Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саньнікаў сустрэўся са Шварцэнбэргам


Андрэй Саньнікаў
Андрэй Саньнікаў

Андрэй Саньнікаў паінфармаваў кіраўніка чэскага МЗС пра ўзмацненьне ціску на беларускіх палітвязьняў.

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Андрэй Саньнікаў распавёў міністру замежных спраў Чэхіі Карлу Шварцэнбэргу пра ўзмацненьне ціску на беларускіх палітвязьняў. Сустрэча Саньнікава, былога палітвязьня, памілаванага Аляксандрам Лукашэнкам год таму, зь кіраўніком чэскага МЗС адбылася ў Празе 10 траўня.

«Мне вельмі важна было сустрэцца са Шварцэнбэргам, бліжэйшым сябрам і паплечнікам Вацлава Гаўла, які з усіх эўрапейскіх міністраў, мабыць, лепш за ўсіх разумее той пэрыяд, які сёньня перажывае Беларусь», — заявіў Саньнікаў у інтэрвію сайту charter97.org

Па словах апазыцыйнага палітыка, падчас сустрэчы ён падкрэсьліваў, што Эўропе сёньня «вельмі неабходна ўспомніць пра каштоўнасьці, пра тую маральнасьць і салідарнасьць, якія існавалі ў 80-я гады мінулага стагодзьдзя і якія дазволілі вызваліць Усходнюю Эўропу ад таталітарызму»:

«Мы шмат гаварылі пра палітвязьняў. Склалася абсалютна непрымальная сытуацыя, калі Эўрапейскі зьвяз пайшоў на прамыя кантакты з прадстаўнікамі дыктатарскага рэжыму пры тым, што становішча палітвязьняў пагаршаецца з кожным днём. Эўрапейскія эмісары, якія прыяжджалі ў Беларусь у апошні час, заяўлялі аб хуткім вызваленьні вязьняў сумленьня, але да гэтага часу ніхто не вызвалены, а з турмаў і калёній працягвае паступаць трывожная інфармацыя пра ўзмацненьне ціску на людзей», — распавёў Саньнікаў.

Ён таксама паінфармаваў Шварцэнбэрга, што ў Беларусі працягваюцца затрыманьні і арышты грамадзкіх актывістаў і журналістаў незалежных СМІ.

На сустрэчы абмяркоўваліся таксама магчымыя варыянты эўрапейскай палітыкі напярэдадні саміту Ўсходняга партнэрства.

«Міністар Шварцэнбэрг запэўніў мяне, што для Эўрапейскага зьвязу па-ранейшаму прынцыповым застаецца пытаньне аб вызваленьні палітвязьняў», — сказаў Андрэй Саньнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG