Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слова-сьмерць, слова-жах


«Добрый вечер! Здравствуйте, товарищи».

3 чэрвеня 1988 году выпуск праграмы «Время» Цэнтральнага тэлебачаньня СССР быў, як заўжды, багаты на сэнсацыі і скандалы. А як інакш: на носе выбары дэлегатаў дзевятнаццатай партканфэрэнцыі, «камуністы і беспартыйныя з захапленьнем абмяркоўваюць тэзісы». Іншыя гарачыя навіны дня: на Алтаі пачалі сяўбу збожжа, а на Ўрэнгоі — вытворчасьць уласнага дызэльнага паліва. У Іванаве падступныя вытворцы гародніны дамагліся таго, што капуста па рубель пяцьдзясят, а тальяцінцы, наадварот, малайцы — разьвіваюць соцкультбыт. Пачынаецца сэсія Вярхоўнага Савету УССР, а сусьветная прагрэсіўная грамадзкасьць абмяркоўвае савецка-амэрыканскую сустрэчу на найвышэйшым узроўні. Азызлыя пасьля ўчорашняга замежныя госьці Масквы вярзуць нешта з экрана пра раззбраеньне і перабудову.

Шэрыя твары, шэрае лета, рабскія вочы, галасы ў пустаце, словы бяз сэнсу. Поўная дэградацыя. У БССР нічога не адбываецца, і дзякуй богу. Хоць там усё спакойна — думаюць урэнгойцы і тальяцінцы, алтайцы і масквічы, камуністы і беспартыйныя, якія, вядома ж, даўно ніякаму ЦТ ня вераць. Галоўнае, што капуста ў беларусаў не па рубель пяцьдзясят, а больш ім нічога і ня трэба. Вось якія яны задаволеныя, спакойныя і верныя. І з тэзісамі.

Але менавіта ў той дзень у Менску адбылася падзея, якая ўшчэнт разьнесла ўяўленьне пра Беларусь як пра сытую і ўсім задаволеную ўскраіну, дзе нічога ніколі не адбываецца. 3 чэрвеня 1988 году ў газэце «Літаратура і мастацтва», рэдактарам якой быў тады паэт Анатоль Вярцінскі, выйшаў артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці». Першы ў Беларусі, які сказаў праўду пра масавае зьнішчэньне нашых людзей тымі самымі камуністамі, ідэалягічныя нашчадкі якіх рыхтаваліся цяпер да партканфэрэнцыі. Напэўна, пасьля гэтага артыкулу звацца камуністам тут стала папросту сорамна. Гэты тэкст меўся сказаць тое, што замоўчвалася, меўся стаць абвінавачаньнем, пачаткам, штуршком — але зрабіўся прысудам.

«...У пачатку 1970-х гадоў на паўночнай ускраіне Менску, зьлева ад Лагойскай шашы, не даяжджаючы да кальцавой дарогі, існавала яшчэ вёска Зялёны Луг. Старажылы яе расказалі нам, што за два кілямэтры на поўнач ад вёскі, паміж кальцавой і заслаўскай дарогамі, у лесе з 1937 па 1941 год кожны дзень і кожную ноч расстрэльвалі людзей, якіх прывозілі сюды на машынах. Там на ўзгорках стаяў стары бор, вакол лясы і глухмень. Кавалак бору гектараў з 10-15 быў абгароджаны высокім, вышэй за тры мэтры шчыльным дашчатым плотам у накладку — дошка на дошку, абцягнутым зьверху калючым дротам...»

Якое далёкае было ЦТ ад рэальнасьці, пацьвярджае той факт, што артыкул Пазьняка і Шмыгалёва прапусьціла цэнзура. Ужо на другі дзень сьмеламу рэдактару Вярцінскаму пазванілі з ЦК КПБ, які курыраваў газэту — захацелі «глыбей пазнаёміцца з матэрыялам». 14 чэрвеня Савет Мінстраў выдаў пастанову па стварэньні ўрадавай камісіі па расьсьледаваньні падзей у Курапатах, 19 чэрвеня дзесяць тысяч чалавек выйшлі на антысавецкі мітынг, 30 кастрычніка міліцыя жорстка разагнала тых, хто выйшаў на Дзяды — сьвята ўшанаваньня продкаў зрабілася масавай антысавецкай акцыяй.

У Курапатах ляжыць ня менш за трыццаць тысяч забітых безь віны цывільных людзей, а паводле іншых ацэнак — больш за дзьвесьце пяцьдзясят тысяч. Пасьля вайны іх парэшткі спрабавалі зьнішчыць, але схаваць сьляды ня выйшла.

І вось гады мінаюць. «Эта ўсё, канешна, нямецка-фашысцкія захватчыкі зьдзелалі, нашы так не маглі! Ня верым!», — было чуваць раней, чуваць калі-нікалі і цяпер. Ну, «нашы» маглі яшчэ і ня так... «Абнародаваць усе факты прэждзеўрэменна, няльзя пазваляць сьпекуліраваць на іх нездаровым экстрэмісцкім сілам,» — далучаюцца да іх іншыя галасы. «Курапаты? Эта пцічкі такія! Ілі празьнік», — кажа, усьміхаючыся, парам-па-пам-патрыятычна выхаваная беларуская моладзь. Тое, як з Курапатамі абыходзіцца ўлада, значыць толькі адно: ёй існаваньне гэтага лесу і праўда пра яго замінае ня менш, чым той амаль падохлай ужо пачвары, якая склікала свае партканфэрэнцыі. Праўда, уявіць сабе артыкул, падобны да «Курапатаў» 1988 году, у цяперашнім ЛіМе немагчыма. ЦК КПБ даўно няма — а цэнзары баязьлівейшыя, чым за Саветамі? Нешта тут ня сходзіцца, нейкі тут ёсьць абсурд... Як і ў самім існаваньні ў ХХІ стагодзьдзі партый, якія спакойна называюць сябе не якімі-небудзь там, а Камуністычнымі.

І вось Курапаты дзеліць ужо апазыцыя. Псыхуе, крыўдзіцца, гуляе ў манаполію. А ты прыгадваеш кароткі тэкст Пазьняка ў Слоўніку Свабоды. «Курапаты — слова-сьмерць, слова-жах, „ваше слово, товарішч маўзер“, магільны помнік расейскаму камунізму». Ня ведаю, што там думаюць палітыкі — і як можна так падзяліць сьмерць і жах, каб нікому не было «абідна». Але з пункту погляду літаратуры лепш і ня скажаш. Дый ня трэба.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG