Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Аляксандар Лукашэнка не паехаў на саміт АДКБ у Бішкек?


Нефармальны саміт АДКБ у Бішкеку
Нефармальны саміт АДКБ у Бішкеку

Кіраўнік Беларусі праігнараваў нефармальны саміт АДКБ у Бішкеку, а прыляцеў у Астану на паседжаньне Вышэйшай Эўразійскай эканамічнай рады. У чым прычыны такога дэмаршу? Як уплывае на гэтае рашэньне беларускага лідэра «справа Бакіева»?

Удзельнікі:
  • палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску
  • дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы.


Прычыны дэмаршу


Валер Карбалевіч: «І раней бывалі выпадкі, калі Лукашэнка ігнараваў саміты нейкіх аб’яднаньняў: СНД, АДКБ. Але цяперашняя адмова ехаць у Бішкек на нефармальны саміт АДКБ выглядае як дэманстрацыйны байкот. У момант, калі ў Бішкеку зьбіраюцца прэзыдэнты краін-удзельніц АДКБ, Лукашэнка прыляцеў у Астану і чакае тут Пуціна і Назарбаева. У чым прычыны такога нечаканага дэмаршу? Нечаканага таму, што яшчэ ў сакавіку Лукашэнка зьбіраўся ляцець на гэты саміт. Ён сустракаўся з генэральным сакратаром АДКБ Бардзюжам і абмяркоўваў парадак дня паседжаньня ў Бішкеку».

Андрэй Фёдараў: «Я б пакуль асьцярогся казаць пра дэмарш. Прычына адсутнасьці Лукашэнкі на саміце ў Бішкеку відавочная. Гэта дрэнныя адносіны паміж Кіргізстанам і Беларусьсю з-за справы Бакіева. Беларусь дала прытулак ня толькі зрынутаму прэзыдэнту Бакіеву, але і ягонаму брату, і ўвогуле прыблізна 50 асобам, якія лічацца ў вышуку ў Кіргізстане. Месяц таму ў Менск прыяжджала дэлегацыя Міністэрства ўнутраных спраў і пракуратуры Кіргізстану, каб патрабаваць выдачы гэтых асобаў. Але безвынікова. Таму шэраг грамадзкіх арганізацыяў Кіргізстану зьбіраўся сустрэць Лукашэнку ў Бішкеку акцыямі пратэсту. У такіх абставінах Лукашэнка палічыў за лепшае ў гэтым саміце ня ўдзельнічаць.

Да таго ж гэты саміт АДКБ нефармальны. Дарэчы была інфармацыя, што гэтае мерапрыемства ў Бішкеку будзе лічыцца ня самітам АДКБ, а сустрэчай Пуціна з кіраўнікамі дзяржаў Цэнтральнай Азіі дзеля абмеркаваньня магчымай пагрозы з Афганістану пасьля вываду адтуль войскаў НАТО».

Карбалевіч: «Расейскае дзяржаўнае агенцтва РИА Новости абвясьціла сустрэчу ў Бішкеку нефармальным самітам АДКБ. Як і плянавалі раней».

Кірыл Коктыш: «Па-першае, Лукашэнка не захацеў трапляць пад шквал дэманстрацыяў пратэсту ў Бішкеку. І гэта дэмарш у бок Кіргізстану.

Зь іншага боку, гэта дэмарш і ў бок Расеі. Бо адносіны цяпер паміж Менскам і Масквой даволі напружаныя са шмат якіх прычын. Вось Расея ўпершыню не дала ніводнага бала прадстаўніцы Беларусі на Эўрабачаньні. Масква цісьне на Менск па розных пытаньнях стварэньня Эўразійскага зьвязу. Нават скандал з ад’ездам беларускай каманды з хакейнага турніру ў Сочы сьведчыць пра напружаныя адносіны. І вось Менск выкарыстоўвае гэтую нагоду з самітам АДКБ, каб даць адказ Расеі».

Фёдараў: «Не, ня згодзен з тым, што гэта дэмарш у бок Масквы. Бо гэта было б вельмі рызыкоўна. Усё роўна ж у Астане літаральна празь некалькі гадзін мае адбыцца сустрэча Лукашэнкі з Пуціным. Адносіны Беларусі з Расеяй цяпер сапраўды ня вельмі добрыя. Хоць за галасаваньне расейцаў на Эўрабачаньні расейскі ўрад не нясе адказнасьці. Залежнасьць Беларусі ад Расеі павялічваецца. Цяпер Менск хоча атрымаць ад Масквы чарговы крэдыт. І ў такой сытуацыі дэманстраваць Пуціну сваю незалежнасьць і непавагу для Лукашэнкі было б рызыкоўна».

«Справа Бакіева»


Карбалевіч: «Пра справу Бакіева. Пачаткова здавалася, што скандал з Бакіевым мае лякальны ў часе характар і ня будзе мець доўгатэрміновых наступстваў. А вось жа, насамрэч, напружанасьць толькі нарастае. Выглядае, што „справа Бакіева“ стварыла на постсавецкай прасторы яшчэ адзін канфліктны вузел і пачынае адмоўна адбівацца на інтэграцыйных працэсах. Ці згодныя вы з гэтым?»

Коктыш: «Так. Праблема ў тым, што ані Беларусь, ані Кіргізстан ня могуць зьмяніць сваю пазыцыю па гэтым пытаньні, не згубіўшы твару. Калі Лукашэнка выдасьць Кіргізстану Бакіева і ягоных паплечнікаў, то прадэманструе сваю слабасьць, пакажа, што беларускі прэзыдэнт ня здольны трымаць сваё слова. Зь іншага боку, і кіраўніцтва Кіргізстану ня можа адмовіцца ад патрабаваньняў выдачы Бакіева з унутрыпалітычных прычын. Таму гэтай праблеме наканавана быць абцяжарваньнем беларуска-кіргіскіх адносін. Ня думаю, што гэта спародзіць моцныя канфлікты, але пэўную напружанасьць ствараць будзе».

Карбалевіч: «Падаецца, гэта ўжо ня толькі праблема двухбаковых беларуска- кіргіскіх адносін. У зьвязку з гэтым скандалам вакол саміту АДКБ у Бішкеку можна казаць, што гэта ўжо праблема ўвогуле для інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы. Вось на парадку дня стаіць пытаньне пра далучэньне Кіргізстану да Эўразійскага зьвязу. Раней афіцыйныя асобы Беларусі намякалі, што Менск можа блякаваць такое далучэньне, калі Бішкек ня зьменіць сваёй пазыцыі па Бакіеву».

Фёдараў: «Пэўная праблема ёсьць. Але хачу зьвярнуць увагу на нядаўнюю заяву былога прэзыдэнта Кіргізстану Розы Атунбаевай, што яна дала згоду на ад’езд Бакіева з Кіргізстану, зважаючы на просьбу прэзыдэнтаў Расеі, ЗША і Казахстану.

Але ня трэба перабольшваць палітычную вагу справы Бакіева. Прэзыдэнты Беларусі і Кіргізстану ўжо ня раз сустракаліся на розных самітах без аніякага скандалу.

Зь іншага боку, думаю, што кіраўніцтва Кіргізстану насамрэч ня так моцна жадае вяртаньня Бакіева на суд у Бішкек. Бо ў кланавым кіргіскім грамадзтве ў Бакіева нямала прыхільнікаў. І суд над Бакіевым можа выклікаць там новыя ўзрушэньні».

Ці шкадуе Лукашэнка, што даў прытулак Бакіеву?


Карбалевіч: «Калі б Лукашэнка ведаў, якія наступствы будзе мець ягонае рашэньне запрасіць зрынутага кіргіскага кіраўніка Курманбека Бакіева ў Беларусь, наданьне яму палітычнага прытулку і нават беларускага грамадзянства, то ці зрабіў бы ён тое самае цяпер?»

Коктыш: «Думаю, так. Бо гэтая сытуацыя дае Беларусі рычагі ўплыву. Напрыклад, Менск можа заблякаваць далучэньне Кіргізстану да Эўразійскага зьвязу. Таму цяпер Менск можа капіталізаваць прытулак Бакіева ў палітычныя дывідэнды».

Фёдараў: «Думаю, Лукашэнка ўсё роўна даў бы прытулак Бакіеву, нават калі б ведаў усе наступствы. Бо гэта тлумачыцца характарам беларускага кіраўніка. Узгадаем, што Лукашэнка прапаноўваў палітычны прытулак і Мілошавічу, і Садаму Хусэйну, і іншым дыктатарам.

Але не выключаю, што празь некаторы час беларускае кіраўніцтва будзе шкадаваць аб гэтым сваім рашэньні. Калі Беларусь будзе супраціўляцца далучэньню Кіргізстану да Эўразійскага зьвязу, у Масквы знойдуцца вагары, каб прымусіць Менск саступіць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG