Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінадукацыі адрэагавала на зварот студэнтаў


Міністар адукацыі Сяргей Маскевіч.
Міністар адукацыі Сяргей Маскевіч.

Працягваецца кампанія «за стабільную аплату навучаньня» ў беларускіх ВНУ, студэнты прапануюць прывязаць аплату за вучобу да інфляцыі і зьмяняць яе ўзровень толькі раз на год.

У сваім адказе на зварот студэнтаў з просьбай прывязаць павышэньне кошту навучаньня да інфляцыі, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь было даволі катэгарычным:

"Прапанаваная прывязка зьмяненьня кошту навучаньня да ўзроўню інфляцыі не можа быць рэалізаваная, паколькі зьмяненьне выдаткаў на навучаньне знаходзіцца ў залежнасьці не толькі ад зьмены коштаў і тарыфаў на тавары і паслугі, а напрамую зьвязана са зьмяненьнем ўмоў аплаты працы выкладчыкаў і работнікаў устаноў адукацыі, у тым ліку зьмены тарыфнай стаўкі першага разраду",— такім чынам Мінадукацыі адмовілася зьмяніць нарматыўныя акты, зьвязаныя з аплатай навучаньня ў ВНУ.

"Мы разумеем, чаму Міністэрства адукацыі так адрэагавала на наш зварот. Пакуль эканоміка Беларусі не гатовая перайсьці да прывязкі павышэньня кошту навучаньня да інфляцыі, а тым больш да фіксаванай кошту на ўвесь пэрыяд навучаньня, як гэта ёсьць у многіх краінах. Але як нам здаецца, ужо цяпер кампанія дабілася пэўных посьпехаў. У студзені 2013 года міністар адукацыі заявіў аб плянаваным павышэньні кошту навучаньня з другога сэмэстра 2013 года. Правесьці пераразьлік плянавалася ў красавіку 2013 года, аднак гэтага не адбылося, магчыма, дзякуючы актыўным грамадзянам, якія падпісалі зварот«,— гэтак адрэагавалі на адказ з Міністэрства адукацыі арганізатары кампаніі «За стабільную аплату навучаньня!».

Як заявіў раней міністар адукацыі Беларусі Сяргей Маскевіч,"у гэтым годзе мы гэта вытрымалі, на працягу года кошт навучаньня не мяняўся".

«Мы вітаем такую пазыцыю спадара Маскевіча. Фактычна, Міністэрства адукацыі даказала, што зьмяняць кошт навучаньня можна толькі раз на год. Таму мы гатовыя адмовіцца ад патрабаваньня прывязкі павышэньня кошту навучаньня да інфляцыі, у выпадку заканадаўчага замацаваньня зьмяненьня кошту навучаньня толькі адзін раз на год», — сьцьвярджаюць арганізатары кампаніі «За стабільную аплату навучаньня!».

Цяпер на сайце кампаніі разьмешчаная новая форма звароту да міністра адукацыі Беларусі, у якой прапануецца нарматыўна замацаваць магчымасьць зьмены кошту навучаньня толькі адзін раз у год.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG