Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Майдан — Плошча — Тахрыр — Балотная — Таксім


У чым падабенства і ў чым адрозьненьні цяперашніх масавых пратэстаў у Турэччыне і тых пратэстаў, якія былі ў апошнія гады ў Беларусі, Расеі, Украіне і ў арабскім сьвеце?

З такім пытаньнем мы зьвярнуліся да экспэрта ў справах мусульманскіх краінаў, дасьледчыка ўнівэрсытэту Гумбальта ў Бэрліне Сяргея Богдана. Зь ім гутарыў Юры Дракахруст.

РС: Апошнімі гадамі мы бачылі цэлы шэраг масавых акцый пратэсту, удалых і няўдалых рэвалюцыяў: украінскі Майдан, беларуская Плошча, расейская Балотная, рэвалюцыі «арабскай вясны», самай яскравай праявай якой была каірская плошча Тахрыр. Цяпер — плошча Таксім у Стамбуле, а дакладней, уся краіна, ахопленая хваляваньнямі. У чым адрознасьць і ў чым падабенства Таксіму і пералічаных іншых Плошчаў?

Богдан: Турэцкія падзеі выбіваюцца з агульнай канвы. У большасьці выпадкаў «арабскай вясны» ішлося пра тое, што з аднаго боку было відавочнае імкненьне народу зрынуць рэжым, а з другога боку — спарахнелы рэжым, які ўстыў народу. У Турэччыне іншая сытуацыя. Там ёсьць вялікі энтузіязм, пратэст супраць існай улады з боку шырокіх масаў, але ўрад мае вялікую падтрымку. Гэта датычыцца і падтрымкі элітаў, і падтрымкі народнай.

Там усё больш палярызавана. Ёсьць велізарная частка грамадзтва, якая падтрымлівае больш сьвецкія ідэі кемалізму (сьвецкая і вэстэрнізацыйная ідэалёгія стваральніка сучаснай турэцкай дзяржавы Мустафы Кемаля Атацюрка — РС), якой Эрдаган быў несымпатычны ад пачатку, але нямала людзей зацята падтрымліваюць Эрдагана, бо ім ідэі кемалізму абрыдлі яшчэ раней. Калі ў падзеях «арабскай вясны» з аднаго боку была народная маса, а з другога — купка паліцыянтаў і спэцслужбістаў, то ў Турэччыне ёсьць грамадзтва, расколатае яшчэ 70 гадоў таму. І гэта абвастрэньне даўняй турэцкай крызы ідэнтычнасьці, якая і складае зьмест турэцкай гісторыі. Таму я б не чакаў, што зараз Эрдаган паваліцца і нешта істотна зьменіцца. Проста Эрдагану трэба будзе шукаць новы кансэнсус. Ён думаў, што кемалісты канчаткова збанкрутавалі, што ён змог абясшкодзіць войска. Пазалетась пачаліся арышты адстаўных генэралаў і некаторых шыхтавых. А аказалася, што гэта ня так, не збанкрутаваў кемалізм. І стары зьмест турэцкай гісторыі застаецца на месцы.

РС: Апанэнты абвінавачваюць Эрдагана ў аўтарытарных замашках, паведамляецца пра 50 журналістаў, якія трапілі пры ім за краты. Як бы вы ацанілі ступень аўтарытарнасьці цяперашняй турэцкай палітычнай сыстэмы?

Богдан: Пра аўтарытарызм Эрдагана трэба казаць зь вялікімі агаворкамі. Лічбы арыштаваных журналістаў даволі сумнеўныя. Я ўпэўнены, што вялікая частка зь іх, калі не бальшыня, сядзіць за сувязі з курдзкімі незалежнікамі (ці сэпаратыстамі — хто як іх называе). Зь іншага боку, Эрдаган дамогся вялікіх посьпехаў у збліжэньні з курдзкай грамадой краіны. Культурныя правы курдаў да вялікай ступені нарэшце гарантаваныя. Прыведзеная ў парадак судовая і паліцэйская сыстэма. Цяперт пытаньне катаваньняў у турмах і пастарунках па меншай меры публічна абмяркоўваецца, а не існуе па змаўчаньні, як тое было яшчэ ў 90-я гады.

Калі глядзець аб’ектыўна, то ўрад Эрдагана больш дэмакратычны, чым папярэднія ўрады. Ён не 100% дэмакрат, у яго ёсьць вельмі сумнеўныя пункты праграмы што да рэлігіі, але ў параўнаньні з папярэднікамі ён значна большы дэмакрат.

РС: А якая роля ў цяперашніх падзеях у Турэччыне арганізаванай апазыцыі? У апошнія гады мы бачылі ў пэўным сэнсе супрацьлеглыя мадэлі. Майдан, да некаторай ступені беларуская Плошча, дзе на чале стаялі выразныя, усім вядомыя лідэры, і Тахрыр, дзе лідэраў і не было. Рэальныя апазыцыйныя лідэры — тыя самыя «Браты -мусульмане» — стаялі ў баку і чакалі свайго часу. Турэцкі варыянт бліжэйшы да Майдана ці да Тахрыра?

Богдан: Безумоўна, да Тахрыра. Тахрыр быў скарыстаны «Братамі-мусульманамі», бальшыня тых, хто рабіў эгіпэцкую рэвалюцыю, да «Братоў-мусульманаў» ніякага дачыненьня ня мела і не хацела мець. У Турэччыне людзей на плошчы вывела ідэалёгія, якая доўгія гады была ідэалёгіяй дзяржавы і якая цяпер увасобленая ў сьвецкіх апазыцыйных партыях. Усе мае турэцкія сябры-кемалісты цяпер ахопленыя вялікім энтузіязмам, што можна скончыць той працэс, які пасьпяхова вёў апошнія 10 гадоў Эрдаган. Ён умела маргіналізаваў турэцкіх кемалістаў, маргіналізаваў дэмакратычнымі сродкамі, у фармаце, прымальным для Захаду. Іх павыкідалі адусюль. Калі ён пачаў саджаць генэралаў, у Турэччыне гэта азначала, што ён можа рабіць усё, што хоча. Спыніць гэта мог толькі народны пратэст кшталту плошчы Таксім.

Цяпер сьвецкія партыі стаяць крыху ўбаку ад пратэстаў, баючыся за свой лёс. Але ў Турэччыне ёсьць повязь, ідэалягічная салідарнасьць паміж тымі, хто выходзіць на плошчу, і апазыцыйнымі партыямі. Гэта тое, чаго не было ў Эгіпце.

РС: Але Таксім ня мае пэўнага твару, які меў, скажам, Майдан?

Богдан: Няма. Таму што кемалізм — гэта ня проста палітычная плынь, ня нейкая партыя. Гэта ідэалёгія, лад жыцьця, тое, у што верыць значная частка турэцкага грамадзтва, верыць у тое, што можна пабудаваць эўрапейскую Турэччыну. Для іх ідэалёгія вышэйшая за партыі, якія яе прэзэнтуюць, гэтая ідэалёгія ўелася ў кроў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG