Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама: Глябальная вайна з тэрарызмам завершаная


Прэзыдэнт ЗША выступіў з прамовай, прысьвечанай будучыні антытэрарыстычнай кампаніі.

Барак Абама ўпершыню публічна прадставіў палітычныя, юрыдычныя і маральныя аргумэнты, на якіх, паводле яго, будзе грунтавацца антытэрарыстычная стратэгія Злучаных Штатаў. Прэзыдэнт лічыць, што надышоў час адмовіцца ад стратэгіі «вайны з тэрарызмам» на карысьць больш выверанай і адпаведнай новым умовам стратэгіі.

Гэтага выступу чакалі

Вядома, што Барак Абама даўно хацеў растлумачыць краіне, сьвету і сваім лібэральным крытыкам, чаму палітык, які прыйшоў у Белы Дом з абяцаньнямі зачыніць турму ў Гуантанама, адмовіцца ад таго, што ён называў «сумнеўнымі зь юрыдычнага пункту гледжаньня антытэрарыстычнымі захадамі адміністрацыі Буша», сам на працягу чатырох зь лішнім гадоў працягваў выкарыстоўваць мэтады свайго папярэдніка. Не адказаўшы наўпрост на гэтае пытаньне, прэзыдэнт Абама заявіў, што надышоў час перагледзець прынцыпы вядзеньня антытэрарыстычнай кампаніі.

«Мы павінны прызнаць, што крыніцы пагрозы зьмяніліся, яны эвалюцыянавалі ад часу першага ўдару па нашай тэрыторыі 11 верасьня, — заявіў Абама. — Амэрыка цяпер на раздарожжы. Ні я, ні іншы прэзыдэнт ня можам абяцаць поўнай перамогі над тэрарызмам — мы ніколі ня зможам зжыць зло, якое хаваецца ў душы некаторых людзей або нэўтралізаваць кожную пагрозу нашаму адкрытаму грамадзтву. Але мы можам і павінны дэмантаваць тэрарыстычныя сеткі, якія пагражаюць нам, і не дазволіць набраць сілу новым тэрарыстычным групам».

Будуць біць па кропках і з паветра

Паводле прэзыдэнта, прыйшоў час адмовіцца ад паняцьця нічым не абмежаванай «глябальнай вайны» з тэрорам на карысьць тактыкі пастаянных дакладна вывераных удараў дзеля ліквідацыі тэрарыстычных сетак, якія наўпрост пагражаюць Злучаным Штатам. Мяркуючы па тым, што значная частка прамовы Барака Абамы была прысьвечана прынцыпам вядзеньня менавіта паветранай вайны з тэрарыстамі, ЗША будуць працягваць спадзявацца галоўным чынам на бесьпілётнікі для зьнішчэньня членаў тэрарыстычных арганізацый. Абама настойвае на тым, што атакі з паветра на тэрыторыі іншых краін законныя, паколькі яны наносяцца па тых, хто мае дачыненьне да вайны са Злучанымі Штатамі.

Але прэзыдэнт запэўніў, што практыка прымяненьня бесьпілётных самалётаў будзе зьменена. Рашэньні аб паветраных ударах будуць прымацца толькі на падставе яснай інфармацыі пра падрыхтоўку тэрарыстычных удараў, іх аб’ектамі будуць канкрэтныя людзі, мэта — прадухіленьне выпадковых ахвяраў сярод мірнага насельніцтва. Напады з паветра, паводле яго, робяцца толькі тады, калі няма іншай магчымасьці прадухіліць тэрарыстычныя атакі.

Турму ў Гуантанама нарэшце зачыняць?

У кантэксьце пераасэнсаваньня антытэрарыстычнай стратэгіі Абама рашуча заявіў аб неабходнасьці зачыніць турму ў Гуантанама. Ён аддаў загад аб яе закрыцьці чатыры з паловай гады таму, адразу пасьля прыходу ў Белы Дом, але Кангрэс прыняў некалькі контарзахадаў, якія пазбавілі адміністрацыю магчымасьцяў выканаць гэтую дырэктыву. У чацьвер прэзыдэнт запатрабаваў ад заканадаўцаў адмовіцца ад выкарыстаньня базы ў Гуанатанама як турмы, настойваючы на тым, што для некалькіх дзясяткаў зьняволеных можна знайсьці надзейнае месца ўтрыманьня на тэрыторыі Злучаных Штатаў. Ён нават спаслаўся на недапушчальна высокі кошт эксплюатацыі турмы ў месцах, далёкіх ад амэрыканскай тэрыторыі.

«Я зноў заклікаю Кангрэс адмяніць абмежаваньні на перамяшчэньне затрыманых, якія ўтрымліваюцца ў Гуантанама. Я зьвярнуўся да міністэрства абароны з просьбай знайсьці на тэрыторыі ЗША месца, куды б маглі іх перавесьці. Я прызначыў спэцыяльнага пасланьніка, чыя мэта — арганізаваць перадачу затрыманых трэцім краінам, я адмяняю мараторый на перадачу еменскіх грамадзян Емену з тым, каб мы маглі пачаць гэты працэс, ацаніўшы кожную справу. Мы паспрабуем, у меру магчымасьцяў, перадаць справы ўсіх зьняволеных на разгляд фэдэральных судоў або вайсковых камісій. Мы будзем настойваць на тым, каб даць магчымасьць судовых слуханьняў па справах усіх затрыманых».

Са спадчынай Буша-малодшага будзе скончана

Скончыў прэзыдэнт сваю прамову заклікам да Кангрэсу адклікаць рэзалюцыю, прынятую праз тры дні пасьля тэрарыстычных нападаў 11 верасьня, якая заклала юрыдычны падмурак для вядзеньня антытэрарыстычнай кампаніі. Гэта так званая «Санкцыя на выкарыстаньне вайсковай сілы», згодна зь якой прэзыдэнт атрымаў паўнамоцтвы выкарыстоўваць усе неабходныя меры для пакараньня арганізатараў атак і прадухіленьня тэрарыстычных нападаў на Злучаныя Штаты. «Гэтая вайна, як і іншыя войны, павінна скончыцца, — заявіў Абама, — на гэта паказвае гісторыя. Гэтага патрабуе наша дэмакратыя».

Прэзыдэнт перамяншае пагрозу?

Мяркуючы па рэакцыі на гэты выступ, далёка ня ўсе ў амэрыканскім палітычным істэблішмэнту гатовыя падпісацца пад такім бачаньнем будучыні антытэрарыстычнай кампаніі. Некалькі вядомых заканадаўцаў-рэспубліканцаў заявілі аб тым, што прэзыдэнт пасьпяшаўся абвясьціць перамогу над Аль-Каідай. Камэнтатары лічаць, што прэзыдэнт рызыкуе, даючы сваім апанэнтам падставы абвінаваціць яго ў тым, што ён спрабуе пераменшыць пагрозу тэрарызму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG