Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БРСМ: «Кожны беларус павінен любіць Ланскую»


Алена Ланская
Алена Ланская

18 траўня ў швэдзкім Мальмё адбудзецца фінал конкурсу «Эўрабачаньне».

Надзвычайная ўвага вышэйшага кіраўніцтва краіны да эўрапейскага музычнага конкурсу не пакідае сумневаў: удзел беларусаў у «Эўрабачаньні» — справа палітычная. Гэта пацьвярджае і зусім сьвежы скандал, які разгарэўся ў беларускімі сеціве.

З акаўнта на акаўнт пераходзіць дакумэнт, нібыта распаўсюджаны па раённых арганізацыях БРСМ з патрабаваньнем «пакідаць пазытыўныя водгукі пад відэавыступам Алены Ланской на youtube», «пакідаць пазытыўныя камэнтары» і «дыслайкаць нэгатыўныя».

Альбіна Сычэўская, другі сакратар БРСМ, на двойчы зададзенае канкрэтнае пытаньне, ці сапраўдны гэты дакумэнт, не адказала ані «так», ані «не»:

«Мы ні ад кога нічога не хаваем. Усё, што робіць наша арганізацыя, усе дакумэнты ёсьць на нашым сайце.

Наша пазыцыя — сёньня трэба падтрымліваць тых, хто прадстаўляе нашу дзяржаву і нашу Рэспубліку Беларусь. Любы грамадзянін павінен любіць тую дзяржаву, у якой ён жыве, і ставіцца да яе з пачуцьцём патрыятызму. Тады нас будуць мацней паважаць тыя дзяржавы, якія спрабуюць знайсьці нейкія нэгатыўныя моманты ў нашай дзейнасьці. І на гэта скіраваная дзейнасьць усёй нашай арганізацыі».

Першы сакратар БРСМ Ігар Бузоўскі даў падобны ж камэнтар рэсурсу onliner:

«Канечне, мы падтрымліваем Алену Ланскую... Гэта абсалютна натуральна... Яна цудоўная сьпявачка, яна прадстаўляе нашу краіну»

Аднак пад відэа сапраўды зьяўляліся камэнтары пад нікамі «БРСМ». А паводле дакумэнту ад кожнай раённай арганізацыі БРСМ трэба было вылучыць ня менш як 5 чалавек і адсправаздачыцца, зрабіўшы прынт-скрын камэнтара.

Такая надзвычайная актыўнасьць выклікала агрэсію інтэрнэт-карыстальнікаў і прывяла да зусім адваротнага эфэкту. Камэнтары, якія былі распазнаныя як «ліпавыя», атрымалі занадта шмат нэгатыўных адзнак і проста зьніклі.

Дарэчы, на сёньня відэа паглядзела каля 23 тысяч чалавек.

Марцін Угла
Марцін Угла
«Для аўтарытарных рэжымаў такія конкурсы — спосаб паказаць сябе як пасьпяховых лідэраў і атрымаць легітымнасьць», — кажа швэдзкі праваабаронца Марцін Угла. У палітычным полі ім гэта зрабіць складана, — тлумачыць ён. А тут такая магчымасьць: «Яны запрашаюць міжнародных гасьцей, паказваюць прыгожы малюнак, атрымліваюць ухвальныя водгукі. Гэта выкарыстоўваецца ў іхных палітычных інтарэсах».

Алёна Ланская ў інтэрвію швэдзкаму СМІ заявіла, што Беларусь абсалютна гатовая прыняць конкурс «Эўрабачаньне» ў наступным годзе:

«З поўнай упэўненасьцю магу сказаць, што мая краіна як ніякая іншая гатовая да правядзеньня конкурсаў „Эўрабачаньне“. У нас ёсьць „Менск-Арэна“, у якую зьмяшчаецца 15 тысяч гледачоў... У нас ёсьць усе ўмовы, каб сустрэць вялікую колькасьць турыстаў... У нас пазытыўная атмасфэра, у нас добрыя дарогі, добрая прырода...»

З 8.20




Ці будзе КДБ спраўджваць, хто прагаласаваў за Ланскую?


Адказаць на пытаньне, ці ўсе сябры БРСМ мусяць падтрымаць Алёну Ланскую незалежна ад сваіх музычных прыхільнасьцяў, БРСМ-аўская кіраўніца Альбіна Сычэўская адмовілася, спаслаўшыся на тое, што ў яе «шмат працы».

Аўтарытарныя рэжымы ня першы раз кантралююць галасаваньне сваіх грамадзянаў на «Эўрабачаньні». У 2009 годзе ў Азэрбайджане мясцовыя спэцслужбы выклікалі на допыты тых, хто аддаў свой голас за Армэнію http://www.rferl.mobi/a/1800013.html . Зьвесткі пра гэтых людзей былі атрыманыя праз адсочваньне смс-паведамленьняў кампаніі Azercell. Адзін зь яе ўладальнікаў — цяпер ужо скандальна вядомая швэдзкая тэлекамунікацыйная карпарацыя TeliaSonera. Яна ж — фундатар сёлетнага конкурсу «Эўрабачаньне» ў Мальмё.

Насуперак паведамленьням у беларускай прэсе, фундатарства TeliaSonera зусім ня стала ў Швэцыі падставаю для скандалу. Дэпутат швэдзкага парлямэнту Крысьціян Хольм кажа, што ня бачыць у гэтым ніякай праблемы. «Яны дзейнічаюць як звычайная кампанія. Тут няма нічога надзвычайнага і няма ніякага вялікага скандалу».

Расьсьледаваньне ў дачыненьні да TeliaSonera вядзецца ў сувязі з падазрэньнем, што мэнэджэры кампаніі плацілі шматмільённыя хабары дачцэ прэзыдэнта Ўзбэкістану Гюльнары Карымавай за права ўвайсьці на мабільны рынак рэгіёну.

«TeliaSonera згубіла сваю рэпутацыю ў Швэцыі», — кажа Марцін Угла. І адбылося гэта з-за Беларусі. Год таму швэдзкія журналісты зрабілі вялікае дасьледаваньне пра дзейнасьць TeliaSonera ў краінах постсавецкага «пояса дыктатураў»: у Беларусі, Азэрбайджане, Казахстане, Узбэкістане, Грузіі, Таджыкістане. У кожнай з гэтых краінаў TeliaSonera валодае акцыямі буйных мабільных кампаніяў. І ў кожнай зь іх дадзеныя мабільных апэратараў TeliaSonera выкарыстоўваліся для рэпрэсіяў супраць грамадзкіх актывістаў і палітыкаў.

Так, у 2010 годзе беларускі апэратар life:) нібыта выдаваў КДБ зьвесткі пра перамовы дэмакратычных актывістаў, якія пасьля выкарыстоўваліся для іх перасьледу. 80% акцыяў кампаніі належыць турэцкаму Turkcell, які, у сваю чаргу, на 38% належыць TeliaSonera.

Падобныя выпадкі журналісты знайшлі ва ўсіх краінах «пояса дыктатураў», дзе TeliaSonera мае бізнэс. Аднак некаторыя экспэрты лічаць, што пытаньне прысутнасьці TeliaSonera ляжыць выключна ў маральнай, а не юрыдычнай плоскасьці.

«Ня можа быць фактаў перадачы зьвестак, бо ў Беларусі дзейнічае іншая
Спэцслужбы маюць доступ да ўсіх базаў апэратараў. І апэратара ніхто ня будзе ані пытацца, ані запытваць у яго дазволу на атрыманьне такіх зьвестак
схема, — кажа экспэрт у галіне інфармацыйнай бясьпекі Аляксей Чарняеў. — Спэцслужбы маюць доступ да ўсіх базаў апэратараў. І апэратара ніхто ня будзе ані пытацца, ані запытваць у яго дазволу на атрыманьне такіх зьвестак. І няма такіх, хто будзе выключаны з гэтай схемы, бо гэтыя ўмовы прапісаныя ў адпаведных ліцэнзіях. Хто ня згодны, той проста ня будзе працаваць».

«З TeliaSonera тая праблема, што вялікая частка акцыяў належыць швэдзкай дзяржаве, — тлумачыць дэпутат Крысціян Хольм. — Але пазыцыя швэдзкай дзяржавы ў дачыненьні да дэмакратычных каштоўнасьцяў застаецца прынцыповай.

Гэта вельмі важна, каб кампаніі, якія працуюць у краінах кшталту Беларусі, разумелі, што гэта за лад кіраваньня, і былі пэўныя, што іхная дзейнасьць не выкарыстоўваецца дзеля рэпрэсіяў супраць грамадзянаў. Але ў той жа час я ўпэўнены, што беларусам вельмі важна мець магчымасьць актыўнай камунікацыі, свабоднага інтэрнэту».

«Я ведаю, што тэлефоны маіх сяброў у Беларусі праслухоўваюцца. І калі я ў Беларусі, то я таксама праслухоўваюся. Але ня мець тэхналёгіяў — яшчэ горш, — кажа Крысьціян. — Мая пазыцыя — мы ня можам цалкам сыходзіць зь Беларусі».

«Як жыхар Беларусі я ня бачу вялікага сэнсу ў барацьбе з TeliaSonera ў гэтай сытуацыі. Калі TeliaSonera будзе супраць такой ліцэнзіі, то яе проста ня будзе для рынку. А для мяне як для грамадзяніна Беларусі нічога ня зьменіцца — хтосьці іншы будзе мяне праслухоўваць», — падсумоўвае Аляксей Чарняеў.

Між тым букмэкеры ня вераць у перамогу Алёны Ланской на Эўрабачаньні, і гэта ўжо наўрад ці зьменяць галасы сябраў БРСМ.

А вось ці захоча БРСМ пракантраляваць, за каго менавіта прагаласавалі ягоныя сябры на Эўрабачаньні, яшчэ невядома. Але ўсе магчымасьці для гэтага ў яго распараджэньні ёсьць. У тым ліку і з дапамогай спонсара Эўрабачаньня 2013 — швэдзкай кампаніі TeliaSonera.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG