Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША адмянілі санкцыі супраць «БелОМА». Менск задаволены


Дзярждэп ЗША ня стаў працягваць санкцыі ў дачыненьні да ААТ «Беларускае оптыка-мэханічнае аб’яднаньне» (БелОМА), якія былі ўведзеныя ў траўні 2011 году.

Раней паведамлялася, што на днях ЗША адмянілі дзеяньне санкцый у дачыненьні да кампаніі «Белтэхэкспарт». Санкцыі ў дачыненьні да абедзьвюх кампаній былі ўведзеныя ў траўні 2011 году.

Сутнасьць санкцый заключалася ў тым, што ўрадавыя ведамствы ЗША на працягу двух гадоў не маглі набываць у гэтых кампаній або пастаўляць ім тавары і паслугі, а таксама аказваць ім падтрымку. Падставай для ўвядзеньня санкцый стала інфармацыя, якая ўказвала на тое, што гэтыя кампаніі перадавалі ў Іран, Паўночную Карэю ці Сірыю альбо атрымлівалі з гэтых краін «абсталяваньне і тэхналёгію, названую ў сьпісах кантролю за шматбаковым экспартам, або іншым чынам мелі магчымасьць зрабіць матэрыяльны ўнёсак у зброю масавага зьнішчэньня ці сыстэм крылатых і балістычных ракет».

«Мы з задавальненьнем адзначаем гэтыя дзеяньні амэрыканскага боку. Мы заўсёды лічылі і лічым, што аднабаковыя санкцыі зьяўляюцца непрымальнымі», — так пракамэнтавала рэакцыю беларускіх уладаў намесьніца начальніка ўпраўленьня інфармацыі, начальніца прэс-службы МЗС Беларусі Марыя Ваньшына.

«БелОМА» створана ў 1971 годзе на базе Менскага мэханічнага заводу ім. Вавілава, вырабляе прыцэлы і прыборы навядзеньня да бранятанкавай тэхніцы, стралковай зброі, гранатамётаў, прыборы начнога бачаньня. Больш за 60% аб’ёму прадукцыі экспартуецца ў краіны СНД, Лацінскай Амэрыкі, Паўднёва-Ўсходняй Азіі, Блізкага Ўсходу. Аб’яднаньне ўваходзіць у ААТ «Пэленг» — вядучае праектна-канструктарскае прадпрыемства Беларусі ў галіне оптыка-электроннага прыборабудаваньня. Уваходзіць таксама ў склад Дзяржваенпраму Беларусі.

Расейскае фэдэральнае касьмічнае агенцтва прапаноўвала Беларусі прадаць долю дзяржавы ў ААТ «Пэленг». У статутным фондзе ААТ «Пэленг» доля дзяржавы складае 48,9%, 51,1% акцый належыць працаўнікам прадпрыемства.

Кампанія «Белтэхэкспарт» створана ў 1993 годзе і зьяўляецца найбуйнейшым у Беларусі апэратарам экспарту і імпарту прадукцыі вайсковага прызначэньня. Значную долю ў аб’ёме экспарту кампаніі займае прадукцыя вайсковага прызначэньня, якая выпускаецца прадпрыемствамі вайскова-прамысловага комплексу Беларусі.

Паводле дадзеных Дзярждэпу ЗША, у цяперашні час у рамках санкцый, накіраваных на абмежаваньне вайсковага патэнцыялу Ірану, Паўночнай Карэі і Сырыі, працягваюць дзейнічаць санкцыі ў дачыненьні да трох беларускіх кампаній. Сярод іх: «Белзьнешпрамсэрвіс» (санкцыі ўведзеныя ў сьнежні 2011 году тэрмінам на 2 гады), кампанія «ТМ Сэрвіс» і рэспубліканскае навукова-прамысловае ўнітарнае прадпрыемства КБ «Радар» (санкцыі ў дачыненьні да абодвух уведзены ў лютым 2013 году таксама тэрмінам на 2 гады ).

Паводле агенцтва «Интерфакс-Запад».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG