Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Кубараў: «Дакумэнт Мінздраву мяне шакаваў»


У дачыненьні да інжынэра «Экамэдсэрвісу» заведзеная крымінальная справа па прыкметах злачынства «службовая халатнасьць». Сьледчыя правяраюць, пры якіх акалічнасьцях трапіла ў кому Вольга Сукора, якой рабілі плястычную апэрацыю ў дзяржаўнай клініцы.

Сёньня адносна інжынэра мэдцэнтру распачатая крымінальная справа па прыкметах злачынства «службовая халатнасьць», і ён па-ранейшаму застаецца ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Хоць інжынэр «Экамэдсэрвісу» сам ня мог абслугоўваць апарат штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а павінен быў заключаць дамову зь фірмай-пастаўшчыком.

Раней па гэтым жа артыкуле — «службовая халатнасьць» — была распачатая крымінальная справа супраць дырэктаркі «Экамэдсэрвісу» Галіны Валжанкінай, тлумачыць прадстаўнік Сьледчага камітэту па Менску Аляксандар Герасімаў.

«У дачыненьні да яе ўжо прымянілі меру стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту. Яна па-ранейшаму застаецца падазраванай. Яшчэ пад вартай знаходзяцца лекар-анэстэзіёляг і мэдсястра, якая яму асыставала. То бок тры чалавекі пад вартай, адзін затрыманы і двое адпушчаныя пад абавязаньне аб яўцы. Яны ўсе падазраваныя, усе 6 чалавек. Але афіцыйна абвінавачаньне нікому ня выстаўлена».

Гэта ўсё адно, што зьбіць чалавека, а потым накіраваць яго на пераздачу, каб правы атрымаць, замест таго каб судзіць
Міністэрства аховы здароўя правярае ўсе камэрцыйныя мэдычныя цэнтры і аддзяленьні рэанімацыі і анэстэзіялёгіі па ўсёй краіне. А ўпраўленьне Сьледчага камітэту па Менскай вобласьці распачало праверку акалічнасьцяў, што прывялі да комы яшчэ адну дзяўчыну, якой таксама рабілі плястычную апэрацыю па мэдычных паказаньнях. Нагадаем, Вольга Сукора знаходзіцца ў коме ўжо 7 месяцаў. Паводле афіцыйнай інфармацыі, «згодна з артыкулам 174 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу праводзіцца праверка па заяве аб неналежным выкананьні мэдычнымі работнікамі Менскага абласнога дзіцячага шпіталя прафэсійных абавязкаў Вользе Сукоры».

Тым часам бацька загінулай Юліі Кубаравай Юры чакае вынікаў расьсьледаваньня:

«Я зьвязваўся з адвакатам — у нас ніякай новай інфармацыі. А па ўскрыцьці, прынамсі, нам сказалі ў Сьледчым камітэце, што канчатковыя вынікі будуць у 20-х чыслах траўня. Сяджу, чытаю гэты жахлівы дакумэнт Міністэрства аховы здароўя ад 30 красавіка, там, дзе пра спагнаньне анэстэзіёлягу Шураву і накіраваньне на пераатэстацыю. Вядома, мяне гэты дакумэнт шакаваў. Гэта ўсё адно, што зьбіць чалавека, а потым накіраваць яго на пераздачу, каб правы атрымаць, замест таго каб судзіць».

У нядзелю, 12 траўня, сканчаецца 10-дзённы тэрмін затрыманьня кіраўніцы «Экамэдсэрвісу» Галіны Валжанкінай, лекара-анэстэзіёляга Шурава і мэдсястры, якая яму асыставала. Сьледзтва павінна альбо выставіць абвінавачаньне, альбо вызваліць іх.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG