Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўдыт: Мілінкевіч, Рымашэўскі, Паганяйла пра ініцыятыву Лябедзькі


Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька прапанаваў правесьці аўдытарскую праверку дапамогі, якую выдзяляюць дэмакратычныя краіны на падтрымку грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.

Пра гэта ён заявіў у Брусэлі на пасяджэньні рабочай групы па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі «Ўсходняга партнэрства» («Эўранэст»). Прапанову палітыка падтрымалі, і наступнае паседжаньне працоўнай групы па Беларусі будзе прысьвечана вывучэньню эфэктыўнасьці дапамогі. Пра гэта паведамляецца на сайце www.ucpb.org.

Як ставяцца да гэтай прапановы ў Беларусі?

Лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч сказаў, што, безумоўна, трэба дамагацца, каб падтрымка дэмакратычнай супольнасьці ў Беларусі была як мага больш эфэктыўнай:

Аляксанда Мілінкевіч
Аляксанда Мілінкевіч
«Толькі я не разумею, як можна правесьці аўдыт, калі за гэта ўжо сядзіць Алесь Бяляцкі? Я маю на ўвазе, калі рабіць публічнаю падтрымку, то ў аўтарытарных краінах усё заканчваецца вядомым чынам. Таму не зусім разумею гэта. Як можна рэалізаваць? Аўдыт азначае — зрабіць публічнаю падтрымку. Напрыклад, калі падтрымка ідзе з боку нейкай фундацыі, дык, паколькі ў Беларусі перасьледуюць за гэта, то часьцей за ўсё напісана: Беларусь у гэтым годзе атрымала падтрымку столькі і столькі. І, натуральна, гэта ўсё публічным ня робіцца. На жаль, такая сытуацыя. У дэмакратычных краінах гэта ўсё вывешваецца на сайтах, абмяркоўваецца, і ўсе ведаюць, як разьмяркоўваецца. А тут я не зусім разумею: як гэта можна зрабіць? Хто будзе праводзіць гэты аўдыт? Як зрабіць, каб у гэтым аўдыце ня бралі ўдзелу агенты рэжыму?»

Адзін зь лідэраў БХД Віталь Рымашэўскі лічыць, што аўдыт даўно патрэбны. Нельга называць грамадзкія арганізацыі, якім адрасна ідзе дапамога, бо гэта крымінальная справа. Але можна вызначыць асноўныя кірункі, на якія выдзяляюцца грошы, у тым ліку на адрас уладаў.

Віталь Рымашэўскі
Віталь Рымашэўскі
«Беларускія ўлады, Лукашэнка бярэ грошы ў Эўразьвязу, але прыпісвае ўсе заслугі сабе. Людзі ня ведаюць, адкуль гэтыя сродкі прыйшлі. Важна, каб людзі ведалі, што гэта не Лукашэнка абдарыў, а што гэта праграма падтрымкі з боку дэмакратычных, заходніх краін. Ну, і таксама, калі некаторыя палітыкі на Захадзе кажуць, што павялічылася фінансаваньне грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі ў два-тры разы, то тады ва ўсіх афіцыйных прапагандысцкіх рэсурсах згадваюцца прозьвішчы палітыкаў, маё ў тым ліку. Хоць рэальна гэтыя грошы палітычным партыям не паступаюць і ніколі не паступалі. Таму мне таксама было б цікава ведаць, на што яны трацяцца, бо называюцца проста завоблачныя сумы. Ня трэба ведаць, якія арганізацыі гэтым займаюцца, хто пэрсанальна бярэ гэтыя грошы. Але важна ведаць, якія праекты ў Беларусі вядуцца, каб мы маглі сказаць — ёсьць гэтыя праекты ці не. Ці гэтыя грошы па карупцыйных схемах былі каналізаваныя. Таму ў такім фармаце аўдыт патрэбны, і інфармацыя павінна быць адкрытая і празрыстая. Тыя грошы, якія выдзяляюцца на дэмакратыю, на дэмакратыю і павінны ісьці. І павінна быць справаздача і аддача».

Намесьнік старшыні БХК Гары Паганяйла мяркуе, што пакуль заява Анатоля Лябедзькі выглядае павярхоўнай і эмацыйнай, бо яшчэ ня ясна, хто будзе праводзіць аўдыт і па якой мэтодыцы. Вынікі ж аўдыту могуць трапіць да ўладаў. А як вядома, атрыманьне замежнай бязвыплатнай дапамогі караецца законам: ад штрафу да пазбаўленьня волі.

Гары Паганяйла
Гары Паганяйла
«Напрыклад, мы ў сваёй арганізацыі, калі б мелі нейкія сродкі з замежных фондаў, не падпусьцілі б на гарматны стрэл ніякіх аўдытараў. За выключэньнем тых, каго запрасілі ці каго прызначылі самі фундатары, якія далі нам сродкі. Па-першае, у нас уся замежная дапамога павінна быць задэкляравана і павінна атрымаць дазвол на мэтавае выкарыстаньне ўнутры Беларусі. Гэта вельмі сур’ёзнае для Беларусі пытаньне, каб проста так вось ім кідацца. Хто будзе праводзіць аўдыт, у якіх мэтах, якімі мэтадамі? Гэта пакуль лёзунг, кінуты ў нікуды. Я разумею, што можна крытыкаваць урад, які стварыў такія рамкі, пры якіх праходжаньне замежнай бязвыплатнай дапамогі грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі практычна немагчымае. Асабліва дэмакратычным арганізацыям. А што тычыцца дыскусіі адносна аб’ёмаў дапамогі, то наконт гэтага можна дыскутаваць. Але гэта не аўдыт, а палітычная праца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG