Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Воленс-няволенс


Што ні кажы, а геніяльных псыхіятраў у сьвеце хапала і да Зыгмунда Фройда. Узяць хаця б доктара Картрайта — сьціплага лекара, які жыў у першай палове дзевятнаццатага стагодзьдзя ў адным з паўднёвых штатаў ЗША. Доктар Картрайт першым на плянэце, насуперак усім бацылам абаліцыянізму, дыягнаставаў і апісаў новую жахлівую хваробу — драпэтаманію, то бок такі разлад псыхічнага стану, які прымушае рабоў — о Езус Марыя, дзеці, закрыйце вушы! — уцякаць ад сваіх гаспадароў. Але, на шчасьце, доктар знайшоў спосаб лячэньня: у сваёй брашуры ён прапанаваў у якасьці леку даваць бедным пацыентам бярозавай кашы, а пры рэцыдывах — ампутаваць ім пальцы на нагах. Доктар ведаў, што эканоміка мае быць эканомнай, і шчыра жадаў сваёй дзяржаве багацьця і росквіту, а якія ж, прабачце, багацьце і росквіт без здаровых, паслухмяных і верных рабоў?

Можна толькі ўявіць сабе той шок і тую крыўду, якія апанавалі мэдыка 1 чэрвеня 1862 году, калі ён даведаўся, што нейкія там паўночныя штаты вырашылі забараніць рабства на ўсёй тэрыторыі ЗША. Ужо праз год няшчасны доктар памёр, ня вытрымаўшы зьдзеку са сваіх ідэалаў. І лічачы, напэўна, што надышоў канец сьвету. Перад сьмерцю ён бачыў гаршэчкі зь нікому больш не патрэбнай, астылай бярозавай кашай і гэтыя пальцы... Шмат чорных пальцаў, адсечаных у імя мэдыцыны і прагрэсу.

Праўда, гэтую дату — 1 чэрвеня 1862 — можна лічыць днём вызваленьня толькі ўмоўна. ЗША як адзінай дзяржавы тады не існавала, ішла вайна паміж вольнай ад рабства Поўначчу і Поўднем, які бяз рабства сябе не ўяўляў. Гэты самы Поўдзень, Канфэдэрацыя адзінаццаці штатаў, якая з пачаткам вайны зрабілася фактычна незалежнай, не зьбіраўся выконваць прынятыя недзе там на звар’яцелай Поўначы (гэта ж трэба прыдумаць такое: забараніць рабства! А бавоўну, трысьнёг ды тытунь хто расьціць будзе? Лінкальн?) законы. Так што з такім самым посьпехам можна лічыць днём вызваленьня Амэрыкі ад рабства 19 чэрвеня, калі быў аформлены адпаведны закон, або 30 сьнежня таго самага году, калі прзэыдэнт Лінкальн падпісаў Праклямацыю пра вызваленьне, або 1 студзеня наступнага году, калі яна ўступіла ў дзеяньне і ўсе салдаты войскаў Поўначы былі абавязаныя вызваляць кожнага сустрэтага імі раба, незалежна ад стадыі ягонай драпэтаманіі. Шмат хто з гэтых вызваленых рабоў выправіцца ў Лібэрыю, гэтую афрыканскую Амэрыку...

Праз паўтара стагодзьдзя высьветліцца, што і пасьля перамогі Поўначы адзін вельмі хітры штат, Місысыпі, так і не ратыфікаваў папраўку пра забарону рабства — шкада, што доктару Картрайту не прыйшло некалі ў галаву абвясьціць псыхічнай хваробай бюракратызм, тут ён бы сапраўды не паграшыў супраць праўды. Пра тое, што Місысыпі фармальна застаецца рабаўладальніцкім штатам, у ім успомнілі пазнавата, у дзевяностых гадах мінулага стагодзьдзя, але толькі сёлета папраўка была прынятая...

Ну, ды гэта так, казус грандыёзус. «Рабства не зрабілася больш гуманным за апошнюю тысячу гадоў» — з гэтай сацыяльнай рэклямай можна пагадзіцца. Набіваючы люльку залацістай вірджыніяй, цікава думаць пра тых, хто гнуў сьпіну ў штаце, які даў назву ўлюбёнаму тытуню, і лічыць сябе зь імі заадно — ды прыслухоўвацца да ўласнай драпэтаманіі, што нястомна кліча цябе да ўцёкаў. Ад чаго? У рабства шмат прыгожых імёнаў. Асабліва ў Беларусі. «Кантрактная сыстэма», напрыклад. Доктар Картрайт пазайздросьціў бы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG