Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камітэт па правах чалавека ААН заступіўся за наваполацкіх актывістаў


Найстарэйшая заля ў будынку ААН у Жэнэве www.shutterstock.com
Найстарэйшая заля ў будынку ААН у Жэнэве www.shutterstock.com

Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў парушэньне правоў наваполацкіх актывістаў Антона Ясіновіча і Валера Шаўчэнкі. Цяпер актывістам павінны выплаціць кампэнсацыю за прысуджаныя штрафы.

Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў парушэньне правоў наваполацкіх актывістаў Антона Ясіновіча і Валера Шаўчэнкі. У 2007 г. наваполацкі суд пакараў Валера Шаўчэнку штрафам памерам у 35 базавых велічынь і Антона Ясіновіча — штрафам памерам у 25 базавых велічынь.

Актывісты ладзілі ў Наваполацку шэраг пікетаў супраць адмены льготаў і зьбіралі подпісы за адкліканьне дэпутатаў, «якія прагаласавалі за антынародны закон». Было сабрана тры тысячы подпісаў, і гэты зварот актывісты накіравалі ў адміністрацыю Лукашэнкі і ў мясцовыя органы ўлады.

Супраць актывістаў была ініцыявана адміністрацыйная справа, нібыта яны не выканалі працэдуры, неабходныя для адкліканьня дэпутатаў — парушылі артыкул 9.10 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Наваполацкі гарадзкі суд прызнаў іх вінаватымі.

Пасля гэтага спадары Шаўчэнка і Ясіновіч зьвярнуліся ў ААН. У атрыманым ад экспэртаў камітэту адказе гаворыцца, што суды пакаралі Шаўчэнку і Ясіновіча, парушыўшы ч.2 арт.19 міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Згодна зь ім, кожны чалавек мае права на свабоду выказваньня; гэтае права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага кшталту інфармацыю ці ідэі.

Цяпер актывістам павінны выплаціць кампэнсацыю за прысуджаныя штрафы. Праваабароны «Вясны» сумняюцца, што гэта будзе зроблена, бо і ўлады, і суды стала ігнаруюць рашэньні Камітэту па правах чалавека.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG