Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ля вёскі Паляі добраўпарадкавалі пахаваньне ахвяраў сталінізму


29 траўня віцебскія актывісты добраўпарадкавалі пахаваньне ахвяраў сталінізму каля вёскі Паляі Віцебскага раёну. Тут ў 1930-50 гады адбываліся расстрэлы мірных грамадзян.

Некалькі гадоў таму каля вёскі Паляі зьявіліся першыя крыжы, усталяваныя ў памяць пра бязьвінных ахвяраў. Некалькі разоў крыжы зьнішчалі, але зьяўляліся новыя. Цяпер мэмарыял, зроблены рукамі актывістаў, уяўляе сабой 5 драўляных і два жалезныя крыжы. Адзін з крыжоў вышынёй пад 6 мэтраў з надпісам «Ахвярам таталітарнага рэжыму».

Мясцовыя жыхары ведаюць пра трагічныя падзеі, што адбываліся ў гэтым лесе ў першай палове мінулага стагодзьдзя. Сябры Партыі БНФ зьбіралі іхныя аповеды і зьвярталіся да мясцовых уладаў, каб стварыць у гэтых мясьцінах сапраўдны мэмарыяльны комплекс.

Але ў адказ атрымалі толькі адмову. І больш за тое: некалькі год таму старшыня мясцовага Варонаўскага сельсавету падаў у суд на тагачаснага старшыню абласной арганізацыі партыі БНФ Кастуся Смолікава. Актывісту прысудзілі штраф «за самаўпраўства» і загадалі зьнесьці крыжы, усталяваныя тут паводле ініцыятывы віцебскіх актывістаў.

Кастусь Смолікаў адмовіўся гэта рабіць, і крыжы засталіся. Іх добра відаць з дарогі, што вядзе зь Віцебску ў Смаленск. І добраўпарадкаваньне самаробнага мэмарыялу сталася справай мясцовых сяброў партыі.

«Сёньня мы тут проста прыбіраем сьмецьце, траву, садзім кветкі. Але прыйдзе час, і ў гэтых мясьцінах абавязкова будзе помнік. Бо памяць пра людзей, расстраляных тут, абавязкова мусіць быць ушанавана належным чынам,» — перакананы старшыня абласной партыйнай суполкі Леанід Аўтухоў, які арганізаваў сёлетняе добраўпарадкаваньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG