Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: Міліцыя зьдзекавалася з рабочага


Паўтара сутак утрымліваўся без рашэньня суду ў ізалятары часовага ўтрыманьня жыхар Магілёва Дзьмітры Халадцоў. Затрымалі яго 13 траўня. 15 траўня Ленінскі суд Магілёва прызнаў яго невінаватым і спыніў адміністрацыйную справу.

Дзьмітрыю 29 гадоў, ён працуе мантажнікам электраабсталяваньня. 13 траўня ўвечары ён з кампаніяй сяброў пераходзіў праезную частку на дазваляльны сыгнал сьвятлафора. Аднак двое міліцыянтаў, адзін у званьні прапаршчыка, а другі — сяржанта, зьвінавацілі маладых людзей у парушэньні правілаў дарожнай руху, бо, як апавядае Дзьмітры, міліцыянты на сваім баку вуліцы бачылі, што сьвятлафор паказваў забарону на пераход дарогі. Пазьней высьветлілася, сьцьвярджае хлопец, што сьвятлафор быў няспраўны.

«Цягам некалькіх хвілін пасьля таго, як міліцыянты нас зьвінавацілі ў парушэньні правілаў, у нас зь імі была палеміка. Потым прапаршчык паказаў на мяне, сказаў, што я дужа нахабны і разумны, ды завялі мяне ў пастарунак. Там мяне абшукалі. За панятых былі міліцыянты, якія пры агляданьні рэчаў прысутнічалі некалькі хвілінаў. Мяне сфатаграфавалі, зрабілі дактыляскапію рук. Мяне абурыла, што калі міліцыянт апісваў мае рэчы, ён зьняважліва выказваўся наконт іх. Я патрабаваў, каб мне патлумачылі прычыну затрыманьня, але ніхто не хацеў гэтага рабіць. Пазьней сказалі, што я абвінавачваюся ў тым, што я брыдкасловіў і размахваў рукамі. Потым мяне даставілі ў ізалятар на вуліцы Крупскай».

Міліцыя павінна, гэтак мовіць, баяцца народа, а не народ яе. Я працоўны чалавек, і міліцыя існуе на грошы падаткааплатнікаў
У ізалятары часовага ўтрыманьня Дзьмітры Халадцоў правёў дзьве ночы і дзень 14 траўня, бо ў выходны суды не працуюць. 15 траўня на судзе ён заявіў, што ня лічыць сябе вінаватым у інкрымінаваным хуліганстве.

«Я даў свае тлумачэньні. Міліцыянтаў, якія мяне затрымлівалі, на судзе не было. Заслухаўшы мае тлумачэньні, судзьдзя сказала, што прэтэнзіяў да мяне ня мае, і вызваліла. 16 траўня, калі я прыйшоў па пастанову суду, мне паведамілі, што адміністрацыйная справа супраць мяне спыненая праз недаказанасьць віны. Паставу аддадуць на рукі праз тры дні».

Пасьля суду Дзьмітры Халадцоў кажа, што напісаў скаргу на дзеяньні міліцыянтаў, якія яго затрымлівалі. Матывы зьняволеньня для хлопца застаюцца не зразумелыя.

«Мо гэта было зьвязана з тым, што я патрабаваў у міліцыі, каб са мной гутарыў афіцэр, а ня прапаршчык, які паводзіў сябе з выклікам. Калі мяне затрымлівалі, то мне не патлумачылі маіх правоў, калі я патрабаваў патэлефанаваць родным, мне адмаўлялі. Мяне зьневажалі ў пастарунку. Пазьней паводзіны міліцыянтаў палагаднелі, калі з пастарунку перавезьлі ў Ленінскі аддзел міліцыі. Я буду чакаць, што мне адкажуць зь міліцыі на маю скаргу. Буду кантраляваць справу. Лічу, што міліцыя павінна, гэтак мовіць, баяцца народа, а не народ яе. Я працоўны чалавек, і міліцыя існуе на грошы падаткааплатнікаў. Яна павінна бараніць мае правы і інтарэсы, а не зьневажаць мяне».

Праваахоўныя органы Магілёва адмаўляюцца камэнтаваць прэтэнзіі Халадцова.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG