Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пуп неба» — чэскі фільм пра беларускую паэзію і палітыку. Глядзіце онлайн


У інтэрнэце зьявіўся дакумэнтальны фільм пра сучасную беларускую паэзію і палітыку «Пуп неба». Яго можна паглядзець на сайце Чэскай тэлевізіі.

ГЛЯДЗЕЦЬ ФІЛЬМ ОНЛАЙН


Чэскі публічны тэлеканал ČT2, які спэцыялізуецца на культуры, публіцыстыцы і дакумэнталістыцы, разьмясьціў у інтэрнэце дакумэнтальны фільм «Пуп неба», прысьвечаны актуальным падзеям у беларускай паэзіі і палітыцы.

Ужыты ў назьве фільму вобраз узяты зь верша Віктара Жыбуля, напісанага ў рамках літаратурнага праекту Радыё Свабода «Верш на Свабоду» у 2001 годзе:

Я не хачу быць пупом зямлі.
У зямлі й безь мяне хапае пупоў.
Я хачу быць пупом неба.
Паветранай ямай і чорнай дзіркай
быць я хачу.
Там болей волі,
болей свабоды
там.


Да пупа неба ад Зямлі, бліжэй за ўсё з найвышэйшага пункту Менску, нейкіх 300 мэтраў над узроўнем мора, піша аўтар анатацыі пра фільм на сайце Чэскай тэлевізіі. За пару кілямэтраў адтуль — плошча Незалежнасьці, дзе ў сьнежні 2010-га міліцыя зьбівала дэманстрантаў, якія пратэставалі супраць сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў. Адным з кандыдатаў на выбарах быў і вядомы беларускі паэт Уладзімер Някляеў. Яго таксама зьбілі і пасадзілі пад хатні арышт. З гэтага ўсяго ўзьнік гэты фільм пра багатую і жывую беларускую паэзію, расейскамоўнага прэзыдэнта і пра «далькажык». Як жыве сёньня паэзія на пэрыфэрыі капіталізму і якія яна мае для яго мэтафары?



У гэтым партрэце Беларусі кантрасна супрацьпастаўленыя тамтэйшая сучасная паэзія і палітычныя актуаліі. Дзея фільму ахоплівае пэрыяд паміж дэманстрацыямі супраць вынікаў выбараў і так званымі маўклівымі пратэстамі летам наступнага году. У фільме гучаць 14 вершаў, якія прадстаўляюць найцікавейшыя зьявы ў паваеннай беларускай паэзіі. Найстарэйшаму аўтару за восемдзесят, наймаладзейшаму яшчэ няма й трыццаці.

«Я паспрабаваў у гэтай кінаанталёгіі выкарыстаць жанравыя прыёмы мюзыклу — дэклямацыі і пэрформансы найцікавейшых сучасных беларускіх вершаў зьняць як самастойныя „нумары“ і пры гэтым захаваць сюжэтную лінію», — камэнтуе жанр фільму рэжысэр Радзім Прохазка.

Спалучэньне паэзіі і палітыкі, на думку аўтара, дазваляе паказаць абсурднасьць сёньняшняй беларускай рэчаіснасьці, а таксама пэўную безвыходнасьць змаганьня супраць Лукашэнкі. Паказаўшыся ў некалькіх сцэнах, беларускі «паэт сілы» — прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка — даводзіць, што ягоныя дэмагагічныя выступы за ўсёды зьвяртаюць на сябе больш увагі, чым тонкія і бліскучыя паэтычныя мэтафары.

Асноўная частка фільму была зьнятая ўвесну 2011 году. Тады рэжысэр Прохазка разам з Эрыкай Гнікавай падрыхтаваў 10 кароткіх партрэтаў сучасных паэтаў для незалежнага тэлеканалу Белсат. Пасьля сыры матэрыял быў выкарыстаны і ў гэтым фільме.

ГЛЯДЗЕЦЬ ФІЛЬМ ОНЛАЙН

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG