміж Менскам і Масквой. Па літаратурных справах наведваўся ў Маскву як сябра праўленьня Саюзу пісьменьнікаў СССР. Абіраўся народным дэпутатам СССР. У Маскве яму ўручалі шматлікія дзяржаўныя ўзнагароды. Яго кнігі дагэтуль выдаюцца ў расейскіх выдавецтвах, а зьнятыя па ягоных творах кінафільмы ўваходзяць у залаты фонд савецкага кіно. Апошні фільм па аповесьці «Ў тумане», зьняты рэжысэрам Сяргеем Лазьніцам, зьбірае ўраджай узнагародаў на міжнародных фэстывалях па ўсім сьвеце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG