Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пахаваньне Беразоўскага пацьвердзіла вэрсію самагубства


Пахаваньне апальнага расейскага алігарха і палітыка Барыса Беразоўскага, якое прайшло напярэдадні на могілках Бруквуд за 30 міляў ад Лёндану, пралівае сьвятло на абставіны яго скону.

Хоць дагэтуль афіцыйна не абвешчана, ці мела месца самагубства, не зусім звычайны абрад разьвітаньня з алігархам прымушае западозрыць, што Беразоўскі пакончыў з сабой, адзначае «Маскоўскі камсамолец».

Блізкія нябожчыка зьвярталіся ў Вялікабрытанскую і Ірляндзкую япархію Расейскай замежнай царквы з просьбай арганізаваць пахаваньне паводле праваслаўнага абраду, але атрымалі адмову, распавядае газэта. Згодна з праваслаўнай традыцыяй, хаваць самагубцаў на могілках каля цэркваў нельга. Таксама іх нельга адпяваць у храмах, памінаць ў царкоўнай малітве за Літургіяй і на паніхідах.

У выніку з алігархам разьвіталіся паводле канону раскольніцкай грэцкай царквы, адзначае «МК». Зь Беразоўскім разьвіталіся ў царкве Праваслаўнага Брацтва Сьвятога Эдуарда Пакутніка, пабудаванай у Бруквудзе ў 1982 годзе. Яе сьвятары не захацелі аб’ядноўвацца з РПЦ, і ў 2007 годзе перайшлі пад эгіду раскольніцкай грэцкай царквы, дзе правілы адпяваньня значна менш строгія.

У апошні шлях Барыса Беразоўскага праводзілі сьціпла, не дапусьціўшы на цырымонію журналістаў. Хавалі нябожчыка ў закрытай труне. На пахаваньні прысутнічалі каля 60 чалавек. «Сярод іх — шасьцёра дзяцей, шасьцёра ўнукаў, тры жонкі і блізкія сябры», — распавёў РІА «Навіны» чалавек, які прысутнічаў на пахаваньні.

Цела Барыса Беразоўскага было знойдзена 23 сакавіка ў ванным пакоі яго асабняка ў графстве Сурэй. Паводле першапачатковых зьвестак, прычынай сьмерці магло стаць павешаньне. У цяперашні час расьсьледаваньне працягваецца.





Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG