Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі пройдзе фэстываль Усходняга партнэрства


20 траўня ў Беларусі адкрываецца Эўрапейскі міжкультурны фэстываль. Падобнае мерапрыемства пройдзе ў Беларусі ўпершыню. Яго галоўная мэта — стварыць камунікацыйную пляцоўку для культурнага дыялёгу.

Фэстываль раскажа беларусам аб гісторыі і традыцыях краін — удзельніц Эўразьвязу, а таксама дзяржаў, якія ўваходзяць у ініцыятыву ЭЗ «Усходняе партнэрства».

У рамках Эўрапейскага міжкультурнага фэстывалю заплянавана шмат мерапрыемстваў: адкрыты ўрок нямецкай мовы, сустрэчы з маладымі людзьмі-валянтэрамі з розных краін Эўропы, адукацыйныя сэмінары па гісторыі і культуры суседніх краін, лекцыя прадстаўніка Оксфарду — Джэрэмі Хіла і шмат іншага.

Эўрапейскі міжкультурны фэстываль пройдзе ня толькі ў сталіцы — некаторыя мерапрыемствы адбудуцца ў Гомелі і Горадні. У іх ліку — моладзевыя дэбаты, прэзэнтацыя міжнародных моладзевых абменаў і валянтэрскіх праграм і лекцыі аб цяперашнім узаемадзеяньні Эўразьвязу і Беларусі.

Напярэдадні фэстывалю арганізатары аб’явілі творчыя конкурсы фатаграфіі «Эўропа па суседзтве» і дзіцячага малюнку «Маляўнічая Эўропа». Прызы пераможцам будуць уручаны на афіцыйным закрыцьці Эўрапейскага міжкультурнага фэстывалю ў Менску 26 траўня 2013 году.

Арганізатарамі фэстывалю выступілі шэраг беларускіх і міжнародных арганізацый. Сярод іх — асьветная ўстанова «Офіс эўрапейскай экспэртызы і камунікацый», «Офіс за дэмакратычную Беларусь» (Брусэль), Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS), Эўрапейская рада міжнародных дачыненьняў (Лёндан).

«Мы арганізуем гэты фэстываль упершыню і прыкладзем максымум намаганьняў для таго, каб ён стаў штогадовым і праходзіў у розных гарадах Беларусі, — адзначыла Сьвятлана Зінкевіч, дырэктар „Офісу эўрапейскай экспэртызы і камунікацый“. — Эўрапейскі міжкультурны фэстываль — выдатны шанец больш даведацца аб разнастайнасьці культур, гісторыі і традыцыях краін Эўрапейскага Зьвязу і Ўсходняга партнэрства. Гэта таксама пляцоўка для зносін, абмену экспэртызай і інфармацыяй пра адукацыйныя магчымасьці, для абмеркаваньня сумесных праектаў».

У сваю чаргу дырэктар «Офісу за дэмакратычную Беларусь» Вольга Стужынская адзначыла: «Мы вельмі радыя, што наша прапанова арганізаваць фэстываль выклікала вялікую цікавасьць сярод вельмі розных арганізацый, у тым ліку з рэгіёнаў краіны. Усе яны тым ці іншым чынам займаюцца дзейнасьцю, зьвязанай з інфармацыяй і ўмацаваньнем сувязей паміж беларускім грамадзтвам і краінамі ЭЗ і Ўсходняга партнэрства (Армэніяй, Азэрбайджанам, Грузіяй, Малдовай і Ўкраінай). Мы вельмі цэнім гэтае ўзаемадзеяньне і спадзяемся, што ў наступныя гады нашы рады будуць толькі расьці. Для нас Беларусь — неад’емная частка агульнай Эўропы, і мы хочам, каб беларусы мелі як мага больш магчымасьцяў даведацца аб іншых эўрапейскіх краінах».

Пра гэта інфармуе БелаПАН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG