Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША патрабуюць ад Ірана і "Хэзбалы" сысьці з Сырыі


Раніцай 5 чэрвеня сырыйскі дзяржаўны тэлеканал абвясьціў аб тым, што ўрадавыя сілы захапілі горад Кусэйр, які знаходзіцца недалёка ад мяжы з Лібанам.

Амаль цалкам разбураны горад запоўнены сырыйскімі салдатамі і байцамі "Хэзбалы", якія сьвяткавалі перамогу стрэламі ў паветра.

"Злучаныя Штаты самым рашучым чынам асуджаюць ўзяцьце Кусэйра рэжымам Асада. Гэтая апэрацыя забрала незьлічоную колькасьць чалавечых жыцьцяў і прынесла вялікія пакуты жыхарам горада», - гаворыцца ў заяве амэрыканскай адміністрацыі.

Як адзначыў прэс-сакратар Белага дома Джэй Карні, "відавочна, што рэжым не змог бы самастойна выбіць сілы апазыцыі з Кусэйра, без удзелу Ірана і "Хэзбалы", перадае ВВС.

Карні паўтарыў заклік да іранскіх уладаў і лідэраў "Хэзбалы" вывесьці сваіх байцоў з Сырыі.

Праз некалькі гадзін пасьля паведамленьня аб тым, што сырыйскія паўстанцы пакінулі Кусэйр, прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд заявіў, што ўзмацняюцца доказы выкарыстаньня ў Сырыі хімічнай зброі і гэта "заахвочвае міжнародную супольнасьць да дзеяньня". Алянд дадаў, аднак, што "мы можам дзейнічаць толькі ў рамках міжнароднага права".

Сырыйскія ўлады пасьлядоўна адмаўляюць паведамленьні аб выкарыстаньні імі хімічнай зброі і абвінавачваюць у гэтым паўстанцаў. Тыя, у сваю чаргу, адпрэчваюць гэтыя абвінавачваньні.

Між тым Злучаным Штатам і Расеі не ўдалося дамовіцца аб даце міжнароднай мірнай канфэрэнцыі па Сырыі, якую мяркуецца правесьці ў Жэнэве.

Спэцпрадстаўнік ААН і Лігі арабскіх дзяржаў па Сырыі Лахдар Брахімі абвясьціў, што гэтая канфэрэнцыя можа адбыцца ў ліпені, а не ў чэрвені, як плянавалася раней. Ён дадаў, што няздольнасьць Расеі і ЗША дамовіцца паміж сабой "выклікае пачуцьцё няёмкасьці".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG