Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямцоў: У алімпійскім Сочы ўжо скралі 25-30 мільярдаў даляраў


Барыс Нямцоў
Барыс Нямцоў

Сустаршыня расейскай партыі РПР-Парнас Барыс Нямцоў сёньня прадставіў даклад, прысьвечаны будаўніцтву алімпійскіх аб'ектаў у Сочы.

Тэкст, азагалоўлены «Зімовая алімпіяда ў субтропіках», быў напісаны палітыкам у суаўтарстве зь сябрам руху «Салідарнасьць» Леанідам Мартынюком.

Са словаў Барыса Нямцова, на сочынскай Алімпіядзе ўжо пастаўлены першы рэкорд – па колькасьці выдаткаваных на арганізацыю гульняў і будаўніцтва алімпійскіх аб'ектаў бюджэтных грошай. Сочы-2014 стала самай дарагой у гісторыі Алімпіядай. Заяўлены першапачаткова бюджэт 12 мільярдаў даляраў надзьмуўся у чатыры зь лішнім разы і склаў 50 мільярдаў. Розьніца паміж гэтымі сумамі, на думку Нямцова, асела ў кішэнях блізкіх да кіраўніка дзяржавы чыноўнікаў і бізнэсоўцаў. Па падліках аўтараў дакладу, скралі ад 25 да 30 мільярдаў.

Паводле Барыса Нямцова, конкурс на правядзеньне алімпійскага будаўніцтва не праводзіўся. Найбольшая колькасьць грошай прайшла празь дзяржкампанію «Алімпбуд» (больш за 300 мільярдаў рублёў). Пры гэтым кадравыя перастаноўкі ў гэтай структуры суправаджаліся завядзеньнем крымінальных спраў, ніводная зь якіх не была даведзеная да суду. Прыкладна па 300 мільярдаў «засвоілі» Расейскія чыгункі на чале з Уладзімерам Якуніным (суседам Пуціна па каапэратыву «Возера») і кампаніі, зьвязаныя зь сябрамі дзяцінства прэзыдэнта братамі Ротэнбэргамі. Яшчэ 160 мільярдаў рублёў прайшло праз «Газпром». Самым дарагім алімпійскім аб'ектам у Сочы стала дарога Адлер – Красная Паляна. Адзін квадратны мэтар гэтай «залатой трасы» абышоўся ў 10 тысяч даляраў.

Барыс Нямцоў таксама пералічыў магчымыя рызыкі, зьвязаныя з Алімпіядай-2014. Сярод іх – кліматычная рызыка, паколькі Сочы – адно зь нямногіх месцаў у Расеі, якія знаходзяцца ў субтрапічнай зоне: узімку там амаль не бывае сьнегу. А ў лютым мінулага году там была зафіксаваная анамальна высокая нават для гэтых месцаў тэмпэратура – 15 градусаў цяпла. Барыс Нямцоў выказаў здагадку, што клімат у раёне Сочы мог памяняцца з-за высечкі дрэў пад алімпійскае будаўніцтва.

Пра грубае парушэньне экалягічных нормаў распавёў у інтэрвію Радыё Свабода і сочынскі журналіст Аркадзь Ландэр: «Зьнявечаная Імэрэтынская нізіна, дзе пабудаваная вялікая частка алімпійскіх аб'ектаў. Яна ўяўляла сабой помнік прыроды, дзе расьлі незвычайныя расьліны, сяліліся рэдкія пералётныя птушкі. Там быў самы лепшы на ўсім сочынскім узьбярэжжы пляж з чыстай, драбнюткай галькай. Яго зараз проста няма. Па незразумелых прычынах яго ператварылі ў набярэжную, якую потым зьнесла штормам, і яе давялося аднаўляць. Гэта было ціхае патрыярхальнае месца, дзе любілі адпачываць многія людзі, таму што там цяплей, чым у горадзе. Але цяпер усё разбурана».

Барыс Нямцоў распавёў, што грунт, на якім ідзе сочынскае будаўніцтва, няўстойлівы, і гэта пагражае абвальваньнем пабудоваў. Ён таксама сумняецца ў тым, што стадыёны і іншыя аб'екты будуць выкарыстоўвацца пасьля правядзеньня Алімпіяды, паколькі Сочы – ня самае прыдатнае месца для трэніровак і спаборніцтваў у зімовых відах спорту.

Са словаў Нямцова, адна з мэтаў новага экспэртнага дакладу – давесьці расьсьледаваньне буйнамаштабных крадзяжоў на будаўніцтве ў Сочы да суду і паспрабаваць вярнуць грошы, скрадзеныя ў расейскіх грамадзян. Ён адзначыў, што партыя РПР-Парнас накіравала адпаведны зварот у Сьледчы камітэт, а таксама ў Падліковую палату, якая зь невядомых прычынаў засакрэчвае свае справаздачы па алімпійскім будаўніцтве.

Нямцоў зьвярнуў увагу таксама на паводзіны Міжнароднага алімпійскага камітэту, які не рэагуе на звароты расейскіх апазыцыянэраў і грамадзкіх актывістаў з патрабаваньнем разабрацца з карупцыйным складнікам сочынскага будаўніцтва.

На завяршэньне прэзэнтацыі Барыс Нямцоў заявіў, што партыя РПР-Парнас мае намер стварыць грамадзкі камітэт для расьсьледаваньня карупцыі падчас будаўніцтва алімпійскіх аб'ектаў у Сочы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG