Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацька-выхавацель дзіцячага дома сямейнага тыпу гвалціў выхаванцаў


Дзіцячы дом. Ілюстрацыйнае фота
Дзіцячы дом. Ілюстрацыйнае фота

У Сьледчым камітэце Гомельскай вобласьці расьсьледуюць справу аб гвалце над выхаванцамі дзіцячага дома сямейнага тыпу ў Сьветлагорскім раёне. Да абвінавачанага ў гвалце бацькі-выхавацеля далучыўся ягоны 16-гадовы сын.

Дзяўчынкі з прыёмнай сям’і, узростам ад 13 да 7 гадоў, заявілі, што іх цягам некалькіх гадоў гвалціў бацька-выхавацель з гэтай сям’і. Прозьвішча падазронага сьледчыя не называюць. Яму выстаўленае абвінавачаньне, і ён арыштаваны. Гэта паведамілі ў Сьледчым камітэце па Гомельскай вобласьці.

Супрацоўніца камітэту Марыя Крываногава: «У вытворчасьці ўправы Сьледчага камітэту па Гомельскай вобласьці знаходзіцца крымінальная справа, заведзеная адносна памочніка выхавацеля аддзела адукацыі Сьветлагорскага райвыканкаму. Яму выстаўленае абвінавачаньне ў гвалце непаўналетняй, якая пражывала разам зь ім у якасьці прыёмнага дзіцяці. У дачыненьні да абвінавачанага выбрана мера стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту».

Марыя Крываногава паведаміла, што сьледзтва пакуль валодае паказаньнямі адносна адной пацярпелай ад гвалту з боку абвінавачанага, але правяраюцца і зьвесткі пра тое, што пацярпелых было болей. Таксама сьледзтву вядомыя факты дзеяньняў сэксуальнага характару адносна дзяўчатак з боку 16-гадовага сына абвінавачанага. «Яго дзеяньням будзе дадзеная прававая ацэнка», — сказала прадстаўніца Сьледчага камітэту па Гомельскай вобласьці.

Паводле неафіцыйных крыніц, сьледчыя высьвятляюць ролю ў гэтай гісторыі маці-выхавацеля — жонкі асноўнага абвінавачанага. Ня выключана, што жанчына магла ведаць пра гвалт над прыёмнымі дзецьмі, але зь нейкіх прычын пра гэта маўчала.

Усяго ў дзіцячым доме сямейнага тыпу, пра які ідзе гаворка, было 13 прыёмных дзяцей і два ўласных.

Загадчыца аддзелу адукацыі Сьветлагорскага райвыканкаму Людміла Вялічка адмовілася камэнтаваць гэтую гісторыю, спаслаўшыся на тое, што ідзе сьледзтва.

Паводле афіцыйных дадзеных, у Беларусі каля 10 тысяч дзяцей-сірот жывуць у гэтак званых апякунскіх сем’ях, дзе іх даглядаюць, як сваіх, але па дасягненьні 18 гадоў гэтыя дзеці не атрымліваюць правоў нашчадкаў. Яшчэ 7 тысяч дзяцей жывуць у сем’ях у статусе ўсыноўленых і маюць усе правы на спадчыну. Астатнія некалькі дзясяткаў тысяч дзяцей без бацькоў гадуюцца пад прафэсійным наглядам — у дзіцячых дамах і ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу, якіх становіцца ўсё болей. Адзін ці абое бацькі-выхавацелі такіх дзіцячых дамоў сямейнага тыпу могуць быць на стаўцы ў аддзеле адукацыі. Заробак, які атрымліваюць бацькі-выхавацелі, залежыць ад колькасьці дзяцей на выхаваньні, але звычайна не перавышае 1,5–2 мільёны рублёў. Плюс бацькі атрымліваюць дапамогу на кожнага зь дзяцей.

«Большасьць з бацькоў-выхавацеляў — выдатныя самаахвярныя людзі, якія ўсіх сябе аддаюць дзіцячай справе. Што да маральных вырадкаў, то яны заўсёды і ва ўсіх грамадзтвах знаходзяцца, і побач зь дзецьмі ім асабліва салодка, як пчолам каля мёду», — сказала Свабодзе спэцыяліст па ўсынаўленьні, якая прасіла не называць яе імя.

У Беларусі падобныя гісторыі з гвалтам над прыёмнымі дзецьмі звычайна распавядаюць пра далёкае замежжа. Выходзіць, гэтая бяда дакацілася і да Беларусі?

Спэцыяліст па ўсынаўленьні кажа, што краіна і не была выключэньнем, але з ідэалягічных прычын такія гісторыі замоўчваліся:

«Беларусы кажуць, што гэта там, недзе, бо нам гэтак лягчэй. Гэта падтрымлівае ў нас нейкую аўтэнтычнасьць. Але насамрэч дзецям ва ўсім сьвеце цяжка. Бо дзіця — гэта слабы і залежны чалавек. А слабому і залежнаму паўсюль цяжка. Той падлетак, які схапіў стрэльбу і застрэліў настаўніцу зь дзецьмі ў Каліфорніі — відаць, ён быў да гэтага даведзены, можна зрабіць такую выснову. Інакш бы ён гэтага не зрабіў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG