Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашук: Усьмешку я абяцаю


У Менску прэзэнтавалі «Зкімбы-зымбы»
пачакайце

No media source currently available

0:00 1:06:39 0:00
Наўпроставы лінк

У Менску прэзэнтавалі «Зкімбы-зымбы»

Дырэктар беларускай Свабоды, ляўрэат прэміяў беларускага ПЭН-цэнтру і «Глінянага Вялеса» Аляксандар Лукашук расказаў пра сваю новую і пра будучую кнігі.

Сяргей Абламейка: Цяпер у эфіры Свабоды гучаць успаміны пра многіх вашых сяброў, знаёмых, якіх ужо няма. Вы не стары чалавек. Чаму менавіта цяпер вырашылі напісаць успаміны?

Аляксандар Лукашук: Раней я іх друкаваў пад загалоўкам «Заўчасныя ўспаміны». Ёсьць такі момант. Заўчасна, ня ў час. Але насамрэч гэта ілюзія. Справа ў тым, што сказаць, як чалавек пражыў жыцьцё, насамрэч можна, як са старажытнасьці лічыцца, толькі пасьля сьмерці, таму што менавіта тое, як яно закончылася, і ставіць апошнюю кропку. Каля 20 герояў маёй кнігі сапраўды ўжо завяршылі свой зямны шлях, ён цалкам уяўляе свой сусьвет, і як гэты сусьвет узаемадзейнічае зь іншымі сусьветамі, у тым ліку са мной, з маім часам, з маім жыцьцём, для мяне было вельмі цікава. Як на вялікім більярдным стале шары ўдараюцца адзін аб адзін і зьмяняюць свой накірунак, дык вось разабрацца – што паўплывала, што так здарылася, што ад каго засталося і ўзяло – гэта для мяне была цікавая дэтэктыўная задача.

Абламейка: Думкі пра дзеячоў культуры, якія гучаць у эфіры, гэта не адзінае, што ёсьць у кнізе. Чаго яшчэ чакаць чытачам?

Лукашук: Палову кнігі складае разьдзел, які называецца «З Быкавым». Васіль Быкаў, і нашыя слухачы гэта ведаюць, быў вялікім сябрам беларускай Свабоды. Ён быў і слухачом, і аўтарам і ўдзельнікам перадачаў. Ён прачытаў апошнюю сваю кнігу «Доўгая дарога дадому» менавіта для слухачоў Свабоды. Дарэчы, традыцыйна мы праводзім чэрвень з Быкавым, і чэрвень сёлета таксама будзе прысьвечаны ўшанаваньню памяці Васіля Ўладзімеравіча. Аказалася, што за ўсе гэтыя 15 гадоў нашага знаёмства набралася столькі гутарак, інтэрвію, перапіскі, успамінаў і нават малюнкаў, што яны склалі палову кнігі. Так што там ёсьць мой погляд на Быкава. Гэта адна рэч, а другая – гэта назіраньне за іроніяй, за гумарам і сарказмам жыцьця, якія часта здараюцца, калі глядзіш вакол, слухаеш, нешта чуеш і бачыш. Тым, хто хоча прачытаць ня толькі гісторыю культуры, але і ўсьміхнуцца з гэтай нагоды, усьмешку я абяцаю.

Абламейка: Вы казалі, што нешта з таго, што ёсьць у кнізе, ужо друкавалася. Гэта спроба дачасных успамінаў. Які самы цікавы водгук вам запомніўся на тое, што было ўжо апублікавана?

Лукашук: Вельмі прыемныя былі водгукі. Некаторыя я да канца не зразумеў, бо яны гучалі як верш. А самы запамінальны водгук быў ад маёй маці. Калі яна прачытала тое, што ў «Дзеяслове» публікацыя пачыналася так: «Мяне зрабілі мае бацькі , а іх іхнія». Яна так абурылася, што сказала: «Як ты мог такое напісаць. Ты наглядзеўся, відаць, расейскага тэлебачаньня. Бо такое можна напісаць толькі наглядзеўшыся расейскага тэлебачаньня. Ты што, ня мог напісаць па-людзку: я нарадзіўся, ці мая мама нарадзіла мяне». Усё гэта я таксама напісаў у кнізе.

Абламейка: Цікава Марыя Пракопаўна зрэагавала. Што яшчэ чакаць ад пісьменьніка Лукашука чытачам?

Лукашук: Я спадзяюся, што сёлета пабачыць сьвет кніга маіх гістарычных досьледаў. Шмат гадоў, у 80-я, 90-я гады напачатку 2000-х я займаўся дакумэнтальным дасьледаваньнем гісторыі, пошукам таго, што я называю гістарычнымі рыфмамі, ня проста гістарычных фактаў, як у падручніку ці ў энцыкляпэдыі, а як яны жылі, як яны ўспрымаліся, як яны дзейнічалі, такой паэзіі гісторыі. І вось збор вось тых росшукаў паэтычнай гісторыі, хаця яе матэрыялы зусім не паэтычныя (гэта і сталінскія рэпрэсіі, і лёс Філістовіча, закінутага з парашутам з дапамогай ЦРУ ў Беларусь, і лёс амэрыканскай дапамогі у Беларусі у 20-я гады, і канечне, прыгоды ў Беларусі Лі Гарві Освальда) усе гэтыя пошукі гістарычнай паэзіі зьявяцца ў адным томе з новымі дапрацаванымі і знойдзенымі яшчэ ў дадатак рыфмамі і рытмамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG