Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя абвінавачвае Януковіча ў здрадзе нацыянальным інтарэсам


Саміт у Астане, 29 траўня 2013 года.
Саміт у Астане, 29 траўня 2013 года.

Апазыцыйныя палітыкі ва Ўкраіне нэгатыўна ацанілі ўдзел Януковіча ў паседжаньні ў Астане ў рамкам Мытнага саюза і магчымае наданьне Ўкраіне статуса назіральніка ў гэтай арганізацыі.

"Дзеяньні, якія будуць перашкаджаць эўраінтэграцыі Украіны, будуць лічыцца дзяржаўным пераваротам«,— заявіў Свабодзе сябра камітэту Вярхоўнай Рады па замежных справах, дэпутат ад партыі «Удар» Уладзімер Куранны:

«Я не разумею, што такое Мытны саюз, бо гэта да канца яшчэ не вядомая арганізацыя, з пункту гледжаньня міжнароднага права. А з другога боку, любыя дзеяньні, якія будуць перашкаджаць рэалізацыі курсу Ўкраіны на эўрапейскую інтэграцыю, будуць дзяржаўным пераваротам. У нас ёсьць закон „Аб асновах зьнешняй палітыкі“, які выразна і адназначна кажа пра тое, што адзіная магчымая зьнешняя палітыка — гэта эўраінтэграцыя. Усё астатняе — гэта палітычныя гульні».

Статус назіральніка ў міжнароднай арганізацыі не зьяўляецца перашкодай для ўдзелу ў іншых міждзяржаўных аб’яднаньнях, але адначасова расейскі бок зацікаўлены стрымліваць эўраінтэграцыю Ўкраіны, нагадаў экспэрт па міжнародных пытаньнях Аляксандр Палій. Такім чынам, паводле ягоных слоў, у абмен на нязначныя прэфэрэнцыі Украіна можа атрымаць толькі небясьпекі:

«У Мытным саюзе не вырашае нічога не толькі назіральнік, не вырашаюць нічога Казахстан з Беларусьсю. Усе рашэньні там прымаюцца Расеяй, у інтарэсах Расеі. Таму Украіна атрымала толькі адно: магчымасьць пазнаваць своечасова, якую чарговую праблему рыхтуюць для яе нашы стратэгічныя партнэры. Гэтым пазытывы абмяжоўваюцца. А нэгатывы — гэта пагроза, што ў тыя дакумэнты ўставяць такія рэчы, якія тэарэтычна могуць пашкодзіць інтэграцыі ў Эўрапейскі зьвяз», — адзначае Палій.

Раней кіраўнік галоўнага ўпраўленьня па пытаньнях міжнародных адносін адміністрацыі прэзыдэнта Украіны Андрэй Ганчарук заявіў, што краіна павінна знаходзіць балянс у адносінах як з Мытным саюзам, так і з Эўрапейскім зьвязам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG