Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЮНІСЭФ: Глядзіце на дзіця, а не на яго інваліднасьць


Гэткая выснова вынікае са штогадовай справаздачы аб сытуацыі дзяцей у сьвеце, якую на гэтым тыдні апублікаваў Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЭФ). Сёлетняя справаздача засяроджвае сваю ўвагу на дзецях з інваліднасьцю і абмежаванай жыцьцядзейнасьцю.

Для шмат якіх дзяцей з абмежаванай жыцьцядзейнасьцю выключэньне з жыцьця грамадзтва пачынаецца літаральна ў першыя дні пасьля народзінаў — у шмат якіх краінах народзінаў такіх дзяцей проста не рэгіструюць. Ня маючы афіцыйнага прызнаньня, такія дзеці аказваюцца пазбаўленымі сацыяльных паслуг і прававой абароны, сьцьвярджае справаздача ЮНІСЭФ.

Паводле справаздачы, дзеці-інваліды маюць меншыя шанцы на атрыманьне мэдычнай дапамогі і адукацыі. Яны таксама зьяўляюцца адной з найбольш уразьлівых сацыяльных групаў для гвалту, жорсткага абыходжаньня, эксплюатацыі і адсутнасьці сапраўднай апекі, асабліва калі выхоўваюцца ня ў сем’ях, а ў дзіцячых ўстановах.

«Дыскрымінацыя па прыкмеце інваліднасьці зьяўляецца адной з формаў прыгнёту», — адзначае справаздача ЮНІСЭФ, дадаючы, што траціна краінаў сьвету не ратыфікавала Канвэнцыю аб правах інвалідаў.

У справаздачы таксама гаворыцца, што дзеці з інваліднасьцю падпадаюць пад больш высокую рызыку недаяданьня. Як мяркуецца, прыблізна 165 мільёнаў дзяцей на сьвеце ва ўзросьце да пяці гадоў хранічна недаядаюць і ім не хапае патрэбных вітамінаў ды мінэралаў. Анэмія, часта зьвязаная з дрэнным харчаваньнем, зьяўляецца адной з найбольш распаўсюджаных прычын інваліднасьці ў сьвеце — больш чым палова дзяцей дашкольнага ўзросту ў некаторых з самых бедных краін у сьвеце пакутуюць ад гэтага захворваньня.

Кожны год да паўмільёна дзяцей рызыкуе застацца сьляпымі з-за недахопу вітаміну А, у той час як недахоп ёду — які зьмяшчаецца ў малочных прадуктах і рыбе — можа прывесьці да пашкоджаньня мозгу.

Справаздача заклікае ўрады сьвету ратыфікаваць і ажыцьцяўляць Канвэнцыю аб правах інвалідаў і Канвэнцыю аб правах дзіцяці ды аказваць матэрыяльную падтрымку сем’ям, якія гадуюць дзяцей з абмежаванай жыцьцядзейнасьцю.

Справаздача таксама заклікае прыняць захады па барацьбе супраць дыскрымінацыі дзяцей-інвалідаў як сярод шырокай грамадзкасьці, так і ў галіне аховы здароўя і адукацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG