Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абмеркаваньне справаздачы Харасьці

На сэсіі Рады ААН па правах чалавека ў Жэнэве абмеркавалі справаздачу Спэцдакладчыка па правах чалавека ў Беларусі Міклаша Харасьці.

18:39 4.6.2013
Міклаш Харасьці ў заключнай прамове зазначыў, што толькі сёньня ён змог уступіць у дыялёг са спадаром Хвастовым.

Харасьці адказаў на крытыку на адрас сваёй справаздачы, настойваў на аб’ектыўнасьці і неперадузятасьці сваіх высноваў, патлумачыў, чаму парушэньні правоў чалавека ў Беларусі не толькі сыстэматычныя, але і сыстэмныя — паколькі яны зьяўляюцца вытворным ад існуючага ладу кіраваньня ў краіне. Спадар Харасьці назваў вельмі важным, каб працэс выкананьня рэкамэндацыяў быў двухбаковы, каб Менск не ўхіляўся ад супрацоўніцтва, паколькі ён ужо 10 гадоў адмаўляецца ад супрацы з камітэтам ААН па правах чалавека.

Як пазытыўныя навіны спадар Харасьці ацаніў паведамленьні аб сустрэчах міністра замежных спраў Беларусі Макея і ягонай намесьніцы Купчыной з прадстаўнікамі Эўразьвязу, іх заявы аб гатоўнасьці да супрацоўніцтва.

Спадар Харасьці заявіў, што ён гатовы далей працягваць мандат дакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі, і рабіць гэта аб’ектыўна і неперадузята.


Рашэньне аб працягу мандата спадара Харасьці можа быць ухваленае 6 чэрвеня.
18:12 4.6.2013
У заключнай рэмарцы прадстаўнік афіцыйнага Менску Міхаіл Хвастоў выказаў падзяку тым краінам, якія выступалі за дыялёг па правам чалавека, і нагадаў краінам Эўразьвязу пра масавыя народныя пратэсты ў іх краінах і выказаў гатоўнасьць Менска да дыялёгу па праблемам гэтых краінаў.

«Што датычыць Бяляцкага, ён асуджаны за няўплату падаткаў, ягоныя даходы пацьверджаныя ўрадамі Польшчы і Літвы», — заявіў Хвастоў.
18:06 4.6.2013
Прадстаўніца Freedom House заявіла: «У Беларусі не было свабодных выбараў з 1994 года».
18:03 4.6.2013
Намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч вітаў справаздачу Харасьці і заявіў:
  • сытуацыя ў краіне застаецца стабільна кепскай
  • у турмах працягваюць знаходзіцца палітвязьні,
  • выносяцца сьмяротныя прысуды
  • Беларусь ігнаруе рашэньні камітэту па правах чалавека ААН , не выконвае яго рашэньне па асобных скаргах.

Стэфановіч заклікаў ўлады Беларусі вярнуцца да супрацоўніцтва са структурамі ААН і дапусьціць дакладчыка ў краіну.
17:54 4.6.2013
Выступаюць прадстаўнікі міжнародных праваабарончых арганізацыяў, якія падтрымліваюць высновы спадара Харасьці і заклікаюць Менск вызваліць палітвязьняў, у тым ліку праваабаронцу Алеся Бяляцкага, увесьці пасаду амбудсмэна, спыніць практыку парушэньне правоў чалавека, скасаваць сьмяротнае пакараньне.
17:50 4.6.2013
Сірыя назвала справаздачу «незбалянсаванай», абвінаваціла Харасьці, што ён адлюстроўвае толькі меркаваньне заходніх краінаў ды заклікала спыніць цкаваньне ўладаў Беларусі.
17:47 4.6.2013
Прадстаўнік Ірану назваў справаздачу Харасьці «палітычна матываванай».
17:46 4.6.2013
Прадстаўніца Палестыны заявіла пра палітызацыю і падвойныя стандарты у справаздачы Харасьці.
17:44 4.6.2013
Бэльгія заявіла пра сыстэмны і сыстэматычны характар парушэньня правоў чалавека ў Беларусі і заклікала да безумоўнага вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў і іх рэабілітацыі, мараторыю на сьмяротнае пакараньне.
17:42 4.6.2013
Прадстаўнік Узбэкістану назваў справаздачу неаб’ектыўнай і ацаніў як непрымальны заклік аб вызваленьні палітычных вязьняў, без вывучэньня сутнасьці матэрыялаў іхных крымінальных справаў.
17:39 4.6.2013
Нарвэгія назвала справаздачу вельмі карыснай і заклікала Менск выконваць яе рэкамэндацыі, у тым ліку — тэрмінова скасаваць сьмяротнае пакараньне, вызваліць палітвязьняў. Нарвэгія выказалася таксама за працяг мандату Харасьці.
17:37 4.6.2013
Літва шкадуе, што Беларусь адмовілася ад супрацоўніцтва з дакладчыкам, выказала поўную падтрымку заключэньня справаздачы Харасьці, заявіла пра сыстэмнае і сыстэматычнае парушэньне правоў чалавека ў Беларусі.
17:35 4.6.2013
Віетнам: толькі дыялёг і паразуменьне з двух бакоў можа прывесьці да станоўчага выніку.
17:34 4.6.2013
Прадстаўнік Швэцыі выказаўся за працяг мандату спадара Харасьці.
17:30 4.6.2013
Прадстаўнік Славакіі заявіў пра ўціск у Беларусі апазыцыі, адвакатаў, журналістаў, заклікаў вызваліць палітвязьняў і выказаў шкадаваньне, што спадару Харасьці не дазволілі прыехаць у краіну.
17:30 4.6.2013
Прадстаўніца Чарнагорыі адзначыла пазытыўныя крокі беларускіх уладаў у зьніжэньні сьмяротнасьці немаўлятаў, але заявіла пра існаваньне ў Беларусі палітычна матываваныя арыштаў, абмежаваньні свабоды слова і іншыя парушэньні правоў чалавека.
17:23 4.6.2013
Прадстаўніца М’янмы заклікала да дыялёгу Рады па правах чалавека і Беларусі.
17:22 4.6.2013
Прадстаўнік Лібану заявіў аб «пазытыўных зьявах» у выкананьні правоў чалавека ў Беларусі і залікаў улады краіны працягваць гэтыя крокі.
17:21 4.6.2013
Прадстаўнік Вялікай Брытаніі таксама заклікаў Менск выконваць рэкамэндацыі спадара Харасьці, вызваліць палітвязьняў і ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне.
17:16 4.6.2013
Швайцарыя выказала асаблівае шкадаваньне ў сувязі з новымі фактамі выкананьня сьмяротных прысудаў у Беларусі і заклікала беларускія ўлады неадкладна накласьці мараторый на выключную меру пакараньня. Прадстаўнік гэтай краіны таксама заклікаў вызваліць палітвязьняў Бяляцкага, Статкевіча, Дашкевіча і іншых, а таксама заклікаў Менск выконваць рэкамэндацыі Харасьці і даць магчымасьць яму наведаць краіну.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG